Трофим Борисович Белоусов

70-годдзе Перамогі Общество

 

 У кожнага чалавека ёсць свае святыя месцы. Для мяне гэта помнік загі- нуўшым воінам і партызанам у гарпасёлку, дзе на адной з пліт стаіць сціплы запіс «Т.Б.Белавусаў». Іншай бацькавай магілы проста няма, і мая сям’я заўсёды на дні памінання продкаў прыходзіць у сквер. Сюды неаднойчы прыводзіў я сваіх трох унукаў, каб расказаць пра прадзеда, якога яны бачылі толькі вось па гэтым здымку 40-га года. Ды і сам я не памятаю бацьку, бо калі пачалася вайна, было толькі чатыры гады. Усе мае звесткі пра яго ваенную біяграфію ад людзей, якія былі побач у першыя дні вайны.Белоусов Т.Б. 

 

 

Бацька быў ураджэнцам Чаускага раёна, на Ушаччыну накіравалі оперупаўнаважаным пасля заканчэння партыйнай школы. Некалькі год мы жылі ў Весніцку, дзе праходзіла граніца, потым яго назначылі трэцім сакратаром Ушацкага райкама партыі. Перад вайной на некалькі месяцаў камандзіравалі ў Маскву на спецыяльныя курсы, каб потым пакінуць у тыле для падпольнай работы. Па гэтым факце я магу сцвярджаць, што пра хуткае нападзенне кіраўніцтва краіны ведала. Вярнуўся наш Трафім Барысавіч ва Ушачы за 10 дзён да вайны, а ў першыя яе дні сем’і сакратароў райкама эвакуіравалі, і мы нічога не ведалі пра бацьку да дня вызвалення раёна. Яго, як і іншых работнікаў райкама, пакінулі ў тыле.

У той дзень у пачатку ліпеня яны якраз праводзілі нараду, калі і пачулі гул машын. Гэта ехалі нямецкія танкі. Людзі беглі да лесу, які на той час быў намнога бліжэй, на месцы сённяшняга пасёлка катэджнай забудовы. Бацька разам з намеснікам ваенкома пачаў страляць з пісталета па гэтых машынах.

Не ведаю, на што разлічвалі яны, на тое, што трапяць у стралка за кулямётам, ці проста спрацаваў доўг абараняць, раз іх, камуністаў, пакінулі, а гэта быў першы рэальны вораг, які з’явіўся на Ушаччыне.

Бацька загінуў адразу, намеснік ваенкома, паранены, дапоўз да вёскі, дзе яму аказалі дапамогу, і ён працягваў ваяваць. Тады ж разам з імі былі паранены і загінулі іншыя людзі, якіх пахавалі ў брацкай магіле на ўшацкіх могілках. Пазней перапахавалі ў скверы ля помніка, а бацькава імя занесена таксама на пліты мемарыяльнага комплексу “Прарыў”.

Вось такая невялікая ваенная біяграфія майго бацькі Трафіма Барысавіча Белавусава. Здаецца, нічога гераічнага, аднак для мяне яго ўчынак заўсёды заставаўся прыкладам смеласці, вернасці сваім ідэалам і служэнню Радзіме. Я заўсёды памятаў пра гэта, калі выхоўваў уласных дзяцей, а таксама сваіх шматлікіх вучняў Ушацкай школы, многія з якіх абралі сваёй прафесіяй абарону Радзімы.

С.БЕЛАВУСАЎ
 

 

 
 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *