Уже 10 лет Ореховно имеет престижный статус агрогородка

Общество

Вось ужо 10 год населены пункт Арэхаўна мае прэстыжны статус аграгарадка. Калі прымалася дзяржаўная праграма па іх будаўніцтве, у нашым раёне менавіта гэта вялікая перспектыўная вёска стала першым кандыдатам на набыццё новага гарадскога аблічча. Цяпер гэта сапраўдны сацыяльна-­культурны сельскагаспадарчы цэнтр, у якім, у адпаведнасці са стандартамі, маецца ўся неабходная для якаснага і камфортнага жыцця інфраструктура.

Узорнымі ў сферы адукацыі раёна лічацца Арэхаўская школа і дзіцячы сад. Запатрабаванні жыхароў у адпаведных сферах задавольваюць фельчарска­акушэрскі пункт, магазін, аддзяленне сувязі, Дом культуры, бібліятэка. Мясцовыя дзеці, не выязджаючы ва Ушачы, могуць браць урокі ў выкладчыкаў школы мастацтваў. Ну а арэхаўская лазня ўвогуле славіцца на ўвесь раён: аматары лёгкай пары едуць сюды і з райцэнтра. Праваслаўныя вернікі маюць свой храм, які з’яўляецца адной з галоўных славутасцей Арэхаўна.

Вельмі важным фактарам для перспектыў любога населенага пункта, канечне, з’яўляецца працаўладкаванне жыхароў. Вырашыць гэтае пытанне дапамагаюць сельгаспрадпрыемствы КУСГП “Арэхаўна” і УП “Сарочына”, мясцовы ўчастак УП ЖКГ, установы сацыяльнай сферы. Прадстаўлены ў аграгарадку прыватны бізнес і рамесніцтва – да прыкладу, у памяшканні былой саўгаснай майстэрні наладзіла дрэваапрацоўчую вытворчасць “Алекс­Нутта”, а нядаўна ў Арэхаўне адкрыўся аб’ект аграэкатурызму “Таццяніна сяліба” – і гэта нядзіўна, бо знаходзіцца населены пункт у прыгожым маляўнічым месцы і пры гэтым мае ўсе патрэбныя камунікацыі. І аграгарадок працягвае развівацца, прырастаць новымі аб’ектамі – нядаўна яго ўпрыгожыў дом сямейнага тыпу, за сродкі Сарочынскага сельсавета ў парку ўстаноўлена дзіцячая пляцоўка – плануецца, што ў бліжэйшы час яна будзе пашырана.

Важнейшым крытэрыем, па якім ацэньваецца населены пункт, можна назваць жыллёвы аспект. І ў гэтым плане паказальным з’яўляецца факт, што дамы і кватэры ў Арэхаўне карыстаюцца попытам і маюць практычна такі ж рыначны кошт, як і ў гарпасёлку.

Ну а галоўны гонар і здабытак Арэхаўна – працавітыя, гаспадарлівыя, шчырыя людзі. Зараз тут пражывае 668 чалавек, многія з якіх прыйшлі ў апошнюю жнівеньскую нядзелю на свята, што работнікі мясцовага Дома культуры наладзілі з нагоды юбілею стварэння аграгарадка. Арганізатары падрыхтавалі вельмі насычаную праграму: прыгадалі гістарычныя вехі населенага пункта, яго знакамітых жыхароў, узнялі сімвалічныя сцягі ў гонар усіх мясцовых прадпрыемстваў і службаў. Старшыня Сарочынскага сельвыканкама Л.Я.Птушка падзякавала жыхарам аграгарадка за парадак ля іх дамоў, а ўзорнымі ў гэтым плане назвала сем’і Карбоўскіх, Аўтух і многіх іншых. Былі ўшанаваны старэйшыя жыхары Арэхаўна – самы значны ўзрост сярод іх мае 92­гадовая Зоя Сямёнаўна Лісоўская. Віншаванні атрымалі сем’і Ясюкоў, Шчэрбікаў і Асяпёнкаў, у якіх нядаўна з’явіліся немаўляткі. А што можа выклікаць большы аптымізм, чым маладыя сем’і, якіх у Арэхаўне жыве шмат! Узнёслыя словы былі выказаны ў адрас мнагадзетнай маці Кацярыны Каралёвай, нарадзіўшай шасцярых дзетак. Праўда, сама яна атрымаць прыз не змагла, бо ўкладвала спаць двухмесячнага Кірушу, а таму ўсе лаўры на свяце дасталіся яе мужу Аляксею і іх прыгажуням­дачушкам. Адразу сталі сваімі ў Арэхаўне былыя глыбачанцы Анастасія і Вячаслаў Залатыя, якія выхоўваюць пецярых дзяцей у доме сямейнага тыпу. Персанальны прыз атрымала Ніна Уладзіміраўна Емяльянава – вельмі паважаны сярод вяскоўцаў чалавек, які нягледзячы на цяжкія жыццёвыя абставіны (жанчына не можа хадзіць) паказвае іншым прыклад жыццялюбства і высокай маральнасці. Не маглі абысці ўвагай і народнага майстра Уладзіміра Бязрукава, які сваімі дзівоснымі вырабамі ўслаўляе родны аграгарадок далёка за межамі Ушаччыны. Тое, што арэхаўскія дзяўчаты такія ж прыгожыя, як і мясцовыя кветкі, даказала пераможца конкурсу на лепшы букет Юлія Кучынская (на здымку). Ну а пра таленты жыхароў гэтага населенага пункта нікому ў нашым раёне і гаварыць не трэба: гледачы, якіх у гэты цёплы дзень сабралася ў цэнтральным парку нямала, з захапленнем успрымалі ўсе нумары, якія для іх падрыхтавалі дырэктар СДК Вольга Мацулевіч, вакальны гурт “Дубравушка”, тэатр мініяцюр “Кадры”, удзельнікі розных гурткоў сельскага дома культуры, сярод якіх, напэўна, самыя вялікія авацыі сабрала “маленькая прынцэса” Насця Мятла. Увогуле ж дзеці сталі аднымі з галоўных удзельнікаў свята – для іх была арганізавана спецыяльная гульнявая праграма. Ад душы весяліліся і дарослыя, даказваючы, што ўмеюць не толькі шчыра працаваць, але і добра адпачываць. А ўсе водгукі людзей, якія давялося пачуць у гэты дзень, былі аб’яднаны адной думкай: нам пашчасціла жыць, вучыцца, працаваць у самым лепшым і прыгожым месцы на свеце – у нашым дарагім Арэхаўне!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *