Своя линия «Менолайна». Частное предприятие на Ушаччине занимается сносом старых домов и не остаётся в стороне от добрых дел

Экономика и малый бизнес

З 2005 года на Ушаччыне ажыццяўляе сваю дзейнасць прыватнае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Меналайн”, заснавальнікам якога з’яўляецца Віктар Анатольевіч Прашкевіч. І калі за гэты час многія фірмы як рэгістраваліся, так і спынялі сваю дзейнасць, то “Меналайн” не толькі ўтрымаўся, але і пашыраў род занятку. І хоць сёння гэта не буйное прадпрыемства, але яно трывала заняло сваю нішу, займаючыся зносам старых дамоў.

Дома і сцены дапамагаюць

Для любой справы, безумоўна, заўсёды неабходны стартавы капітал. А таму і пачынаў В.А.Прашкевіч з малога, пакрыху зарабляючы на далейшае развіццё. Прыбытак не “пускаўся на вецер”, а ўкладваўся ў тое, што давала аддачу – так паступова абжываліся тэхнікай, неабходным абсталяваннем. Невялікі адрэзак часу прадпрыемства базіравалася ў Матырыне, але высокая арэндная плата вымусіла адмовіцца ад памяшкання. Знайшоўся больш зручны і добры варыянт – у Федаронках, дзе размяшчаецца бацькоўская сядзіба.

Разбірацца ж у многіх сферах дапамагала і вышэйшая адукацыя, Віктар Анатольевіч скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці інжынер­будаўнік. Не рваўся малады хлопец у вялікі горад, а вырашыў распачынаць сваю справу ў родным раёне – дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць. Тым больш што з дзяцінства бацькі прывучылі шмат працаваць, заўсёды дабівацца намечанага.

Добраўпарадкоўваюць вёскі

Асноўным відам работ прыватнага прадпрыемства з пачатку яго заснавання па сённяшні дзень з’яўляецца знос старых і трухлявых дамоў. Сельскае насельніцтва старэе, у многіх населеных пунктах нямала пустуючых пабудоў. Ёсць вёскі, дзе на адзін дагледжаны дом прыходзіцца тры трухлявыя. А таму справа гэтая  патрэбная і запатрабаваная, хоць і нялёгкая. Атрымліваецца, што “Меналайн” не проста аказвае паслугі, а робіць населеныя пункты добраўпарадкаванымі.

– З прыняццем Указа №100 “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні пустуючых і трухлявых дамоў у сельскай мясцовасці” актывізавалася работа па іх зносе, да нас звяртаюцца старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў. Немалую работу, напрыклад, зрабілі па сваім Сарочынскім сельсавеце, толькі ў Вярхоўі знеслі каля дзясятка дамоў, – расказвае В.Прашкевіч.

Дарэчы, працуе “Меналайн” не толькі ў нашым раёне, даводзілася зносіць дамы і  на суседняй Полаччыне.

Дадатковай работай прадпрыемства з’яўляецца лесанарыхтоўка і апрацоўка драўніны, на базе для гэтых мэт маецца невялікая піларама. Не з размахам, але займаецца вытворчае прадпрыемства і сельскай гаспадаркай – сее на прылягаючых землях зерневыя.

“Бацька – мой першы памочнік!”

Здавалася б, дзейнасць, якой займаецца “Меналайн”, патрабуе шмат рабочай сілы, аднак тут усяго некалькі працаўнікоў. Калісьці работнікаў было больш, але цяперашняя эканамічная сітуацыя вымушае трымаць невялікі штат.

– Няма калі размаўляць, трэба ісці працаваць! – рваліся хутчэй узяцца з раніцы за справу асноўныя работнікі вытворчага прадпрыемства – Віталь Богуш і Віталь Роўба. У гэты дзень у іх на мэце стаяла закончыць рамонт аднаго з трактароў.

– Абодва – людзі старанныя, за што ні возьмуцца – усё выканаюць як след, – пачаў хваліць сваіх работнікаў Віктар Анатольевіч.

В.Богуш па спецыяльнасці вальшчык лесу, а В.Роўба трактарыст-­машыніст з залатымі рукамі. Не толькі ў тэхніцы, а і ў сельскай гаспадарцы разбіраецца выдатна!

А вось сваёй правай рукой, першым памочнікам і дарадцам Віктар называе свайго бацьку Анатоля Іосіфавіча. Сплаў маладосці, мудрасці і вопыту, вядома ж, дае добры вынік.

Трэба адзначыць, што Віктар Анатольевіч з тых, хто сам разам з работнікамі бярэцца за справу. Не толькі кіруе і арганізоўвае работу, а і выконвае яе па неабходнасці.

І робяць дабрачынныя справы

Спытаўшы ў В.Прашкевіча пра дабрачынныя справы іх прадпрыемства, прывяла яго ў разгубленасць: “Нічога звышнатуральнага не  робім!” Тым не менш, не раз даводзілася чуць толькі добрыя водгукі пра заснавальніка ПВУП “Меналайн”. Так, нядаўна мы пісалі пра новы масток, які з’явіўся ў Двор Пліне. Пакласці яго на топкім месцы бясплатна дапамог менавіта Віктар Анатольевіч. Падтрымлівае арганізацыя раённае аддзяленне Фонду міру, прымала ўдзел і ў зборы грашовых сродкаў на  лячэнне анкалагічна хворых дзяцей.

Чаму ўсё ж такі “Меналайн”?

Стваральнікі прыватных прадпрыемстваў звычайна імкнуцца ўкласці ў назву сэнс сваёй дзейнасці ці, напрыклад, штосьці звязанае са сваім імем, прозвішчам. Як патлумачыў Віктар Анатольевіч, ідэя назвы ўзнікла ад мясцовага возера Мена. Першапачаткова пры ўтварэнні прадпрыемства ў планах была здабыча сапрапелі – надзвычай карыснага ўгнаення з гэтага возера, але ажыццявіць такую задуму не атрымалася. Гаворачы ж аб планах на будучае, мужчына называе не толькі пашырэнне таго, чым ужо займаюцца, а і новыя віды дзейнасці. У ліку іх зноў жа здабыча сапрапелі. Ну а дзякуючы энтузіязму, мэтанакіраванасці і працавітасці заснавальніка ўсё павінна атрымацца!

Вольга КАМАРКОВА.

На здымку: Віктар і Анатоль Прашкевічы; Віталь Богуш і Віталь Роўба.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *