За текущий год на Ушаччине возбуждено 7 уголовных дел по фактах мошенничества

Происшествия

Калі разгледзець статыстыку па тэме кіберзлачыннасці, можна засведчыць, што ў нашым рэгіёне гэтая праблема не губляе вастрыні. Так, у 2025-м па фактах махлярскіх дзеянняў Ушацкім раённым аддзелам следчага камітэта было ўзбуджана 6 крымінальных спраў, а за 9 месяцаў бягучага года – ужо 7.

У апошні час злодзеі ў імкненні завалодаць чужымі грашовымі сродкамі часта выкарыстоўваюць тэлефонныя званкі з паведамленнямі пра “дэклараванне”, “афармленне электроннай медкарты”, “замену лічыльнікаў, дамафонаў”. Схема выглядае так: грамадзяне дзеляцца інфармацыяй (напрыклад, называюць код з СМС-паведамлення), пасля чаго ім тэлефануе “праваахоўнік”. Менавіта ён і прапануе тэрмінова “задэклараваць” грошы.

У краіне зараз сапраўды праводзіцца лічбавізацыя ў сферы аховы здароўя, ствараюцца электронныя карты, аднак калі нехта сцвярджае, што трэба тэрмінова зарэгістравацца, бо інакш вам будзе адмоўлена ў медабслугоўванні, – гэта падман! Увогуле супрацоўнікі медустаноў тэлефанаваць па гэтым пытанні не будуць, а тым больш пагражаць.

Па-ранейшаму актуальнай застаецца “замена дамафонаў, лічыльнікаў”. Зламыснікі, як правіла, прапануюць перадаць пэўны код, які паступае пацярпелым пад выглядам запісу ў чаргу для перадачы работніку, каб ён трапіў у пад’езд – маўляў, той, што існуе зараз, перастане спрацоўваць.

З нядаўняга часу з’явілася яшчэ адна схема махлярства, вядомая як “фэйк бос”. Махляры звязваюцца з супрацоўнікам праз мэсанджары, прадстаўляюцца кіраўніком вышэйстаячага органа і настойваюць на неадкладным выкананні “канфідэнцыяльнага” даручэння. Кажуць, напрыклад, што адбылася “ўцечка інфармацыі”, і папярэджваюць, што з ім звяжуцца праваахоўнікі і паведамяць, як дзейнічаць далей (як правіла, тыя загадваюць перавесці грошы на ўказаны рахунак).

Следчы камітэт у чарговы раз нагадвае: ніколі не пераводзьце сродкі незнаёмцам, якія б легенды яны ні агучвалі. Ёсць сумненні – пакладзіце трубку, не адказвайце на паведамленні, пачакайце 5 хвілін, парайцеся з блізкімі, патэлефануйце па афіцыйным нумары ў органы ці арганізацыі, прадстаўнікі якіх (па іх словах) з вамі звязаліся.

Наталля ПОДРАЗ, часова выконваючая абавязкі начальніка Ушацкага РАСК.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *