Председатель Ушачского районного Совета депутатов Е.В. Пашкович: «Надлежащее состояние и благоустройство кладбищ — забота каждого гражданина»

Благоустройство Выясняем ситуацию Официально Саветы і жыццё

Пытанні выканання Закона Рэспублікі Беларусь ад 12 лістапада 2001 г. “Аб пахаванні і пахавальнай справе” на тэрыторыі нашага раёна былі разгледжаны на апошнім пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. На жаль, кожнаму з нас даводзіцца сутыкацца з цяжкімі і непрыемнымі клопатамі па пахаванні родных і блізкіх людзей. І, канечне, мы імкнёмся зрабіць гэта дастойна. З мэтай даведацца аб тым, якая роля адведзена ў названай справе мясцовым органам улады, мы звярнуліся да старшыні Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Алены Васільеўны ПАШКОВІЧ.

– Алена Васільеўна, што ўяўляе сабой гэты нарматыўна-прававы акт?

– Закон Рэспублікі Беларусь “Аб пахаванні і пахавальнай справе” рэгулюе адносіны, звязаныя з пахаваннем нябожчыкаў, і ўстанаўлівае гарантыі пахавання памерлых з улікам выказаных імі пры жыцці волевыяўленняў і пажаданняў, гарантуе выдзяленне матэрыяльнай і іншай дапамогі для пахавання, устанаўлівае санітарныя і прыродаахоўныя патрабаванні да размяшчэння і ўтрымання месцаў пахавання.

– Хто прымае рашэнне аб стварэнні ці закрыцці грамадскіх могілак?

– У адпаведнасці з заканадаўствам, рашэнне аб стварэнні месцаў пахаванняў прымаецца мясцовымі Саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі, на тэрыторыях якіх плануецца іх стварэнне. На сённяшні дзень ва Ушацкім раёне маецца два гарадскія могільнікі і 142 размешчаны ў сельскіх населеных пунктах раёна.

Рашэннем раённага выканаўчага камітэта ад 11.08.2009г. №599 гарадскія могілкі па вуліцы Кастрычніцкай закрыты для пахаванняў, за выключэннем выпадкаў, калі маецца свабоднае месца ў межах агароджы сямейнага пахавання. Гэтым жа дакументам вызначана, што дзеючымі гарадскімі могілкамі з’яўляецца месца пахавання ў раёне вёскі Ваўчо Сарочынскага сельсавета. На УП ЖКГ ускладзены абавязкі па падтрыманні належнага парадку на гэтых могілках, выдзяленні зямельных участкаў для пахавання памерлых, кантролі за пахаваннем.

Што датычыцца межаў сельскіх могілак, то калі ўзнікнуць якія пытанні па вызначэнні месца для пахавання, трэба ў першую чаргу звярнуцца ў сельвыканкам. У мінулым годзе імі праведзена вялікая работа па інвентарызацыі ўсіх сельскіх могілак, складзены іх схемы з указаннем межаў і прозвішчаў пахаваных людзей.

– Немагчыма абмінуць тэму добраўпарадкавання грамадскіх могілак. Хто адказвае за гэту работу?

– Неабходна сказаць, што яшчэ ў 2011 годзе 42 сельскія могільнікі аграгарадкоў і буйнейшых вёсак раёна перададзены на баланс жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Канечне, гэта не знімае адказнасці з сельвыканкамаў, бо ў адпаведнасці з Правіламі ўтрымання месцаў пахавання, зацверджанымі сумеснай Пастановай Міністэрстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, мясцовыя органы ўлады абавязаны падтрымліваць парадак на тэрыторыі грамадскіх пахаванняў. У бягучым годзе ў бюджэтах сельвыканкамаў мы прадугледзелі па 10 мільёнаў рублёў на добраўпарадкаванне сельскіх могілак. Усе яны асвоены па мэтавым прызначэнні.

У 2013 годзе сельскімі выканаўчымі камітэтамі з дапамогай старэйшын вёсак, сельскіх дэпутатаў і мясцовага насельніцтва праведзены 84 суботнікі па добраўпарадкаванні грамадскіх могілак. На правядзенне работ затрачаны значныя фінансавыя сродкі. Толькі на могілкі ў вёсцы Усая Вяркудскага сельсавета зрасходавана больш 60 мільёнаў рублёў бюджэтных сродкаў на высечку старых аварыйных дрэў, якія ўяўлялі пагрозу для помнікаў на могілках.

Увогуле, наяўнасць аварыйных дрэў на могілках раёна з’яўляецца самай “дарагой” праблемай, бо тут сіламі суботніка справе не дапаможаш – трэба выклікаць спецыялізаваную арганізацыю, паслугі якой за выдаленне аднаго дрэва пачынаюцца ад 1 мільёна рублёў і ў залежнасці ад складанасці могуць значна ўзрасці. Вельмі вялікая работа за бягучы год праведзена на тэрыторыі Вялікадолецкага сельсавета, дзе добраўпарадкаваны 10 з 15 грамадскіх могілак, ды і на тэрыторыі іншых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак нашага раёна яна была арганізавана на належным узроўні. Значную дапамогу мясцовым органам улады аказалі шэфы з арганізацый Полацка і нашага раёна, якія выязджалі на суботнікі менавіта ў так званыя “старыя” вёскі, дзе пажылое насельніцтва не ў стане добраўпарадкаваць месцы пахаванняў.

– Што параіце рабіць з дрэвамі на могілках?

– Дрэвы — праблема з праблем большасці вясковых могілак. Так склалася здаўна, што на месцы апошняга спачыну людзей садзілі дрэвы або рабілі могілкі на высокіх мясцінах сярод рэдкага дрэвастою. Зараз на магілах стаяць мармуровыя, гранітныя альбо іншыя помнікі, а на вясковых могілках кожнае пахаванне агароджваюць металічнай агароджай. І дрэвы сталі сапраўднай пагрозай для такіх збудаванняў. Бяроза альбо сасна падчас буры можа проста разбурыць намагільныя пабудовы.

Трэба нагадаць для ўсіх, што заканадаўствам нашай краіны на месцы пахавання дазваляецца садзіць толькі кустовыя пароды і кветкі, а ў межах кварталаў пахаванняў дрэвы садзіць забаронена. Утрымліваць магілы і прылеглую тэрыторыю ў парадку трэба за свой кошт. Але адпаведны закон і пастанова Саўміна, якая зацвердзіла правілы ўтрымання могілак, былі прыняты ўжо ў бягучым стагоддзі. Дрэвы ж, як правіла, растуць на могілках даўно. І няма ніякага дакумента, які б абавязваў каго-небудзь тыя дрэвы зносіць. Тым не менш такія звароты ў сельвыканкамы вельмі частыя і мы іх не ігнаруем. Як правіла, старшыня сельвыканкама выязджае на месца са спецыялістам лясгаса, які дае ацэнку дрэву – трухлявае яно альбо пастаіць яшчэ гадоў пяцьдзясят. Калі высвятляецца, што зварот абгрунтаваны і дрэва сапраўды трэба хуценька выразаць, то прапаноўваем заяўніку прыняць фінансавы ўдзел у гэтай справе і пэўную долю сродкаў (яе памер у кожным канкрэтным выпадку розны) унесці ў сельвыканкам як добраахвотныя ахвяраванні на мэты добраўпарадкавання. Старшыня сельвыканкама займаецца пошукам выканаўцы гэтай работы.

Лагічна выказаць здагадку, што ў населеных пунктах са значнай колькасцю жыхароў працаздольнага ўзросту менавіта самі людзі наводзяць парадак на могілках?

– На жаль, не ўсюды справы абстаяць менавіта так, хаця пагадзіцеся, што падтрыманне ў парадку месцаў апошняга прытулку сваіх блізкіх – святы абавязак кожнага чалавека, аб культуры насельніцтва той ці іншай вёскі здаўна складвалі ўражанне ад стану вясковых могілак. На жаль, многія людзі выказваюць павагу да магіл толькі сваіх блізкіх, без турбот перакідваючы смецце на суседнія, у лепшым выпадку – паміж пахаваннямі. У бягучым годзе, напрыклад, падчас суботніка работнікамі райвыканкама была ачышчана тэрыторыя на гарадскіх могілках па вуліцы Кастрычніцкай, калі ж перад памінальнай суботай наведаліся туды зноў, то назіралі “звыклую” карціну – горы смецця паміж агароджамі.

– Насельніцтва вёсак старэе, у некаторых населеных пунктах нават няма да каго звярнуцца, каб выкапаць магілу. Ці існуюць у нашым раёне арганізацыі, якія аказваюць дадзены і іншыя віды рытуальных паслуг?

– Асобныя віды рытуальных паслуг прапануюць жыхарам раёна спецыялізаваны магазін райспажыўтаварыства, прамкамбінат, УП ЖКГ, шэраг прыватных прадпрымальнікаў. Адзінай жа арганізацыяй, якая прапаноўвае ўвесь спектр рытуальных паслуг, пачынаючы ад капання магілы і да вынасу цела нябожчыка, яго транспарціроўкі і пахавання, з’яўляецца ТАА “МЕЦ САР”, якое размяшчаецца ў будынку камбіната бытавога абслугоўвання. Па водгуках некалькіх чалавек, якія звярталіся да паслуг гэтага таварыства, цэны ў іх прымальныя і якасць работ здавальняючая.

– Алена Васільеўна, для якіх катэгорый грамадзян заканадаўствам прадугледжана права на атрыманне дапамогі на пахаванне, і ад чаго залежаць яе памеры?

– У нас у раёне права на атрыманне такой матэрыяльнай дапамогі маюць блізкія, якія ўзялі на сябе абавязкі па пахаванні чалавека, дасягнуўшага на момант смерці пенсійнага ўзросту, або калі ён з’яўляўся беспрацоўным. Памер дапамогі на сённяшні дзень складае 5 мільёнаў 550 тысяч 900 рублёў. Калі ж нябожчык з’яўляўся працаўніком адной з арганізацый, то яна павінна аказаць дапамогу і часткова ўзяць на сябе расходы па яго пахаванні.

– Пагадзіцеся, што бываюць выпадкі, калі ў чалавека няма родных. Хто ў выпадку смерці такога грамадзяніна будзе яго адпраўляць у апошні шлях?

– На выпадак такіх жыццёвых сітуацый пры ўсіх сельвыканкамах створаны апякунскія саветы па пытаннях пахавальнай справы, дзейнасць якіх рэгламентуецца спецыяльнымі Палажэннямі. Яны і возьмуць на сябе абавязак па пахаванні адзінокага чалавека.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *