Содержание мини-полигонов для сбора твёрдых бытовых отходов — не разовая акция, а постоянная работа

Благоустройство Выясняем ситуацию Экология

Жыццядзейнасць чалавека звязана з утварэннем адходаў, якіх з кожным годам становіцца ўсё больш, таму пытанне іх утылізацыі з’яўляецца актуальным для любога рэгіёну. Востра стаіць яно і на Ушаччыне. Зацверджаная рашэннем райвыканкама ад 26 жніўня 2011 года схема звароту з камунальнымі адходамі, мякка кажучы, дзейнічае не ў поўным аб’ёме, а несанкцыянаваныя сметнікі, неахайныя палігоны псуюць прыгажосць нашых запаветных мясцін.

Для ўтылізацыі смецця ў нашым раёне створана 18 міні-палігонаў і палігон цвёрдых камунальных адходаў ля вёскі Лутава, якія знаходзяцца на балансе жыллёва-камунальнай гаспадаркі. І калі механізм збору адходаў у райцэнтры працуе няблага, то на сяле вываз смецця з’яўляецца сапраўднай праблемай. Узяць хаця б той факт, што за апошнія два гады ў раёне не з’явілася ніводнага новага смеццевага кантэйнера. Камунальнікі старанна “падлатваюць” старыя ёмістасці, працягваючы іх жыццё, аднак працэс зносу не спыніш. Сітуацыю магла б выратаваць наступная цывілізаваная схема: жыхары населенага пункта заключаюць з камунальнікамі дагавор на вываз адходаў, а тыя па графіку накіроўваюць у вёску смеццявоз. Вось толькі прыжываецца такая сістэма пакуль даволі марудна.

Адпаведна прыгаданай вышэй раённай схеме звароту з адходамі перыядычна накіроўваць транспарт для збору смецця ў буйных вёсках і аграгарадках павінны сельгаспрадпрыемствы, аднак у перыяд масавых палявых работ і з прычыны дэфіцыту паліва выдзяляецца транспарт крайне нерэгулярна. Усё гэта прымушае вяскоўцаў рашаць праблему ўтылізацыі самастойна. Як паказвае практыка, законапаслухмяныя жыхары імкнуцца вывозіць смецце на вясковыя міні-палігоны.

Тут хочацца зрабіць невялікае “лірычнае” адступленне, каб расказаць, што сабой уяўляюць гэтыя аб’екты. Механізм стварэння новага палігона даволі складаны. Пачынаецца працэс з адвядзення зямельнага ўчастка, які павінен адпавядаць шэрагу патрабаванняў: размяшчацца не бліжэй за 500 метраў ад межаў населеных пунктаў і, пажадана, з усходняга боку ад іх, бо ў нашай мясцовасці пераважаюць вятры паўночна-заходняга напрамку. Участак выбіраецца раўнінны, неўрадлівы, з глыбокім заляганнем грунтовых вод. Палігоны цвёрдых камунальных адходаў павінны быць агароджаны і абвалаваны, мець шлагбаумы і інфармацыйныя аншлагі, смецце трэба рэгулярна падбуртоўваць і ўшчыльняць, утрамбаваныя яго пласты перасыпаць слаямі зямлі. Калі ж палігон вычэрпвае свой рэсурс, ён “кансервуецца” – засыпаецца зверху глебай і засаджваецца расліннасцю – атрымліваецца свайго роду “слоены пірог”, упрыгожаны “зелянінай”. Аднак гэта – у ідэале. Насамрэч стан сельскіх міні-палігонаў нельга назваць задавальняючым. Часта гэтыя аб’екты доўгі час не абслугоўваюцца з-за недахопу ў камунальнікаў часу, сродкаў і адпаведнай тэхнікі. У выніку вясковыя палігоны выглядаюць настолькі гідка, што грамадзяне, якія прывозяць сюды свае адходы, проста баяцца заехаць на іх тэрыторыю, а таму ссыпаюць смецце побач з палігонам ці, што яшчэ горш, папаўняюць несанкцыянаваныя сметнікі. Зразумела, што раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя не пакідае гэтую праблему без увагі.

– На працягу лета і восені работы па навядзенні парадку на міні-палігонах практычна не вяліся, – сцвярджае начальнік інспекцыі І.М.Падгол.

Па яго словах, тэхніка працавала тут у красавіку, падчас планавай праверкі УП ЖКГ, па выніках якой прадпрыемства і яго спецыяліст па звароце з адходамі былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Скончылася праверка – і пра палігоны камунальнікі адразу забыліся. У выніку, калі эколагі ў мінулым месяцы наведаліся на месцы ўтылізацыі адходаў, большасць з іх (а ў асаблівасці палігоны ў Ільюшыне, Глыбачцы, Двор Пліне) уяўлялі сабой жахлівае відовішча. Давялося інспектарам зноў складаць пратаколы – “адміністрацыйны аргумент” спрацаваў, на міні-палігонах з’явілася тэхніка, справа зрушылася з мёртвай кропкі. І ўжо зараз куды больш прыемна выглядаюць гэтыя аб’екты ў Сарочыне, тых жа Ільюшыне і Двор Пліне.

– Я магу зразумець аргументы камунальнай службы, у якой вельмі многа важных спраў і абавязкаў, а матэрыяльныя праблемы не заўсёды дазваляюць іх выконваць, – разважае Іван Мікалаевіч. – Аднак калі работу на палігонах арганізаваць належным чынам, весці яе сістэмна, а не ад выпадку да выпадку, справа будзе ісці прасцей, з меншымі выдаткамі. Урэшце рэшт у аснове нашай дзейнасці агульная мэта – падтрымліваць чысціню і парадак на зямлі, на якой мы жывём і якую пакінем у спадчыну нашчадкам.

Н.Багдановіч



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *