Семья Бакуриных из агрогородка Веркуды «оживила» свой дом красивыми рисунками

Благоустройство

Гэты дом у пачатку Вяркуд не вылучаўся сярод астатніх падобных адзін на аднаго на вуліцы Сонечнай. А зусім нядаўна ён так пераўтварыўся, што кожны, хто праязджае ці праходзіць міма, проста не можа не звярнуць на яго ўвагу.

Ідэя размаляваць свой дом належыць самой гаспадыні Наталлі Віктараўне Бакурынай – захацелася “ажывіць” сцяну дома, на якой няма вокнаў, напісаць на ёй які­небудзь прыродны пейзаж. Малюнкі глядзелі і выбіралі ў інтэрнэце. Так з’явілася на сцяне карціна з возерам і лебедзямі, дрэвамі і лясной дарожкай. Калі малюнак быў поўнасцю гатовы, вельмі захацелася зрабіць такімі ж яркімі і астатнія бакі пабудовы. Так яшчэ больш вясёлым стаў дом са з’яўленнем на ім птушак на сінім небе, сонейка, вожыка, грыбочкаў, плаваючых рыбак.

Гледзячы на гэтыя малюнкі, думаеш, што займаўся жывапісам чалавек, звязаны з мастацтвам, аднак Наталля Віктараўна зазначыла, што да дапамогі спецыялістаў не прыбягала і сама ўзяла ў рукі фарбы і пэндзлі:

– Калі ёсць моцнае жаданне, то і таленты праяўляюцца самі сабой. Здавалася, што і навыкаў малявання ў мяне няма, а атрымалася весела і прывабна. Дарэчы, стваралі гэтую прыгажосць усёй сям’ёй разам з мужам Дзмітрыем Сяргеевічам і сынам Пашам. Таксама дапамагла нам і наша знаёмая, студэнтка Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М.Машэрава Наталля Тараканава, якая праводзіла ў жніўні канікулы ў роднай вёсцы. Спачатку малюнкі былі зроблены на паперы, потым перанеслі іх на сцены. У якасці асноўнага матэрыялу выкарыстоўвалі звычайную фарбу­эмаль розных колераў. Увесь працэс заняў каля трох тыдняў.

Цяпер гаспадары дома ўжо выношваюць наступныя планы па ўпрыгожванні сваёй сядзібы, сярод якіх размаляваць веранду і сцяну дома, якая глядзіць на ўнутраны двор. У сям’і ніколі не сядзяць склаўшы рукі – Наталля працуе ў аддзяленні кругласутачнага прабывання для пажылых людзей і інвалідаў, а Дзмітрый на мясцовай ферме. Хапае работы ў іх з хатняй гаспадаркай і прысядзібным участкам, але знаходзяць час для такіх вось спраў, звязаных з добраўпарадкаваннем.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *