Порядка на земле становится больше. В этом заслуга и специалистов землеустроительной службы

К профессиональному празднику

Межы Ушацкага раёна, безумоўна, не мяняюцца ні на працягу гадоў, ні дзесяцігоддзяў. А вось карта зямель Ушаччыны – даволі рухомая, тут змена “пашпарту”: уласніка ці прызначэння – лугавыя ў ворыўныя ці наадварот, адбываецца даволі часта. Прычым, у апошні час працэс гэты  актывізаваўся. Супрацоўнікі землеўпарадкавальнай службы раёна акрамя адвядзення новых участкаў сочаць і за эфектыўным выкарыстаннем адведзеных як грамадзянам, так і юрыдычным асобам. Напярэдадні прафесійнага свята наша інтэрв’ю з намеснікам начальніка службы Л.І.АНДРЭЙЧЫК.

– Людміла Іванаўна, праз ваш аддзел праходзяць практычна ўсе ўласнікі нерухомасці Ушаччыны, паколькі любая здзелка з ёй пачынаецца з афармлення зямельнага ўчастка.

– Сапраўды, літаральна кожны піша заяву на абмер участка, пасля чаго прыязджаюць спецыялісты «Віцебскгіпразема». Мы ж рыхтуем усе дакументы па любой перадачы зямлі, за мінулы год звярнулася 539 фізічных і 96 юрыдычных асоб. Кожны месяц праз газету праходзяць спісы пустуючых участкаў, якія жыхары могуць ці выкупіць, ці атрымаць у пажыццёвае валоданне пад абслугоўванне дома.

– Што больш карыстаецца попытам: пакупка зямлі або пажыццёвае валоданне?

– Напэўна, сярод ушачан па-ранейшаму пераважае пажыццёвае валоданне. Калі яны атрымліваюць дамы ў спадчыну, то такім чынам афармляюць часцей за ўсё зямлю. Дачнікі, наадварот, аддаюць перавагу выкупу зямлі, каб больш упэўнена адчуваць сябе гаспадаром. Участкі Вяркудскага сельсавета на берагах азёр менавіта прадаюцца ў прыватную ўласнасць, а паколькі карыстаюцца попытам, то і купляюцца намнога вышэй за кадастравую  ацэнку зямлі.

– Раней кошт квадратнага метра ў сельскай мясцовасці быў наогул сімвалічны – адзін цэнт, прычым зусім не ўлічвалася, на беразе возера размешчаны ўчастак ці ў глухой вёсцы зусім без вадаёма.

– Сапраўды, на кошт зямлі ўплывае наяўнасць інжынерных сетак: газу, водаправода, аддаленасць ад выгод цывілізацыі, а не прыродная маляўнічасць мясцовасці. Яно практычна так і засталося, хоць кошт зямлі павялічваецца з кожнай чарговай кадастравай пераацэнкай. Цаны па 1 цэнце за квадратны метр у раёне няма, ну а самымі дарагімі вёскамі застаюцца такія як Ліпавец і Градзянец – набліжаныя да гарпасёлка. Дарэчы, у гэтым годзе адбудзецца чарговая кадастравая пераацэнка зямлі, яна праводзіцца раз у чатыры гады.

– Права прыватнай уласнасці на зямлю спрашчае адказнасць уладальніка за яе выкарыстанне?

– Ніякім чынам. Адказнасць за належнае выкарыстанне атрыманага ўчастка існуе як пры прыватнай уласнасці на яго, так і пры пажыццёвым валоданні.  Іншы толькі механізм прыцягнення да адказнасці: у першым выпадку канфіскаваць зямлю можна толькі праз суд, у другім – рашэннем райвыканкама. Патрабаванне адно – на ім павінен быць парадак. І летась было адабрана 5 зямельных участкаў, два з іх – праз суд, гэта якраз той выпадак, калі людзі атрымалі зямлю ва ўласнасць, а на ўчастку акрамя былля нічога не расло. І калі раней мы спачатку выдавалі папярэджанне нядбайным гаспадарам, а толькі потым пераходзілі да больш жорсткіх мер, то сёлета адразу будзем штрафаваць. Так што раю ўсім карыстальнікам зямлі паглядзець, як яна выкарыстоўваецца, мінімальны штраф – палова базавай велічыні, а гэта на сёння 90 тысяч рублёў.

– Старшыня райвыканкама заўсёды ставіць задачу спецыялістам землеўпарадкавальнай службы сачыць за рацыянальным выкарыстаннем зямель не толькі прыватнікамі, але і юрыдычнымі асобамі.

– Так. Мы цалкам ажыццяўляем кантроль за захаваннем зямельнага заканадаўства. І летась штраф за самавольны захоп зямлі (адкрыццё кар’ера) атрымала ДРБУ­105. А гаспадаркі выкарыстоўваюць сваё права адкрываць кар’еры для ўнутраных патрэб, звяртаюцца да нас.

– Каб не плаціць ні штрафаў, ні падатку на зямлю, якую не ў стане больш абслугоўваць, людзі адмаўляюцца ад участкаў.

– Сапраўды, калі раней старэйшае пакаленне імкнулася займець гектары, то зараз не ў стане іх абслугоўваць і таму сапраўды адмаўляюцца, а землі перадаюцца ў абслугоўванне сельскагаспадарчым прадпрыемствам. Летась сельгасугоддзі гаспадарак павялічыліся на 127 гектараў. Акрамя гэтага ажыццяўляецца праграма “Чыстыя палі”: выкарчоўваюцца кустоўе, хмызняк, самі гаспадаркі больш рацыянальна пачынаюць выкарыстоўваць адведзеныя плошчы. Вяртаецца тэндэнцыя да ўзворвання ці выкарыстання пад пашы кожнага дробнаконтурнага ўчастка.

– Дзякуй за інтэрв’ю. Парадку на зямлі з кожным годам сапраўды становіцца больш. І ў гэтым заслуга ў тым ліку і спецыялістаў вашай службы.

Вольга КАРАЛЕНКА

на здымку: Л.Андрэйчык, М.Кірпічонак, А.Красько, С.Аўдошка, А.Кісель.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *