Врача ультрозвукового исследования Татьяну Сидоренко знает каждый ушачанин

К профессиональному празднику

Аб гэтым Таццяна Мікалаеўна Сідарэнка ведала… яшчэ з дзіцячага садка. Першыя медыцынскія навыкі яна адточвала на аднагрупніках, робячы ім уколы звычайным значком.

Дзіцячая мара не рассеялася падчас юнацкіх пошукаў сябе, а толькі замацавалася і стала больш канкрэтнай. Буду нейрахірургам – такую задачу паставіла сабе дзяўчына пасля восьмага класа. А дапамог у гэтым пісьменнік Іван Шамякін. Сям’я Таццяны тады толькі вярнулася ў Беларусь з Манголіі, беларускаю мову дзяўчына не вывучала, таму летам вырашыла прачытаць нешта з праграмнага. Гэта аказаўся раман “Вазьму твой боль”. І мова спадабалася, і выбар падмацаваўся. І хаця пасля заканчэння сярэдняй школы ў Лідзе яна як пераможца рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, без іспытаў магла ісці ў любую профільную ВНУ Беларусі, Таццяна накіравалася ў таксама загадзя абраны Першы Ленінградскі медыцынскі інстытут.

І скончыла яго па спецыялізацыі неўрапатолаг. Падчас практык у хірургіі здалося, што не вытрымае па некалькі гадзін на аперацыях. У той жа час у канцы васьмідзесятых мінулага стагоддзя толькі распачынаўся новы накірунак – ультрагукавое даследаванне, ёй падабалася, так і атрымалася, што прайшла адпаведную спецыялізацыю.

Размеркавалі маладога ўрача, дарэчы, у Гатчыну Ленінградскай вобласці. Мабыць і жыла б зараз медык у горадзе з царскім палацам, толькі прыпала гэта на складаныя часы перабудовы, калі на зарплату медыка ў горадзе без уласнага жылля не пражывеш. Таму на радзіме, у Беларусі, праз некалькі год яна шукала месца працы па спецыяльнасці з жыллём. Лёс наканаваў Ушачы, куды з цягам часу Таццяна Мікалаеўна пераманіла і бацькоў, і сястру.

Разам прасцей, хоць па жыцці яна разлічвае толькі на сябе і, наадварот, прывыкла ўсім дапамагаць. У першую чаргу, канечне, ушачанам. Хоць існуе норма на колькасць прыёмаў па рэнтгене і УГД – 5 чалавек, яна ніколі ў яе не ўкладваецца. Ідуць і па накіраваннях, па неадкладнай хваробе, ці па запісе, платна, проста, каб перастрахавацца.

– Разумею, што гэта не капрыз людзей, звяртаюцца, таму што хворыя. Ультрагукавое даследаванне назначаюць практычна кожнаму: абавязкова пры экстранных выпадках, каб прыняць вернае рашэнне аб неабходнасці аперацыі, пры зваротах да тэрапеўтаў, гінеколага. Ды нават пры назначэнні фізіятэрапеўтычных працэдур неабходна пераканацца, што няма супрацьпаказанняў па шчытападобнай залозе. Як адмовіш?

“Доктар, а ці шкодна гэта?” – чула, як пытаюцца ў Таццяны Мікалаеўны перад пачаткам агляду. “Для вас – не”, – і супакоеныя пацыенты ўжо не звяртаюць увагі на гэта “для вас”. Так, шкодна гэта для самога доктара, тым больш пры павышанай нагрузцы. А колькі год Таццяна Мікалаеўна працавала без падмены – практычна не мела выхадных, паколькі ў любы момант: пасярод ночы ці, скажам, на Новы год цябе выклікаюць “па экстры”. Ну а калі па раёне пайшлі чуткі пра яе звальненне, здавалася, увесь раён імкнуўся абавязкова паспець прайсці УГД. Нас, пацыентаў, мала цікавіць, што доктар можа быць стомлены, хворы, без настрою.

Нават цяпер, калі ультрагукавое даследаванне праводзіць і другі ўрач Ушацкай ЦРБ Д.М.Пранік, на рэнгенолагах ляжыць вялікая нагрузка. Акрамя УГД, гэта расшыфроўка рэнтгенаўскіх здымкаў, флюараграфіі. Практычна штодзень дзякуючы ім выяўляюцца новыя захворванні, якія поўнасцю пацвярджаюцца пры даследаваннях у спецыялізаваных цэнтрах.

– Нагрузка на загадчыка рэнтгеналагічнага аддзялення заўсёды была вялікай. І зараз, хоць і два ўрачы, яна ўсё роўна большая за норму – у сярэднім 300 працэнтаў на кожнага, а бываюць месяцы, што і больш, – гаворыць намеснік галоўнага ўрача Вольга Аляксееўна Шаўчэнка. – Штогод пашыраем спектр аказваемых паслуг, пачалі рабіць ультрадыягностыку сасудаў, мышцаў, сэрца… Мяняюцца і патрабаванні, напрыклад, УГД сэрца з новага навучальнага года трэба будзе рабіць кожнаму першакласніку. Апарат жа ў нас адзін. А каб укараніць любы новы від УГД – урач абавязкова павінен прайсці спецыялізацыю, навучыцца. І менавіта імкненне развівацца, пастаянная самаадукацыя вылучае Таццяну Мікалаеўну Сідарэнку – дзякуючы гэтаму, урача першай катэгорыі, атрымаць якую вельмі няпроста.

Пры такой вось нагрузцы на рабоце, дома – толькі з кніжкай на канапе. Аднак двухпавярховы катэдж патрабуе сваёй “дзвюхзменкі”, паколькі на Таццяне Мікалаеўне – і жаночая, і мужчынская работа. Забетанаваць падлогу лазні, засекчы курыцу ці пераадолець паўтысячы кіламетраў за баранкай аўтамабіля – яна можа ўсё. Рана аўдавеўшы, адна падымае дваіх дзяцей, пастаянна трымаюць з маці падсобную гаспадарку, садзяць агарод. І пры ўсім пры гэтым яна заўсёды і пастаянна вельмі многа чытае – і спецыяльнай, і мастацкай літаратуры. У доме – вялікая бібліятэка, якая папаўняецца новымі творамі фантастаў – любімым жанрам яе і сына – будучага атамнага энергетыка. Добра вучыцца і вядомая сваімі спартыўнымі дасягненнямі ў стральбе дачка Ганна Кандзякова. Тры пакаленні сям’і СідарэнкаКандзяковых пры рознасці характараў яднае крэатыўнасць, неардынарнасць. За кароткі час кожны з іх стаў сваім і вядомым у раёне. І калі маці Лідзію Кірылаўну выдатна ведаюць члены клуба “Ушачане”, то дачку Таццяну Мікалаеўну – усе ўшачане раёна.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *