День работы с населением прошёл в Сорочинском сельсовете

Зваротная сувязь

Дні работы з насельніцтвам, падчас якіх жыхары самых аддаленых вёсак раёна могуць агучыць праблемы, якія пагаршаюць якасць іх жыцця, даўно даказалі сваю дзейснасць і канструктыўнасць. Гэтая форма дазваляе прадстаўнікам раённай улады, кіраўнікам зацікаўленых службаў пачуць літаральна кожнага, вывучыць пытанні, якія хвалююць вяскоўцаў, і вызначыць шляхі іх вырашэння.

І сапраўды, умоўны рэйтынг праблемных пытанняў Cарочынскага сельсавета ўзначаліла дарожнае, а таму менавіта ДРБУ-­105, ДЭУ-­37 і УП ЖКГ датычылася найбольш пунктаў у зводным пратаколе даручэнняў, які быў складзены па выніках аб’езду вёсак рабочымі групамі. Трэба сказаць, што гэта праблема актуальная для ўсяго раёна, бо абвастрылася з­за характэрнай для сёлетняга лета непагадзі. Так, напрыклад, амаль непраезным пасля дажджоў становіцца мост перад Федаронкамі. На стан навакольных дарог наракалі жыхары вёсак Жывалака, Забалацце, Гвазды, Казьяне, Пілатоўшчына, Адворня, Гара, Кісялёва і іншых. Некаторыя з іх ужо падсыпаны і прагрэйдзіраваны, у асобных выпадках будзе вышуквацца магчымасць больш грунтоўнага рамонту, напрыклад, з выкарыстаннем фрагментаў знятага ў райцэнтры асфальтавага пакрыцця. Варта адзначыць, што ў сельсавеце вядзецца сістэмная работа па рамонце дарог. Як прыклад гэтаму – адрамантаваныя дарогі ў Ляснеўшчыне, Ваўчо, іншых вёсках.

Узнімаліся вяскоўцамі і іншыя аспекты “транспартнай” тэмы: так, жыхарка Кулінава прасіла зрабіць на аўтобусным прыпынку лавачку, у некалькіх вёсках будуць адноўлены зніклыя дарожныя ўказальнікі з іх назвамі.

Яшчэ адной хвалюючай тэмай для вяскоўцаў з’яўляецца асвятленне населеных пунктаў. Гэтае пытанне ўзнімалі, у прыватнасці, жыхары вуліцы Прыазёрнай вёскі Слабада. На жаль, з­за адсутнасці на ёй адпаведнай лініі вырашыць яго магчыма, толькі калі падключыць ліхтар непасрэдна да сістэмы энергазабеспячэння аднаго з дамоў вуліцы, калі знойдзецца такі дабраволец.

Жыхароў шэрагу вёсак сельсавета непакоіць праблема распаўсюджвання баршчэўніку. Не абвяргаючы складанасці гэтага пытання, трэба зазначыць, што сярод тых, хто наракаў на “наступленне” расліны на свае падворкі, былі і працаздольныя мужчыны, якія маглі б і самі ўзяць у рукі касу, але чакаюць, пакуль гэта за іх зробіць “добры дзядзька”. Не сакрэт, што наш раён мае высокую ступень забруджанасці баршчэўнікам, і барацьба з яго распаўсюджваннем патрабуе аб’яднання намаганняў і ўсіх адказных службаў, і саміх жыхароў. Трэба сказаць, што гэта работа ў раёне вядзецца даволі актыўна. Па словах кіраўніка раённай экалагічнай службы М.А.Шука, на мерапрыемствы па барацьбе з баршчэўнікам сёлета накіравана больш 47 тысяч дэнамінаваных рублёў. У выніку па стане на 1 жніўня ад расліны было ачышчана 385,5 гектара, з іх 48,5 – хімічным спосабам, 337 – шляхам механічнай апрацоўкі з улікам паўторнага скошвання, дыскавання і пераворвання. Убраны ад баршчэўніку і многія ўчасткі Сарочынскага сельсавета: сёлета, напрыклад, абкошана наваколле Бікульніч, Казьяняў, летась хімічным шляхам апрацаваны ўчасткі ля Сарочына, Пяскоў. Работа і надалей будзе весціся актыўна і планамерна.

Не пакідае абыякавым вяскоўцаў і яшчэ адно экалагічнае пытанне – уборка і вываз смецця. Узнімалі яго, у прыватнасці, жыхары Белага. Як патлумачыла Л.Я.Птушка, 12 вяскоўцаў выказалі згоду аплачваць вываз смецця камунгасам, аднак далёкая адлегласць і знаходжанне ўбаку ад існуючых маршрутаў робяць сабекошт гэтай паслугі занадта дарагім, і лепшым выйсцем тут бачыцца абсталяванне ля вёскі часовага месца для захавання адходаў (яно, дарэчы, ужо вызначана).

Тэма навядзення парадку на зямлі вельмі цікавіць вяскоўцаў. І прыемна, што многія пытанні яны знімаюць, сабраўшы сродкі самаабкладання: так, прынамсі, было з высечкай аварыйных дрэў на могілках у Забалацці. Нямала праблем для месцаў апошняга спачыну даставілі нядаўнія моцныя вятры і навальніцы. Шмат прыйшлося папрацаваць брыгадзе УП ЖКГ, каб навесці парадак на могілках у Завячэллі, Мосары, Ліпаўках, убраўшы зламаныя і аварыйныя дрэвы.

Няблага абстаяць справы на тэрыторыі сельсавета і па зносе трухлявых пабудоў – па выкананні мерапрыемстваў, акрэсленых Указам Прэзідэнта краіны №100 “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні пустуючых і трухлявых дамоў у сельскай мясцовасці” Сарочынскі сельсавет стаў летась лепшым у раёне – тут было ліквідавана 16 пабудоў, 8 запланавана знесці сёлета. Па гэтым пытанні вядзецца вялікая карпатлівая работа з уладальнікамі старых дамоў, іх роднымі і суседзямі. Дапамагае ў зносе ПУП “Меналайн”, з кіраўніком якога Віктарам Прашкевічам наладжаны цесныя сувязі. І такую дзейнасць трэба актыўна працягваць, бо ў вёсках Жывалака, Бутава, Латышова, Альшаны і некаторых іншых яшчэ маюцца дамы, якія псуюць мясцовыя краявіды.

Тэма навядзення парадку на зямлі была адной з ключавых на выніковым пасяджэнні. Як адзначыў старшыня райвыканкама В.В.Родзіч, і ў прадстаўнікоў мясцовай улады, і ў замацаваных шэфаў, і ў саміх вяскоўцаў наперадзе шмат работы, весці якую трэба сістэмна і планамерна. На такіх жа прынцыпах павінна грунтавацца любая работа па вырашэнні, а яшчэ лепш – папярэджанні праблем, з якімі сутыкаюцца жыхары сельскіх населеных пунктаў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *