Через 70 лет медаль нашла своего героя. С.Клепцу вручили награду, которую он должен был получить после войны

70-годдзе Перамогі

Ушаччына стала ўлюбёным месцам для масквіча Аляксея Мікалаевіча Акішына з моманту першага візіту на яе – сюды ён імкнецца ў вольны час, аднолькава камфортна адчувае сябе як у Глыбачцы, на радзіме жонкі, так і ў маляўнічым наваколлі Прудоў, дзе жыве яе дзед, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сямён Сцяпанавіч Кляпец. Нягледзячы на значную розніцу ва ўзросце за кароткі тэрмін мужчыны сталі добрымі сябрамі – у абодвух за плячыма баявое мінулае. Маёр запасу А.Акішын ваяваў у Афганістане, мае некалькі баявых узнагарод. Бачыўшы на ўласныя вочы жахі вайны, з асаблівай павагай адносіцца мужчына да ветэранаў, адзначае, што ў нас на Ушаччыне адчуваецца сапраўдны клопат аб іх, шануецца слаўная гераічная гісторыя народа.

Зусім нядаўна і ён зрабіў свой асабісты ўклад у гэту справу. Падчас аднаго з апошніх візітаў да С.С.Кляпца Аляксей Мікалаевіч зацікавіўся, чаму той не мае сярод узнагарод медаль “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”. Згодна Указа прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 9 мая 1945 года, ім узнагароджваліся ўсе ваеннаслужачыя, прымаўшыя ў радах Чырвонай Арміі, Ваенна-Марскога Флоту і войск НКУС непасрэдны ўдзел у ваенных дзеяннях на франтах, або якія забяспечвалі перамогу працай у ваенных акругах. Сярод дакументаў на ўзнагароды ветэрана адшукалася старая пажоўклая даведка, датаваная маем 1945 года, калі ён служыў на Балтыйскім флоце, якая і праліла святло на адсутнасць заслужанага медаля – на той момант у часці проста не мелася дастатковай колькасці ўзнагарод!

Гэты дакумент стаў падставай да звароту ў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, дзе захоўваюцца архіўныя звесткі. Там пацвердзілі, што прозвішча Сямёна Сцяпанавіча Кляпца сапраўды значыцца ў спісах узнагароджаных, але медаль ён не атрымліваў. Факт гэты з цягам часу забыўся, ды і сам ветэран не прыкладаў намаганняў да ўстанаўлення справядлівасці. Але ў справе ўшанавання ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны няма тэрміну даўнасці, тым больш што ветэранаў з кожным годам застаецца ўсё менш. Пасля афармлення ўсіх неабходных дакументаў А.М.Акішын прывёз узнагароду ва Ушачы, а 6 жніўня ваенны камісар раёна Уладзімір Яўгенавіч Пальчэх уручыў яе Сямёну Сцяпанавічу Кляпцу (на здымку). Праз 70 з лішнім год медаль знайшоў героя!

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *