Вопросы налогообложения всегда актуальны

Зваротная сувязь

Падчас “прамой лініі” з чытачамі раённай газеты начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Ушацкім раёне Л.А.Мядзведзевай званкоў не было. Насельніцтва з пытаннямі, якія датычацца названай сферы, як правіла, звяртаецца непасрэдна ў адпаведны орган і атрымлівае кампетэнтныя адказы. Падрабязна Любоў Аляксандраўна адказала на два нашы пытанні, якія датычацца многіх ушачан.Ці існуюць віды дзейнасці, якімі можна займацца без афармлення прадпрымальніцтва?

– Фізічная асоба мае права ажыццяўляць пэўныя віды дзейнасці без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Гэта чыстка і ўборка памяшканняў, выпас жывёлы, музычнае абслугоўванне вяселляў, юбілеяў, фотаздымка, рэпетытарства, рамонт і пераробка трыкатажных, футравых, швейных вырабаў і галаўных убораў і іншае.

Для нашага сельскагаспадарчага раёна найбольш актуальныя такія віды, як аказанне паслуг па вырошчванні сельгаспрадукцыі, а таксама па драбленні зерня. На сённяшні дзень на ўліку ў інспекцыі знаходзіцца шэсць фізічных асоб, якія аказваюць вышэйназваныя паслугі.

Якія віды дзейнасці не абкладаюцца адзіным падаткам?

– У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам не з’яўляецца аб’ектам абкладання адзіным падаткам рознічны гандаль агароднінай і садавінай (у тым ліку і ў перапрацаваным выглядзе шляхам салення, квашэння, мачэння, сушэння), іншай прадукцыяй раслінаводства (за выключэннем дэкаратыўных раслін і прадукцыі кветкаводства) пры ўмове, што такая прадукцыя вырашчана на асабістым падсобным участку, што пацвярджаецца даведкай мясцовага выканаўчага і распарадчага органа. У выпадку адсутнасці даведкі пры рэалізацыі вышэйназванай прадукцыі фізічныя асобы абавязаны заплаціць адзіны падатак, але не больш, чым за пяць дзён гандлю ў каляндарным месяцы.

Пры ажыццяўленні рознічнага гандлю прадукцыяй кветкаводства (расада, насенне кветак), вырашчанай на ўласным участку, і пры наяўнасці даведкі фізічныя асобы плацяць адзіны падатак. Пры гэтым колькасць дзён гандлю ў каляндарным месяцы не абмяжоўваецца. Калі ж фізічная асоба не мае адпаведнай даведкі, то яна можа ажыццяўляць гандаль не болей 5 дзён у каляндарным месяцы, заплаціўшы адзіны падатак.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *