“Якое сямейнае свята запомнілася больш за ўсё?” – пытаюся ў студэнта каледжа Ягора, пагодніц-пачаткоўцаў Сафіі і Вікі, а імгненнага адказу не атрымліваю. І раптам цішыня перарываецца трыма галасамі наперабой. “Лялька Лола да мяне на дзень нараджэння прыходзіла, вялікі Конік, калі святкавалі на “Юнацтва-Ушачы” забаўляў, а аднаму з Катоў мы хвост адарвалі. Ён несапраўдны быў, чалавек у касцюме”… Словы дзяцей Наталля Святаславаўна Баратынская падмацоўвае здымкамі і відэа, і становіцца зразумелай паўза ў адказе. Складана вылучыць нешта самае запамінальнае з яркага дзіцячага калейдаскопа. Ды і паколькі любое свята для іх робяць асаблівым – з аніматарамі, падарожжамі, сюрпрызамі – успрымаюцца яны ўжо як само сабой зразумелае.
Ну а для Наталлі Святаславаўны імяніны, апошні званок, Новы год – гэта не толькі стол, а перш за ўсё сцэнарый. “Распачала такую форму адпачынку мая сястра Дзіяна – дарыла на святы песню ці верш, напісаныя спецыяльна для цябе, стварала фотазону. Ну і мне сорамна было адставаць, – расказвае мнагадзетная маці. – І стала традыцыяй, незалежна ад таго, святкуем мы толькі сваёй сям’ёй ці нашай вялікай, з бацькамі, дваюраднымі сёстрамі і братамі. На Новы год арандуем вялікае памяшканне, а яго антураж ствараем самі. Бацькі нячаста ездзілі з намі, але да гэтага часу памятаю атмасферу “Славянскага базару”, арэлі ў Віцебску, па якім мы гулялі з мамай і сястрой. Таму і імкнуся, каб маім дзецям было што прыгадаць. А яшчэ сямейныя святы вельмі збліжаюць – мае дзеці сябруюць са сваімі стрыечнымі роднымі”.
Мінскі аквапарк і пячоры дракона ў казачнай краіне МаліВур, турбаза “Ладэ” і Бярэзінскі запаведнік, цырк і “Лінія Сталіна”, лялечны тэатр і начоўка ў палатцы на беразе возера – у Баратынскіх вітаецца актыўны сямейны адпачынак.
Каб змястоўна праводзіць вольны час, кожны мае ўласны веласіпед, а нядаўні рэкорд мамы – 35 кіламетраў. Менавіта столькі, да мяжы з Лепельскім раёнам, яна праехала ў верасні ў гонар юбілею “Белаграпрамбанка”, у якім працуе, і зняла крэатыўны ролік. Яе сямейны, да 8 Сакавіка, круцілі разам з іншымі на мінулагоднім раённым свяце – Наталля Святаславаўна адгукаецца на ўсе задумы, якія паступалі з дзіцячых садкоў, школы ці месца працы. Праводзіцца конкурс сукенак з другаснай сыравіны – гадзінамі робіць плісэ з газет і атрымліваецца арыгінальнае ўбранне для Вікі (на здымку). Трэба прадставіць ушацкі цэнтр банкаўскіх паслуг на рэспубліканскім конкурсе “Суперсямейка” – і Баратынскія ў 2024 годзе вяртаюцца дыпламантамі за 3-е месца.
Хоць раз на тыдні, але абавязкова наведваюцца ў басейн, дзеці ганяюць на роліках, дзяўчаты займаюцца лёгкай атлетыкай і дзюдо, а таксама ігрой на фартэпіяна і харэаграфіяй. Хоць і шчыльна заняты кожны іх дзень, энергіі застаецца зашмат. У час нашай сустрэчы Віка адпрацоўвала скачкі на галаву, тузалася са старэйшымі – дзюдаістка ні ў чым ім не саступае. Мы зрабілі дзясяткі дубляў агульнага здымка, паколькі немагчыма было ўдала “злавіць” усіх разам у кадры: яны настолькі рухомыя, што аднойчы нават прагучала: “Тэлефон
на стол”.
Высветлілася, што гэта самае горшае пакаранне, як і забарона пайсці гуляць на вуліцу. Здараецца такое нячаста, ды і трываласці маці ненадоўга хапае, паколькі праз непрацяглы час за ёй ужо ходзяць следам і просяць адмяніць прыгавор. Яе трыа зусім не шкоднікі, не. Яны проста – дзеці, якія не могуць адзін без аднаго, а іх блізкія адносіны сціраюць розніцу ва ўзросце. Наталля падцвярджае, што так шумна заўсёды, калі збіраюцца разам. Ягор хоць вучыцца ў каледжы, прыязджае кожныя выхадныя, і нядзеля для Наталлі Святаславаўны праходзіць у дадатковых клопатах – павялічаных порцыях страў, якія сын бярэ з сабой. Пасціранай бялізнай быў завешаны ўвесь балкон, у пакоях – чысціня. Юнак паведамляе, што мые посуд, дапамагае з уборкай, а маці дадае, што пыласосіць усё роўна даводзіцца штодня з-за наяўнасці шэрага прыгажуна Валеркі. Хоць кот-падарунак належыць Сафіі – з’яўляецца агульным любімцам.
Калі гутарым з Наталляй, яна ўхітраецца адначасова чуць, аб чым размаўляюць дзеці, і адказваць на іх пытанні – асаблівасць, выпрацаваная гадамі. Ці складана быць шматдзетнай маці, я не пыталася. Гэта аксіёма, як і тое, што няма нікога даражэй за гарэзлівых, розных па характары і аднолькава мілых дзяцей. А вось чаго жадала, калі пагодніцы былі малымі, Наталля адказала: “Цішыні. Гатова была на любую работу, толькі б атрымаць перапынак, паколькі ў прамым сэнсе слова не спала начамі – дзяўчынкі хныкалі і будзілі адна адну, а раніцай у школу трэба было адпраўляць сына. Складана сабраць і вынесці двух немаўлят на прагулку. Канечне, мне моцна дапамагаў муж, калі-некалі падмянялі бацькі, свякроў.
Толькі такі рытм захоўваўся гадамі. Затое чаканую цішыню я маю зараз суботнім і нядзельным ранкам – калі дзеці прачынаюцца раней, яны ходзяць на пальчыках, каб не
разбудзіць.”
І хоць самы складаны перыяд ужо пройдзены, у яе па-ранейшаму няма выхадных – у маці іх проста не бывае.
Вольга Караленка.

