Ушачане поработали на районном субботнике

Благоустройство

Раённы суботнік, які праходзіў 4 чэрвеня, стаў працягам мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў раёна. Каб не распыляцца, а зрабіць значны аб’ём, былі акрэслены ключавыя кропкі дыслакацыі працоўнага дэсанта: двор Ленінскай,19, фізкультурна-­аздараўленчы комплекс, каток, агароджа сквера ля Ушацкай школы, Дубраўка, Сарочына… Хоць наводзілі парадак працоўныя калектывы і насельніцтва Ушаччыны на тэрыторыі кожнага сельсавета. 

Некаторыя з замацаваных за арганізацыямі аб’ектаў “ажылі” вельмі рана – работнікі лясгаса і жыллёва­-камунальнай гаспадаркі ўжо ў пяць гадзін накіраваліся на высечку кустоўя ля фізкультурна­аздараўленчага комплексу. Яны як заўсёды выканалі значныя аб’ёмы, прычым часткова – яшчэ загадзя, каб забяспечыць фронт работ іншым удзельнікам суботніка.

Акрамя абкосу тэрыторый, прывядзення ў парадак клумб і газонаў былі распачаты работы, якія за адзін дзень не выканаць, але ў хуткім часе яны будуць завершаны, і як каток ці сквер ля школы – будуць служыць ушачанам.

За новым прыгожым будынкам раённай насенінспекцыі і тэрыторыя хутка будзе не горш. Тут звінелі бензапілы работнікаў лясгаса – распілаваныя папалам драўляныя тэлефонныя слупы стануць масткамі і дарожкамі, якія будуць падведзены да альтанак, усталяваных работнікамі жыллёва­камунальнай гаспадаркі. Абкошаны берагі сажалкі, канала, якія раўняліся і засяваліся падчас ранейшых суботнікаў. Зроблена гэта і ля іншых штучных вадаёмаў – на вуліцах Піянерскай, Камсамольскай і Калінінскай, дзе з’явілася чарговая новая альтанка.

На мінулым суботніку набыла новы выгляд дваровая тэрыторыя дома №16 па вуліцы Ленінскай, а зараз аб’ектам увагі стаў двор шматпавярхоўкі на другім баку вуліцы – дома №19. Пад кіраўніцтвам дырэктара ДРБУ-­105 Анатоля Іванавіча Коцура дарожнікі і супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях займаліся ўстаноўкай бардзюра з замененых апор. Яшчэ большая колькасць выратавальнікаў была задзейнічана на рамонце агароджы школы, а ў новым скверы побач працавалі і настаўнікі, і вучні. Непадалёк ад іх, на катку, работнікі ПМК-­66, ДРБУ­105 і камунальнікі пачалі дэмантаж непрацуючай цеплатрасы, а газавікі ліквідавалі сметнік на могілках у Кавалеўшчыне.

Галоўнымі інструментамі падчас суботніка ў сельскіх населеных пунктах былі каса і сякера. Значны працоўны дэсант з райцэнтра накіраваўся ў Вяркудскі сельсавет. У вялікіх Стаях жыхароў засталося мала, таму ў абкосе пустуючых участкаў, навядзенні парадку ўздоўж дарогі, на могілках дапамогу вяскоўцам аказвалі супрацоўнікі ўшацкага аддзялення Дэпартамента аховы, з Вяркуд пад’ехалі работнікі сельвыканкама, сельскага Дома культуры, мясцовага ўчастка УП ЖКГ. Баршчэўнік на ўездзе ў Салаўёўку знішчалі працаўнікі райпаліўзбыту, шмат людзей пад кіраўніцтвам старшыні сельвыканкама Веры Міхайлаўны Маслак працавала ў Дубраўцы. Тэхнікай для ліквідацыі сметнікаў дапамаглі КУСГП “Глыбачаны” і мясцовы жыхар Уладзімір Іванавіч Целепень.

Да Тройцы выдаленнем кустоўя і травы на могілках займаліся на тэрыторыі ўсіх сельсаветаў. Дзе ўласнымі сіламі, дзе з дапамогай шэфаў вяскоўцы выканалі значны фронт работ – ад пасадкі кветак у парку аграгарадка Арэхаўна і добраўпарадкавання крыніцы ў Сарочыне да будаўніцтва пешаходнага мастка ў Двор Пліне і зносу аварыйнага дома ў Старым Сяле.

Усё, што робім як падчас гэтага, так і іншых суботнікаў, застанецца нам.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *