Выездной приём в Лесневщине

Зваротная сувязь

На выязны прыём у вёсцы Ляснеўшчына, які праводзіў намеснік старшыні райвыканкама М.І.Бухалка, сабралася даволі многа людзей, хоць і пражывае іх тут крыху больш дваццаці, у асноўным – дачнікі. На сустрэчу з уладай, якая праходзіла ў памяшканні магазіна, прыйшлі не толькі тыя, хто хацеў узняць канкрэтную праблему або задаць пытанне, але і жыхары, якія імкнуліся даведацца пра навіны раёна, паслухаць іншых.

Асноўная праблема, што хвалюе жыхароў названай вёскі, – стан дарог. Мікалай Іванавіч патлумачыў, што рабіць капітальны рамонт няма магчымасці, бо гэта далёка не адзіная дарога ў сельсавеце і раёне, якая патрабуе рамонту, а вось прагрэйдзіраваць і падсыпаць – іншая справа.

Паступіла скарга адной жыхаркі, што яе агарод затапіла вадой. Хутка ўжо садзіць, а іншага ўчастка ў яе няма. Адбылося гэта, магчыма, з-за таго, што забілася сцёкавая труба.

І з першым, і з другім пытаннем М.І.Бухалка пасля сустрэчы дадаткова азнаёміўся на месцы.

Папрасілі жыхары таксама высекчы кусты на скрыжаванні дарог пры ўездзе ў вёску, бо асабліва летам дрэнна праглядаецца дарога, а гэта вельмі небяспечна.

Узнімалі прысутныя і пытанне добраўпарадкавання вясковай тэрыторыі і могілак. Старшыня Сарочынскага сельсавета Л.Я.Птушка прапанавала сабрацца разам і правесці суботнік, а таксама навесці кожнаму парадак каля сваіх дамоў.

Былі і іншыя асабістыя пытанні да прадстаўнікоў улады.

Напрыканцы прыёму галоўны спецыяліст райвыканкама Р.П.Пачэпка нагадала, што 25 красавіка пройдуць выбары, расказала пра кандыдатаў, якія балаціруюцца па гэтай акрузе.

В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *