“Ну вось, Ушачы прыехалі… Цяпер на першае месца можна не разлічваць!” – такія паўжартоўныя рэплікі ад сяброў-канкурэнтаў нярэдка чуюць нашы юныя баяністы, калі прыбываюць на конкурсы. І сапраўды, за апошнія гады яны сабралі вельмі багаты ўраджай прызоў у розных творчых праектах Беларусі і Расіі, а ў музычным асяроддзі ўсё часцей стаў гучаць выраз “Ушацкая баянная школа”.
А пачалася гэта гісторыя пяць год таму, калі нарадзіўся сямейны саюз Алесі і Трафіма Анціпавых, які ператварыўся і ў творчы тандэм. У арсенале абаіх быў багаты выкладчыцкі вопыт, а галоўнае – шчырая захопленасць любімым інструментам і жаданне паказаць усяму свету яго неверагодныя магчымасці. Алеся Фёдараўна “пуцёўку ў музычнае жыццё” атрымала калісьці ў нашай школе мастацтваў – натхніў яе на такі выбар бязмежна апантаны сваёй справай педагог Сяргей Васільевіч Парашкін, сюды ж яна вярнулася дыпламаваным выкладчыкам і ніколі не здраджвала роднай установе. Ну а Трафім Аляксандравіч – адзін з карыфеяў сусветнай баяннай музыкі, пераможца прэстыжных конкурсаў, за плячыма якога гастрольныя туры па розных кантынентах. Такі аб’яднаны патэнцыял проста не мог не прынесці яркія творчыя вынікі!
Зараз амаль два дзясяткі хлопчыкаў (дзяўчат у гэтай камандзе чамусьці пакуль няма) штодня спяшаюцца на ўрокі да любімых педагогаў. Выхаванцы, канечне, у кожнага свае, аднак працэс навучання ў вялікай ступені атрымліваецца сумесным. Так, уладальнік некалькіх Гран-пры Ілья Барысёнак – з класа Алесі Фёдараўны, а не менш таленавіты Слава Бакан – вучань Трафіма Аляксандравіча, пры гэтым хлопчыкі аб’ядналіся ў дуэт, які ўжо пакарыў шмат конкурсных вяршынь. А гэтым летам на “Вішнёвым фэсце” ўдала дэбютавала новае трыа, у якім да іх далучыўся Цімафей Ляўшоў. Увогуле іграць у ансамблях вучням падабаецца, хоць гэта і больш складана, чым выступаць сольна – магчыма, і таму, што бачаць яскравы прыклад “каманднай работы” сваіх выкладчыкаў.
Педагогі Анціпавы стараюцца пашыраць не толькі музычны кругазор вучняў, а і развіваць іх у іншых напрамках культуры: у праграмах конкурсных падарожжаў – абавязковае наведванне музеяў, архітэктурных помнікаў.
Сёлетняя паездка ў Ліду запомніцца Ільі і Славе не толькі дыпломамі лаўрэатаў І ступені, а і аглядам мясцовага замка.
Што яшчэ падкупляе ў дуэце настаўнікаў, дык гэта няспынная прага да самаўдасканальвання. Яны – пастаянныя ўдзельнікі семінараў і канферэнцый, на якія збіраюцца лепшыя баяністы свету (апошнім часам пабывалі на падобных мерапрыемствах у Маскве, Мінску, Санкт-Пецярбургу). Усё гэта дазваляе ўзнімаць свой узровень, музычны і выкладчыцкі аўтарытэт. Гэта не застаецца незаўважаным: Алеся Фёдараўна, напрыклад, увашла сёлета ў журы конкурсу “Іграй, гармонь”, што праходзіў у Докшыцах, а гэтым летам Анціпавых запрасілі даць майстар-класы для калег з Брэстчыны. “Адной з галоўных баянных школ Беларусі лічыцца Тэлеханская ДШМ, вучні якой неаднойчы выйгравалі еўрапейскія і сусветныя конкурсы, і нам было неверагодна прыемна дзяліцца сваім вопытам і метадычнымі напрацоўкамі з педагогамі гэтай легендарнай установы”, – расказвае Т.Анціпаў.
А яшчэ Трафім і Алеся гатовы ехаць у далёкія гарады, каб трапіць на канцэрт зорных інструменталістаў. Расказваюць, напрыклад, як уразіла нядаўняе выступленне віртуоза-балалаечніка Аляксея Архіпоўскага. І хочацца верыць, што ў свой час хтосьці з нашых юных баяністаў таксама будзе збіраць захопленую публіку ў лепшых канцэртных залах свету.
Наталля БАГДАНОВІЧ.

