Двойная выгода использования местных видов топлива

Благоустройство Импортозамещение

Пра тое, што шчапа з’яўляецца асноўным палівам у ацяпляльны перыяд, ведае, напэўна, кожны. Толькі ў самыя моцныя маразы цэнтральная кацельня гарпасёлка пераключаецца на газ, ну а ў звычайным рэжыме працуе на мясцовым паліве. І калі ў пачатку пераводу кацельні на новы від паліва шчапа была поўнасцю прывазная, бо ў раёне не было ніводнай шчапаздрабняльнай машыны, то сёння яны працуюць як непасрэдна ў камунгасе, так і ў лясгасе, і раён не аддае бюджэтныя сродкі на паліва за свае межы.

Машыны – перасоўныя, могуць драбніць драўніну і кустоўе непасрэдна па дзялянках або ўздоўж дарог – там, дзе і высякаецца хмызняк або дрэвы. І работа, такім чынам, прыносіць двайную карысць. Па-першае, прыгажэе выгляд населеных пунктаў і трас, па-другое, з непатрэбнага кустоўя атрымліваецца патрэбнае паліва. Прадукцыйнасць, праўда, пры такой нарыхтоўцы, па сутнасці з адходаў, ніжэйшая, чым калі шчапаздрабняльная машына працуе стацыянарна на падвазных дрывах, разы ў два-тры, адзначае Віктар Сіротка, які заняты на палівазберагаючай машыне. Аднак не трэба перавозіць на адлегласць галіны, якія і не ўкладзеш у прычэп, не патрэбна плаціць за драўніну.

На 70 кубоў шчапы, а гэта сутачная норма расходу паліва, папоўнілі ўласныя запасы ў камунгасе пры навядзенні парадку на прыдарожнай тэрыторыі ў Сарочыне. Вёска знаходзіцца не проста на трасе, па сутнасці з’яўляецца візітоўкай раёна для праязджаючых як на Віцебск, так і на Полацк, Мінск, аднак месцамі паказвала гасцям раёна свой тыльны бок – хлявы, кусты ды кінутыя пабудовы. Тыдзень працавала там брыгада на чале з майстрам Яўгенам Казачонкам: «адкрывала» вёску, абразала стары сад, наводзіла парадак ля аўтобусных прыпынкаў. Работа па выдаленні кустоўя праведзена работнікамі камунгаса абапал усіх бакоў вёскі. Зараз жа яна адкрылася і папрыгажэла, аднак і гаспадарам давядзецца падтрымліваць у парадку свае двары і зямельныя ўчасткі. Шчапаздрабняльная ж машына камунгаса зноў працуе стацыянарна ў Градзянцы на дрывасховішчы, аднак не адзін раз яшчэ выедзе на раён пры пераводзе ў паліва непатрэбнага хмызняку.

В.КАРАЛЕНКА.

На здымку: А.Клопаў і В.Сіротка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *