На Ушаччине начался пастбищный период содержания крупного рогатого скота

Сельское хозяйство

У раёне ўжо стартаваў летне-­пашавы перыяд утрымання буйной рагатай жывёлы. Семінар па яго арганізацыі для кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак праведзены на базе ААТ “Агра­Селішча”. Спачатку ўдзельнікі мерапрыемства наведалі поле ля Баяршчыны, дзе размясціўся дойны статак аднайменнай малочнатаварнай фермы, а потым пераехалі на жывёлагадоўчы аб’ект у цэнтральнай сядзібе гаспадаркі: “Выйшлі на пашу – не значыць, што забыліся пра фермы”, – зазначыў начальнік райсельгасхарча Леанід Аляксандравіч Лісоўскі, які акрэсліў шырокае кола задач.

Яны для жывёлаводаў не ў навіну, бо штогод карэнным чынам не змяняюцца. Улічваючы ранні пачатак выпасу спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама нагадалі, як трэба правільна пасвіць жывёлу ў такіх умовах. Травастой яшчэ толькі фарміруецца, таму былі прадэманстраваны методыкі адбіўкі загонаў у адпаведнасці з наяўнасцю корму, разлікі сутачнай патрэбы ў пашы і колькасці загонаў.

Гаспадаркі павінны былі загадзя правесці неабходныя ветэрынарныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы жывёлы да выпасу – абрэзку капытоў і рагоў, апрацоўку пагалоўя ад паразітаў, наладзіць абсталяванне: перасоўныя даільныя ўстаноўкі, ёмістасці для малака і водапаення, падрыхтаваць печкі для падагрэву вады, не забыцца пра электраправодку і перасоўныя бытавыя памяшканні для работнікаў, якія ў асноўным падабраны. Працаваць ім прыйдзецца на 22 сфарміраваных гуртах, з якіх 7 – у ААТ “Ільюшынскі” і 4 – у КУСГП “Вялікадолецкае”. Аплата працы будзе напрамую залежаць ад надояў малака, выпасу статкаў у начны час, прыняцця прыплоду і ўдзелу ў выяўленні кароў у ахвоце.

Пераходны перыяд не павінен адбіцца на вытворчасці малака. Таму ўдзельнікам семінара рэкамендавалася для збалансаванасці і павелічэння пажыўнасці кармавой базы праводзіць падкормку жывёлы сенажом на пашах, трохразовую раздачу канцэнтратаў. Забяспечыць рост прадукцыйнасці малочнага пагалоўя ў летне­пашавы перыяд будзе немагчымым без наяўнасці якаснага зялёнага корму, які будзе там, дзе пашы своечасова прабаранаваны, падкормлены.

Пільную ўвагу неабходна звярнуць на прывядзенне ў належны стан сянажных траншэй, паколькі корманарыхтоўка ўжо не за гарамі. Аб гэтым гаварыў начальнік упраўлення вытворчасці жывёлаводчай прадукцыі і галіновага будаўніцтва аблсельгасхарча Віктар Мікалаевіч Шабалаў, які прымаў удзел у семінары. Рэкамендавана пасля выгану жывёлы ў поле правесці ачыстку памяшканняў ад арганікі ў максімальна сціслыя тэрміны, каб у далейшым нічога не замінала рамонту, дэзінфекцыі, якую правядуць спецыялісты райветстанцыі, рыхтавацца да вапнавання. Немалаважная акаліч­насць – навядзенне парадку на тэрыторыях ля ферм. Наогул, тэма добраўпарадкавання ўзнікала падчас нарады не адзін раз.

У Селішчы ўдзельнікі семінара наведалі прафілакторый, дзе ўтрымліваюцца маленькія цяляты. Тут гаворка ішла аб пытаннях вырошчвання жывёлы, узнаўлення статка і павелічэння пагалоўя. З восені мінулага года ўкараняецца новы тэхнічны рэгламент, рэкамендаваны Мінсельгасхарчам. Згодна яму кармленне маладняку да 45 дзён вядзецца без сена, а цяляты атрымлі­ваюць цэльнае малако, яго замяняльнік і камбікорм КР­1 з высокай пажыўнасцю, які станоўча ўплывае на развіццё стрававальнай сістэмы жывёлы. Не замоўчваліся і праблемы, як з невытворчым выбыццём жывёлы, так і з набыццём канцэнтратаў, адсутнасць якіх прыводзіць да павелічэння тэрмінаў вырошчвання маладняку да неабходнай вагі, што падаўжае перыяд яго пераводу ў дойны статак.

Здаецца – надвор’е аднолькавае, кармавая база не вельмі розніцца, а вынікі… Не пакінулі без увагі і праславуты чалавечы фактар, у тым ліку і асабістую адказнасць за вытворчыя паказчыкі кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак. Задач многа, але іх дасягненне будзе магчымым толькі пры выкананні аднаго патрабавання – за ўсім павінен быць кантроль. Не будзе яго — не будзе і вынікаў.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *