Виктор Долгий — водитель с «социальным» статусом

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

Напэўна, некаторыя з вас, напачатку будуць крыху здзіўлены: маўляў, якое дачыненне мае вадзіцель да гуманнай дзейнасці спецыялістаў сацслужбы раёна. Аднак так палічаць толькі тыя, хто блізка не ведае Віктара Пятровіча, хто не знаёмы са спецыфікай яго работы.

У тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна мужчына прыйшоў 20 гадоў таму – у 1993-м, калі з’явілася адпаведная вакансія. Дагэтуль некаторы час працаваў вадзіцелем грузавога транспарту ў “Сельгасхіміі” (зараз – ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”).

– Добра памятаю свой першы рабочы дзень у тэрытарыяльным цэнтры, – расказвае Віктар Пятровіч. – На календары было першага кастрычніка – Дзень пажылых людзей. Мне выдалі спіс бабуль і дзядуль, якіх трэба было прывезці ў раённы Дом культуры на святочнае мерапрыемства. Шчыра кажучы, адразу знайсці патрэбныя адрасы, ды і агульную мову з пакуль незнаёмымі грамадзянамі было не так проста. Аднак ужо на зваротным шляху, калі развозіў іх па дамах, адчуванне напружанасці і хвалявання “прыціхла”.

Зараз з падапечнымі цэнтра, а іх на ўліку 556, Віктар Пятровіч, як кажуць, на кароткай назе. Калі даводзіцца з інспектарам па зоне выязджаць да каго-небудзь з іх, а гэта адбываецца рэгулярна, то патрэбны адрас ён вызначыць беспамылкова. Пажылому чалавеку ці інваліду дапаможа сесці ў аўтамабіль, загрузіць у багажнік каляску, кастылі ці іншыя сродкі рэабілітацыі.

Дзе толькі ні даводзілася бываць В.П.Долгаму па службовых справах: у бальніцах, дамах-інтэрнатах, культурных установах, куды адвозіў падапечных цэнтра. Калі вам здаецца, што зрабіць гэта проста: сеў сабе за руль у цёпленькі, дагледжаны “Samand” і “пакатаўся”, то глыбока памыляецеся. Псіхафізічныя асаблівасці некаторых грамадзян накладваюць свой адбітак на работу вадзіцеля – яму трэба пастаянна сачыць за самаадчуваннем пасажыра, калі трэба, спыніцца, вывесці яго на свежае паветра ці нават летам уключаць печку, каб зрабіць паездку для яго камфортнай. Нярэдка можна ўбачыць В.П.Долгага і за рулём “Газелі”, на якой мужчына ажыццяўляе платныя перавозкі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна: дастаўляе грамадзянам мэблю, сельгаспрадукцыю і іншае.

Вядома, Віктар Пятровіч мог бы пагнацца за доўгім рублём і знайсці сабе больш прыбытковае месца работы. Аднак рабіць гэта ён не збіраецца: не ўсё вымяраецца грашыма.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *