Главный архитектор о новых проектах Ушачского района

Зваротная сувязь

Кожнаму нашаму земляку цікава, як будзе ў хуткім часе выглядаць райцэнтр і іншыя населеныя пункты Ушаччыны, якія новыя будынкі будуць радаваць наша вока, якія праекты рыхтуюць спецыялісты. Задаць адпаведныя пытанні галоўнаму архітэктару раёна Галіне Віктараўне Дымман усе жадаючыя мелі магчымасць 9 жніўня падчас “прамой лініі”.

Жыхарку гарпасёлка цікавіла, ці робіцца праект кааператыва “Зарэчны” прыватнага сектара па газіфікацыі.
– У нашым раёне зараз створаны чатыры кааператывы па газіфікацыі: акрамя названага, два ў вёсцы Арэхаўна і адзін – у Градзянцы. Работы распачаты па ўсіх чатырох. Нядаўна прыязджалі праектанты з Віцебскага філіяла “Белгіпразема”. Схематычна вызначаны маршрут, па якім будзе пракладзены газаправод. Ён пачнецца ля ЦРБ, пройдзе пад ракой, потым – па вуліцах Кастрычніцкай і Ленінскай, з адгалінаваннямі на вуліцы Каранеўскага і Данукалава, з закальцоўкай на астатніх вуліцах кааператыва. Рыхтуецца дакументацыя на адвод зямель, – расказала Галіна Віктараўна.
Наступнае пытанне было такім: ці плануецца ў бліжэйшы час злучыць вуліцы Віцебскую і Надзеі Касцючэнка, і як гэта будзе выглядаць?
– Сапраўды, такая задума ёсць. Па-першае, зараз праектуецца новы жылы квартал (за вуліцай Н.Касцючэнка), які будзе складацца прыкладна з 20 індывідуальных дамоў. Плануецца, што прастору паміж ім і вуліцай Віцебскай зойме будынак фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Адвод зямель пад яго ўжо зроблены. Аднак аб тым, як менавіта будзе выглядаць будынак, пакуль гаварыць рана. Магчыма, за аснову будзе ўзяты праект комплексу ў Бялынічах Магілёўскай вобласці, куды мы спецыяльна наведваліся, каб вывучыць вопыт дзейнасці, бадай, адзінага пакуль у рэспубліцы падобнага збудавання. Хацелася б, каб у склад комплексу ўвайшлі стадыён, плавальны басейн, трэнажорная зала, пляцоўкі для валейболу і тэнісу і нават гасцініца, сталовая (каб можна было запрашаць да нас на зборы каманды майстроў і атрымліваць на гэтым прыбытак).
Чаму менавіта гэтае месца было абрана для будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу? Разглядалася тры варыянты, кожны з якіх меў як свае выгоды, так і мінусы. Даволі дарэчы, на мой погляд, было б пабудаваць комплекс на месцы стадыёна паміж Калінінскай і Савецкай, што “акультурыла” б адну з цэнтральных вуліц гарпасёлка. Аднак давялося б рассяліць і знесці некалькі дамоў – а гэта вельмі дарагое “задавальненне”. Варыянт пабудаваць новы комплекс на аснове старога лазнева-аздараўленчага таксама не знайшоў падтрымкі, таму спыніліся на пляцоўцы, свабоднай ад пабудоў.
Жыхар райцэнтра цікавіўся, ці будзе пабудаваны новы магазін на вуліцы Віцебскай.
Ён атрымаў адказ, што такія планы былі, аднак з-за недахопу сродкаў яны пакуль не ажыццявяцца. Аднак плануецца правесці рэканструкцыю павільёна.
Апошняе пытанне датычылася стварэння ў гарпасёлку гаражнага кааператыва.
Галіна Віктараўна паведаміла, што новым генеральным планам г.п. Ушачы, які зараз распрацоўваецца, будзе прадугледжана месца для будаўніцтва сучаснага гаражнага кааператыва тыпу паркінга.
Падрыхтавала Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *