Торжественные и культурные мероприятия на Ушаччине не обходятся без Дины Пенкальской, имя которой занесено на районную Доску почёта

Экономика и малый бизнес

Усе раённыя ўрачыстыя цырымоніі і буйныя культурныя мерапрыемствы пачынаюцца з выхаду на сцэну гэтай прыгожай жанчыны. Зрэшты, элегантны касцюм вядучай балетмайстар Ушацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Дзіна Паўлаўна Пенкальская лёгка мяняе на яркую сукенку спявачкі, трыко танцоўшчыцы, ваенную гімнасцёрку ці казачны ўбор Снежнай каралевы. І ва ўсіх гэтых ролях выглядае абсалютна пераканаўча, як і належыць прыроджанаму артысту і аднаму з лепшых работнікаў культуры нашага раёна.

Але з усяго мноства сваіх амплуа перавагу яна аддае харэаграфічнаму напрамку, што і нядзіўна, бо скончыла адпаведнае аддзяленне Віцебскага дзяржаўнага вучылішча мастацтваў. Танцавала Дзіна з маленства, а азы харэаграфіі асвойвала пад кіраўніцтвам Людмілы Мікалаеўны Камаровай, якая вяла гурток у Арэхаўскім сельскім доме культуры. Артыстычны талент дзяўчыны заўважыла загадчык аддзела культуры Таццяна Міхайлаўна Малак і параіла вучыцца на культработніка. Не без хвалявання бацькі Ганна Ігнатаўна і Павел Іванавіч Долгія адпускалі 14-­гадовую дачку ў абласны цэнтр, аднак выбар яе падтрымалі, і праз чатыры гады Дзіна вярнулася ва Ушачы дыпламаваным харэографам.

Першае яе заданне ў раённым Доме культуры было хоць і не творчым, але вельмі адказным: уручыць кветкі і караваі дэлегатам партканферэнцыі. Дзяўчына, аднак, зусім не хвалявалася. Затое было вельмі боязна, калі ёй даручылі ролю Снягуркі на дзіцячых ранішніках, бо спадабацца дзецям складана. Але гэта ёй удалася. Да слова, персанажы дзіцячых ранішнікаў і спектакляў у Дзіны Пенкальскай заўсёды атрымліваліся на выдатна. Аднойчы нават быў такі казус: падчас ранішніка для дзяцей медработнікаў, дзе яны разам з Соф’яй Мікалаеўнай Тарасеняй у ролях Бармалея і яго прыспешніка выкрадалі Снягурку, адна маленькая дзяўчынка настолькі ім паверыла, што накінулася на казачных злодзеяў з кулакамі. За 27 гадоў, якія Дзіна Паўлаўна працуе ў сферы культуры, падобных кур’ёзаў было нямала. Прыгадвае, напрыклад, як падчас спектаклю “Прымакі”, які ўшацкія культработнікі паказвалі ў адным з сельскіх клубаў, у разгар пастаноўкі высветлілася, што некуды знік баян, на якім павінен іграць герой – давялося імправізаваць: з рэплікай “неяк халаднавата ў вас у клубе” музыка схаваўся за печку і “іграў” адтуль пад фанаграму.

Дзіна Паўлаўна не толькі добрая актрыса, але і выдатны сцэнарыст. Аб гэтым, прынамсі, сведчыць дыплом абласнога конкурсу, які яна атрымала два гады таму за распрацоўку сцэнарыя мерапрыемства да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Была ў яе кар’еры і яшчэ адна важкая перамога: у свой час на рэспубліканскім тэлеконкурсе маладых артыстаў эстрады “Зорная ростань” яна выйграла абласны этап у намінацыі “Лепшы вядучы”.

– Мая калега – вялікі прафесіянал! – адзначае С.М.Тарасеня. – Заўсёды здзіўляюся, як ёй удаецца рыхтаваць урачыстыя мерапрыемствы для прадстаўнікоў самых розных сфер дзейнасці – і рабіць гэта дасканала, з улікам спецыфікі прафесій.

І сапраўды, напэўна, не бывае выпадкаў, каб пасля праведзенага Д.П.Пенкальскай святочнага вечара нехта застаўся незадаволеным. Ёсць у яе і гарачыя прыхільнікі – старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец, напрыклад, свае заяўкі на правядзенне мерапрыемстваў суправаджае фразай: “Калі можна, няхай вядучай будзе Дзіначка!” Праўда, атрымліваецца гэта не заўсёды: вось і на нядаўнім свяце да Дня пажылых людзей канферанс даручылі маладым калегам, бо сама Дзіна Паўлаўна была занята падрыхтоўкай да абласных “Дажынак”, з якіх уся дэлегацыя ўшацкіх культработнікаў і артыстаў вярнулася пад вялікім уражаннем.

– Спачатку мы крыху засмуціліся, што нам адвялі месца не на цэнтральнай плошчы, а на прылеглай да яе вуліцы Леніна. Але высветлілася, што гэта наадварот гонар, бо там праходзіла шэсце дэлегацый, і права іх прывітаць атрымалі толькі самыя дастойныя калектывы, – расказвае Дзіна Паўлаўна. – Для мяне ж заўсёды вельмі радасна, калі наш раён бывае у ліку лепшых!

У гэты лік трапіла сёлета і сама Д.П.Пенкальская – яе прозвішча па выніках работы ў мінулым годзе занесена на раённую Дошку гонару.

– Зусім не чакала, што мая работа будзе так высока ацэнена. І лічу гэта заслугай усяго нашага калектыву: побач са мной на сцэне павінны былі б стаяць мае калегі, спецыялісты, якія адказваюць за гук, робяць дэкарацыі, вырашаюць адміністрацыйныя і гаспадарчыя пытанні, удзельнікі нашых творчых калектываў, – разважае Д.П.Пенкальская.

Менавіта ёй было даверана весці ўрачыстую цырымонію ўшанавання лепшых працаўнікоў, адным з герояў якой была яна сама. І ў час імпрэзы нельга было здагадацца, што жанчына тры тыдні таму перажыла вялікае няшчасце – пахавала маці: работнік культуры павінен пакідаць за кулісамі ўсе асабістыя праблемы. Сцэна ж, у сваю чаргу, лечыць самыя глыбокія душэўныя раны.

Пастаянныя паездкі, занятыя работай вечары, вядома ж, скарачаюць зносіны з сям’ёй, дзецьмі. Дачка Дзіны Паўлаўны Юлія, якая пасля вучобы прыехала працаваць у Арэхаўскую школу, і зараз прыгадвае, як сумавала, калі мама не прыходзіла на яе святочныя ранішнікі, бо ў гэты час весяліла іншых дзетак. Калі выхавацель сада, знаёмячыся з новай групай, запытаў у Стаса Пенкальскага, кім працуе яго мама, малы горда вымавіў: “Яна – алтыстка!” А гэта так прыемна, калі табой ганарацца і дзеці, і землякі, а любімая справа з’яўляецца прафесіяй.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *