Делегация Ушаччины присоединилась к торжеству, посвящённому памяти Ефросиньи Полоцкой

Общество

Тысячы людзей у Полацку прайшлі сімвалічны шлях, якім некалі ішла Еўфрасіння Полацкая: ад Сафійскага сабора – да жаночага манастыра, заснаванага самой Прападобнай. Памяць заступніцы Беларусі ўшаноўвалі ў мінулую нядзелю, 5 чэрвеня, па ўсёй краіне, аднак самыя маштабныя ўрачыстасці традыцыйна прайшлі ў родным горадзе святой. Далучылася да іх і дэлегацыя Ушацкага раёна.

Царкоўныя службы ў Полацкай Сафіі не служаць амаль сто гадоў. Старажытны храм вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў дзейнічае як музей. І толькі раз у год – 5­-га чэрвеня – робіцца выключэнне.

Менавіта ў Сафійскі храм прыйшла 12­гадовая Прадслава – свецкае імя полацкай княжны, каб служыць Богу. Аўтарытэт Еўфрасінні Полацкай яшчэ пры жыцці прызнаваўся далёка за межамі Полацкага княства. 3 яе парадамі лічыліся полацкія князі і веча. Асабліва важкім было яе слова ў судах і спрэчках паміж князямі. Узведзены стараннямі Еўфрасінні ў 1161 годзе каменны Спаса­-Праабражэнскі сабор лічыцца адной з жамчужын старажытнага дойлідства. У гэты храм Еўфрасіння Полацкая ахвяравала і напрастольны крыж, які заказала майстру­-ювеліру Лазару Богшу. Сёння гэтая рэліквія ўваходзіць у сусветную дзясятку самых каштоўных прадметаў мастацтваў, што былі згублены.

Святая адчыніла першую жаночую школу, садзейнічала адкрыццю бібліятэк са скрыпторыямі, іканапіснымі і ювелірнымі майстэрнямі. У маленькай келлі ў адной са сцен Сафіі прападобная малілася і займалася перапісваннем кніг. Дзе дакладна знаходзілася гэтая келля, сёння невядома. Справа ў тым, што ў 1710 годзе храм быў знішчаны: узарваўся порах, які там захоўваўся, а пасля аднаўлення Полацкая Сафія стала зусім іншай – такой, як мы бачым яе зараз.

Менавіта адсюль у мінулую нядзелю пасля заканчэння Боскай літургіі, праведзенай архіепіскапам Полацкім і Глыбоцкім Феадосіем, пачаўся хрэсны ход, які ўзначалілі царкоўныя іерархі з розных рэгіёнаў Беларусі, прадстаўнікі свецкай улады. Не пабаяліся халаднаватага надвор’я, далучыўшыся да грандыёзнага рэлігійнага дзейства, многія палачане, госці горада, у тым ліку з­за мяжы. Давялося стаць сведкай таго, як група амерыканцаў яшчэ на падыходзе да Спаса-­Еўфрасіннеўскага манастыра з захапленнем пазіралі на храм, наперабой пытаючыся ў экскурсавода пра рэлігійнае жыццё нашага краю, саму Прападобную. Ушачане ж (а іх у гэты дзень у Полацку сабралася нямала!) ведаюць усё гэта як ойча наш. Штогод прыязджае ўшанаваць памяць святой Еўфрасінні Ганна Пашкова з вёскі Сарочына. Скарыстаўшыся выхадным днём, сёлета далучыўся да дзейства і яе муж. А сустрэча з настаяцелем храма Параскевы Пятніцы, што ў Арэхаўне, айцом Аляксандрам надало абаім узнёслага настрою. Па­-сапраўднаму асаблівым стаў гэты дзень і для юных ушачан. Пераадолеўшы ўвесь шлях хрэснага ходу, наведала праваслаўныя храмы, якія раней бачыла толькі ў кніжках, 6-­гадовая Паліна Коршун – на дзень памяці Еўфрасінні Полацкай дзяўчынка прыехала разам з бабуляй.

На саборнай плошчы ад імя кіраўніцтва вобласці ўсіх прысутных павіншавалі начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей аблвыканкама Міхаіл Даніленка і Патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел. Яны падкрэслілі, што адраджэнне духоўнасці – адна з важнейшых задач грамадства, паколькі ад таго, якімі вырастуць нашы дзеці, залежыць будучыня краіны. Прыкладам жа вернасці хрысціянскім ідэалам, служэння радзіме для ўсіх нас з’яўляецца жыццё Еўфрасінні Полацкай, якая натхняе на добрыя справы ў гонар адзінства, міру і дабра.

5 чэрвеня малебны ў гонар Прападобнай прайшлі ва ўсіх храмах Полаччыны. На пляцоўцы ля помніка святой перад райвыканкамам адбылося святочнае дзіцячае свята “Еўфрасінні – праз стагоддзі”. Шмат вернікаў сабралася і на ўсеагульны акафіст, пасля заканчэння якога яшчэ цэлую гадзіну ля Спаса­-Еўфрасіннеўскага манастыра гучалі званы. Завяршылася ж праграма нядзельнага дня вячэрнім канцэртам у гонар першай ігуменні Полацкага манастыра ў зале Сафійскага сабора.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *