Рейды представителей санитарной, экологической и коммунальных служб Ушачского района выявили многочисленные факты нарушений санитарно-эпидемиологических норм.

Благоустройство Экология

У апошнія тыдні мы некалькі разоў выязджалі ў рэйды разам з прадстаўнікамі санітарнай, экалагічнай і камунальнай службаў, выбарачна абследавалі розныя месцы раёна: прыватныя двары, тэрыторыі прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, абочыны дарог і берагі вадаёмаў, “стыхійныя” сметнікі і афіцыйныя мініпалігоны. І ўбачанае прымусіла ўсумніцца ў тым, што Ушаччына мае права называцца чыстым рэгіёнам. А значыць, аб’яўленая Прэзідэнтам і ўрадам у Год гасціннасці і напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі вясенняя генеральная ўборка вельмі дарэчы і ў нашым раёне.“Абавязкова прыбяру, проста рукі яшчэ не дайшлі”, – пачуў у адказ ад гаспадыні прыватнага дома па вуліцы Савецкай у райцэнтры галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Я.У.Талалуеў, калі звярнуў яе ўвагу на ляжаўшыя на абочыне ля агароджы дома пустыя бутэлькі. І сапраўды, калі мы рухаліся ў зваротны шлях, усё ўжо было прыбрана – вось бы кожны так рэагаваў на заўвагі! Таксама вельмі аператыўна знікла невялікая смеццевая куча на абочыне дарогі ля моста праз Дзіву – варта толькі было начальніку раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя І.М.Падголу патэлефанаваць дарожнікам і назваць яе “каардынаты”, як туды прыбыла машына ДЭУ-37. “Смецце з’яўляецца на абочынах пастаянна, але мы стараемся падтрымліваць чысціню, бо дарогі, якія мы абслугоўваем – гэта твар раёна”, – адзначыў работнік прадпрыемства Я.М.Крыскевіч. Прыслухаліся да “сігналу” эколагаў і ўбралі невялікі сметнік ля павароту на Ціханяты работнікі Ушацкага лясніцтва.

На жаль, не заўсёды пытанні вырашаюцца так проста. Па-першае, далёка не ўсе людзі і арганізацыі лічаць навядзенне парадку на сваіх тэрыторыях неадкладнай справай. Дарэчы, для такіх выпадкаў прадугледжаны “меры стымулявання” – за парушэнне санітарна-эпідэмічных норм на гаспадара бруднай тэрыторыі можа быць накладзены штраф.Караюцца рублём за неахайны стан тэрыторыі і прадпрыемствы. Самы свежы падобны выпадак – штраф у памеры 10 базавых велічынь, які быў накладзены эколагамі на аўтабазу райспажыўтаварыства па выніках планавай комплекснай праверкі. І сапраўды, тэрыторыя прадпрыемства вельмі запушчаная. Аднак пасля суботніка, які правялі работнікі ў мінулыя выхадныя, яна выглядае ўжо куды больш прыстойна, хаця да поўнага “марафету” тут яшчэ далёка. Узяліся за ўборку прылягаючай і замацаванай тэрыторыі і ў ПМК-66 – у выніку праверкі, якую ажыццявіў тут у пачатку сакавіка райЦГЭ, былы кіраўнік прадпрыемства аштрафаваны на суму ў памеры 5 базавых велічынь.

Адпаведна “Правілам добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў” работы па падтрыманні тэрыторыі ў належным стане ажыццяўляюцца землекарыстальнікамі за кошт уласных сродкаў. На землях агульнага карыстання абавязкі па добраўпарадкаванні і ўтрыманні тэрыторыі ажыццяўляюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі або ўпаўнаважанымі імі юрыдычнымі асобамі. Аднак у многіх выпадках бывае няпроста высветліць, хто менавіта павінен убіраць смецце на пэўным участку. Да прыкладу, высечка кустоўя ў Сарочыне агаліла смеццевыя кучы, якія знаходзяцца паміж прыватнымі агародамі і дарогай. Пакуль жыхары бліжэйшых дамоў і прадстаўнікі мясцовай улады высвятляюць, каму брацца за мяшкі і лапаты, смецце па-ранейшаму ўпрыгожвае наваколле. А закінутую адрыну ля шматкватэрных дамоў у Арэхаўне, якую людзі ператварылі ў імправізаваную сметніцу, па законе павінна прывесці ў парадак яе гаспадыня – вось толькі, па словах суседак, з’ехала тая бабуля даўно і невядома куды. І нават калі арэхаўцы арганізуюць суботнік і вывезуць з пабудовы смецце, далёка не факт, што яно не з’явіцца на гэтым месцы зноў, бо на некалькіх змагароў за чысціню знойдзецца столькі ж тых, хто палянуецца данесці пакет з адходамі да кантэйнера. Вось і растуць у населеных пунктах стыхійныя смеццевыя кучы. Пакуль яшчэ невялікія, як на ўскрайку райцэнтра ля вуліцы Усходняй (аб іх паведаміў днямі эколагам абураны жыхар мікрараёна), і буйныя, як у самым цэнтры Глыбачкі, непадалёк ад помніка мясцовым жыхарам, загінуўшым у час Вялікай Айчыннай вайны. І калі ўбраць першыя камунальнікі змогуць за некалькі гадзін, то ліквідаваць звалку ў аграгарадку без спецыяльнай тэхнікі немагчыма. Відавочна, што аднаму сельвыканкаму з гэтай задачай не справіцца – трэба шукаць дапамогі ў сельгаспрадпрыемстве, жыхароў Глыбачкі, якім, напэўна, не вельмі прыемна мець у сваім аграгарадку такую “славутасць”. Ніяк не пазайздросціш і жыхарам Шчарбёнак – асабліва тым з іх, каму даводзіцца часта рухацца па дарозе, што злучае гэты населены пункт з Арэхаўнам. Такая вандроўка сапсуе і настрой, і апетыт, бо фактычна абочына гэтай дарогі ўяўляе сабой суцэльны сметнік. Калісьці тут быў афіцыйны палігон, пазней ён быў закрыты, але ж людзі па звычцы прадаўжаюць звозіць сюды адходы – старую мэблю, посуд, будаўнічае смецце. А між тым кожны, хто гэта робіць, парушае закон і можа атрымаць немалы штраф.

Апакаліптычнае відовішча ўяўляюць сабой і нашы мініпалігоны – зрэшты, прыстаўку “міні” на многіх з іх можна смела мяняць на “максі”, бо гэтыя пляцоўкі для складзіравання смецця разрастаюцца з неверагоднай хуткасцю. Задумваліся яны, каб вясковае насельніцтва звазіла туды сваё бытавое смецце, якое работнікі камунгаса павінны пастаянна падбуртоўваць, аднак робяць яны гэта, як кажуць, гады ў рады. “Для пастаяннай работы на мініпалігонах нам не хапае сродкаў і адпаведнай тэхнікі”, – тлумачыць сітуацыю намеснік дырэктара УП ЖКГ па сацыяльных пытаннях Д.С.Шасцярэнь і расказвае, што прадпрыемству даводзіцца арандаваць ва Ушацкім ПМС па дарагім кошце энерганасычаны гусенічны бульдозер, бо калёсная тэхніка для такой работы не падыходзіць. Ёсць і яшчэ адна вялікая праблема “малых” палігонаў – смецце звозяць на іх не толькі мясцовыя жыхары, але і прадпрыемствы, прадпрымальнікі. Шматлікія доказы гэтага мы ўбачылі на, бадай, самым неахайным у раёне мініпалігоне ля вёскі Двор Пліна – тэхнічнае смецце, упакоўкі сапсаваных прадуктаў харчавання, нерэалізаваныя навагоднія елкі лёгка выдавалі сваіх былых гаспадароў.Дарэчы, падставай для візіту на гэты мініпалігон стала паведамленне мясцовага жыхара аб выгружанай тут вялізнай кучы рэшткаў забітай буйной рагатай жывёлы. На жаль, затрымаць парушальніка па гарачых слядах у гэты раз не атрымалася, аднак падобныя рэйды раённых інспекцый будуць працягвацца.

Н.БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “Рейды представителей санитарной, экологической и коммунальных служб Ушачского района выявили многочисленные факты нарушений санитарно-эпидемиологических норм.

  1. і ў ПМК-66 – у выніку праверкі, якую ажыццявіў тут у пачатку сакавіка райЦГЭ, былы кіраўнік прадпрыемства аштрафаваны на суму ў памеры 5 базавых велічынь. Мною в суд Ушачского района подана жалоба на постановление по делу об административном правонарушении.ПостановлениемГУ»Ушачский районный центр гигиены и эпидемиологии»от14.03.2014 №12 я,как директор ДКУСП»Ушачская ПМК-66″,привлечен к административной ответственности в соответствии со статьей16.8 КоАП РБ в виде штрафа 650000руб. Считаю данное постановление незаконным по следующим основаниям.Из постановления по делу об административном правонарушении усматривается,что 14 марта 2014г. в 15 часов 30 минут установлено,что закрепленная за ДКУСП»Ушачская ПМК-66″территория была не убрана.При данном обследовании не присутствовали ни я, ни должностные лица предприятия.Прошу обратить внимание на время вынесения постановления-09часов 30минут, т.е. до того,как было выявлено нарушение.Что означает фраза»закрепленная территория»?Не указано конкретно,где находился мусор.Может это место не относится к территории предприятия.Почему протокол составлялся единолично без присутствия должностных лиц предприятия? Данное дело об административном правонарушении рассмотрено в мое отсутствие.Копия постановления получена29.03.2014г.Копия протокола об административном правонарушении мне не вручена. В связи с изложенным ПРОШУ: постановление по делу об административном правонарушении от 14.03.2014г.№12, вынесенное главным санитарным врачом Ушачского района Талалуевым Е.В.,отменить,производство по делу прекратить. 31.03.2014 КОМУ-ШТРАФ???

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *