После учений по территориальной обороне шестеро ушачан стали разведчиками

Общество

На гэтым здымку яны больш падобныя на кампанію добрых сяброў, якія збіраюцца ў турпаход або на пікнік у выхадны дзень. Але ў сваіх мабільных тэлефонах на фота, якія датуюцца апошнімі тыднямі, хлопцы паўстаюць зусім у іншых абліччах – сур’ёзныя, у вайсковай форме, са зброяй у руках. Толькі двое з шасці да пачатку вучэнняў войскаў тэрытарыяльнай абароны мелі армейскі вопыт – на служэнне беларускаму народу ўжо прысягалі Дзмітрый Смык і Мікалай Антановіч. Але і яны сцвярджаюць, што нават пры праходжанні тэрміновай службы адпаведна ў інжынернай часці і войсках сувязі ім не даводзілася пераадольваць такія цяжкасці, якія чакалі іх, а тым больш “неабстраляных” салдат вучэбнай роты разведкі Рамана Сальнікава, Уладзіміра Палячэнку, Івана Пішчыка і Васіля Спірчонка.

Усяго за 25 сутак насычаных збораў у вайсковай часці №71327, што базіруецца ў Заслонаве Лепельскага раёна, гэтыя хлопцы сталі разведчыкамі. Аб інтэнсіўнасці падрыхтоўкі сведчыць хаця б той факт, што за тры з паловай тыдні толькі ў баявых стрэльбах з розных відаў стралковай зброі яны ўдзельнічалі па 6­7 разоў – больш, чым некаторыя за паўтара года тэрміновай службы! А пацвярджэннем паспяховага авалодання спецыфікай атрыманай воінскай спецыяльнасці з’яўляюцца граматы “за добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, разумную ініцыятыву і стараннасць, праяўленыя пры выкананні пастаўленых задач”. Гэта прадугледжвала і сур’ёзныя фізічныя нагрузкі, і ўдзел у складаных тактычных аперацыях, таму рытм жыцця да апошняй хвіліны вучэнняў заставаўся нязменна напружаным. Напрыклад, 1 красавіка, за два дні да заканчэння збораў, для паспяховага выканання задачы па захопе штаба ўмоўнага праціўніка ім прыйшлося ў поўнай баявой выкладцы зрабіць марш­кідок у 37 кіламетраў, а сам “аб’ект” у Бароўцы разведчыкі ўзялі пад поўны кантроль за чвэрць гадзіны.

Зразумела, што рабілі гэта яны не адны, бо на зборах праходзілі падрыхтоўку “тэрытарыялы” з многіх рэгіёнаў краіны, але большасцю з Віцебшчыны і Магілёўскай вобласці, у асноўным моладзь. І калі нашы хлопцы (за выключэннем работніка Полацкага піўзавода Івана Пішчыка) усе працуюць у арганізацыях раёна, то сярод прызваных на зборы з другіх рэгіёнаў шмат было “расіян”. Тыя, хто працаўладкаваўся ў суседняй краіне, воінскі доўг усё роўна выконваюць на Радзіме.

На харчаванне і ўмовы пражывання ў казармах яны не скардзіліся. Кажуць, што калі ўсё ж з’яўлялася вольная хвіліна, хацелася думаць аб нечым простым і прыемным. Таму ўспаміналі родных і блізкіх, сяброў і агульных знаёмых, параўноўвалі розны жыццёвы экстрым з тым, што давялося адчуць за час збораў. Дарэчы, страчаным яго ніхто з хлопцаў не лічыць, а набытыя ўменні называюць карысным жыццёвым вопытам, які спатрэбіцца не толькі падчас службы ў арміі.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *