«50 вопросов взрослому»: встреча с председателем суда Ушачского района Оксаной Мишуто

Общество

У новым навучальным годзе атрымаў прадаўжэнне праект “50 пытанняў даросламу” сектара дзіцячай і юнацкай кнігі раённай бібліятэкі – у яго рамках праходзяць сустрэчы старшакласнікаў з паспяховымі і вядомымі ў раёне людзьмі. На гэты раз на сустрэчу з вучнямі Ушацкай школы завітала старшыня суда Ушацкага раёна Аксана Мікалаеўна Мішута.

Пачалася ж размова з тэмы выбару прафесіі і кар’ернага шляху. Карэнная палачанка пасля заканчэння педагагічнага каледжа тры гады працавала выхавацелем у дзіцячым садку, аднак зразумела, што гэта не яе справа. На той момант у судзе Полацкага раёна была вакансія сакратара. “Спраўлялася з канцылярскімі справамі, але асабліва падабаўся ўдзел у судовых пасяджэннях. А аднойчы суддзя ў мяне запытаў, маўляў, колькі буду ў сакратарах хадзіць. Зразумела: трэба рухацца наперад – так, паступіла на юрфак ПДУ і стала кансультантам суда, а пазней судовым выканаўцам, у тым ліку старшым. У 2009-м мяне назначылі суддзёй Полацкага раёна і горада Полацка, а з 2021-га ўзначальваю суд Ушацкага раёна, – расказала Аксана Мікалаеўна.

З якімі пытаннямі людзі часцей за ўсё звяртаюцца ў суд? Пераважаюць грамадзянскія справы. Вельмі часта людзям патрэбна тлумачэнне пэўных прававых аспектаў – па тэме спадчыннай маёмасці, выплаты аліментаў, скасавання шлюбу, мэтазгоднасці прымянення рознага віду санкцый, устанаўлення права ўласнасці, фактаў роднасных адносін ці правільнага падзелу межаў зямельнага ўчастка і многага іншага. Бываюць і незвычайныя справы, напрыклад, нядаўна давялося спаганяць аліменты з грамадзяніна ЗША, мінімальны памер зарплаты якога складае больш 30 тысяч долараў, адпаведна і сума аліментаў аказалася ўнушальнай. А самай аб’ёмнай за час работы Аксаны Мікалаеўны ва Ушачах атрымалася крымінальная справа, якая была звязана з вытворчасцю парнаграфічных матэрыялаў – яна заняла ажно 7 тамоў.

Прафесія суддзі вельмі няпростая і адказная, але адначасова цікавая. Штодня яна прыносіць штосьці новае, прымушае думаць і развівацца, і як прызналася Аксана Мікалаеўна, сваю справу яна вельмі любіць.

А на пытанне, няўжо ніколі не парушае, напрыклад, правілы дарожнага руху справядліва падкрэсліла: “Калі суддзі будуць парушаць, то што тады казаць пра звычайных людзей? Я ўсё стараюся рабіць па законе, бо вельмі даражу сваёй любімай прафесіяй!”

Даведаліся школьнікі і аб тым, што самастойна звярнуцца ў суд можна ўжо з 14 гадоў. Дарэчы, у практыцы старшыні суда былі справы, калі дзеці ў такім узросце ўжо звярталіся наконт пазбаўлення бацькоўскіх правоў сваіх родных людзей.

Зразумела, што работа забірае шмат часу і сіл, а таму школьнікі пацікавіліся, ці ёсць у старшыні суда хобі, як яна пераключаецца пасля цяжкога працоўнага дня і даведаліся, што Аксана Мікалаеўна вельмі любіць прыроду і жывёл: “Ад прыроды набіраюся энергіі, трымаю трох сабак і іншых хатніх гадаванцаў, яны – крыніца станоўчых эмоцый, бо бескарысна цябе любяць, чакаюць і пры сустрэчы шчыра радуюцца”. А яшчэ жанчына атрымлівае вялікае задавальненне ад кветкаводства, ландшафтнага дызайну і добраўпарадкавання сваёй сядзібы ў Полацкім раёне.

Адказваючы на пытанне, якая парада аказалася самай карыснай, Аксана Мікалаеўна расказала, што яе прынцып па жыцці – ніколі не адкладваць на заўтра тое, што можна зрабіць сёння і зараз. “Я так жыву, прывучыла такім чынам працаваць сваіх калег. Тое, што не зрабіў сёння, накопліваецца на наступныя дні, як снежны ком, і выканаць тое ці іншае заданне ўжо цяжэй. Раю і вам прытрымлівацца гэтай мудрай парады”.

Сапраўдны гонар Аксаны Мікалаеўны – яе сын, які ў школьныя гады сур’ёзна займаўся спортам, а зараз вучыцца ў Разанскім вышэйшым ваенным вучылішчы. “Як маці раю вам аб усім, што ў вас адбываецца, расказваць сваім бацькам. Іх парады з вышыні вопыту і пражытых гадоў могуць зберагчы вас ад неправамерных, сур’ёзных праблем. Вам, напрыклад, здаецца бяскрыўдным які-небудзь учынак ці, скажам, прапанова дадатковага заробку ў інтэрнэце, на самой жа справе гэта можа быць зусім не так. Размаўляйце з бацькамі і прыслухоўвайцеся да іх!” – параіла старшакласнікам іх суразмоўца.

За адведзены час сустрэчы – 45 хвілін – госця праекта паспела адказаць на амаль два дзясяткі самых розных пытанняў, якія датычыліся абавязкаў суддзі, перавагах прафесіі юрыста, успамінаў з дзяцінства і іншага. Аб тым, што размова была шчырай і цікавай сведчыў і той факт, што суразмоўца не скарысталася магчымасцю не даваць адказ на пытанне. А на развітанне Аксана Мікалаеўна параіла юным ушачанам быць стараннымі, добра вучыцца і ісці да сваёй мэты.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *