В детском саду № 4 г.п.Ушачи воспитатели и дети проводили осень

Наши дети

Любімай многімі пары года – восені – прысвячаюць штогод мерапрыемствы педагогі дзіцячага сада №4 гарпасёлка. Так было і на гэты раз: ва ўсіх групах акрамя самай малодшай адбыліся такія святы. Адно з іх праходзіла за тыдзень да наступлення першага зімовага месяца.

Выхавальніца старэйшай групы дашкольнай установы Ганна Мікалаеўна Максак у ходзе мерапрыемства ўслаўляла залатую пару, заклікала дзяцей вітаць Восень (яе вобраз даносіла яшчэ адна выхавальніца Святлана Пятроўна Бялова), імкнулася адчыніць чароўны сундучок. Нарэшце ён падарыў дзецям штучныя грыбкі і кляновыя лісты. Дзеці з задавальненнем гулялі, збіраючы гэтыя атрыбуты восені з завязанымі вачыма. Усе смяяліся і падтрымлівалі адзін аднаго падказкамі.

У праграме былі таксама карагод дзяцей, які яны вадзілі разам з Восенню, іншыя танцы, падрыхтаваныя ў гуртку “Гарошынкі”. Выхаванцы дашкольнай установы спявалі песні аб восені. Прычым імкнуліся ўсё рабіць правільна, дасканала.

Дзяцей віталі госці, удзельнікі народнага клуба творчых сустрэч “Муза” РДК, якія не ўпершыню наведаліся ў дзіцячы сад са сваімі творчымі падарункамі. Відаць, як выхаванцам, так і прысутным бацькам спадабаліся вершы Сяргея Уладзіміравіча Каранеўскага. Літаральна ў выхадны дзень напярэдадні ён наведаўся ў лес са сваім унукам, а ўжо расказаў цікавы верш пра гэта. А яшчэ і пра градкі, дзе таксама бывалі разам і дзе знайшоўся вясёлы сюжэт для твора. Наогул у аўтара цікавых вершаў пяцёра ўнукаў, таму дзіцячая тэматыка для яго вельмі блізкая. Прысутныя пазнаёміліся таксама з новай работай – вышыванай карцінай восені ў светлых фарбах, выкананай удзельніцай клуба Соф’яй Уладзіміраўнай Бумага. Паказала свае вырабы і Таццяна Якаўлеўна Сандзюк, музычны кіраўнік дзіцячага сада (яна – асноўны арганізатар свята) і актывістка “Музы”. Мне захацелася прачытаць дзецям такія свае радкі:

У шкле вакна – дзіцячы сад.

Дажджу бясконцы вадаспад.

Ляцяць лісты з бярозак ніцых.

Такой парой былое сніцца.

А ўранні – дзеткі ля садка.

Іх радасць – нібыта рака –

На нас, дарослых, наплывае

І абдае, і захапляе.

Чаруе восень залатая,

У дзіўны свет нас зноў вяртае.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *