Печь стала причиной пожара в деревне Апанасковичи

Cлужба-101

Звычайным кастрычніцкім днём жыхарка Апанаскавіч рабіла свае паўсядзённыя справы. Як заўсёды растапіла печ, якая і стала прычынай непапраўнага.

Апоўдні ўшацкім выратавальнікам паступіў сігнал аб пажары ў вёсцы, а праз пару хвілін да месца імчалі чатыры баявыя разлікі. Вогненная ж стыхія разгулялася не на жарт: ахапіла ўвесь дом і перакінулася на хлеў, што знаходзіўся ў некалькіх кроках ад хаты, з лёгкасцю магла ахапіць і іншыя бліжэйшыя пабудовы. Выратавальнікі зрабілі ўсё, што ад іх залежала, каб лакалізаваць пажар. Аднак літаральна на вачах пенсіянерка пазбавілася ўсяго нажытага гадамі – у доме згарэў дах і столевае перакрыццё, моцна пашкоджаны сцены і маёмасць, поўнасцю знішчаны хлеў.

Прычынай надзвычайнага здарэння пажарныя называюць парушэнне правіл пячнога ацяплення. Нескладаныя правілы ўсім добра вядомы, але многія іх не прытрымліваюцца і, пачуўшы пра якое­небудзь здарэнне, адмахваюцца, маўляў, са мной такога не здарыцца. Выратавальнікі ж тым часам зноў і зноў паўтараюць, што ў печах не павінна быць шчылін, а дымаход мець добрую цягу. Каб не трэскалася кладка, у ацяпляльны сезон ачышчайце дымаход ад сажы не радзей аднаго разу ў два месяцы (хутчэй за ўсё менавіта гэта стала прычынай узгарання ў прыгаданым выпадку). На падлозе каля печы абавязкова прыбіце металічны перадтопачны ліст. Не перагравайце печы, не выкарыстоўвайце пры распальванні лёгкаўзгаральныя і гаручыя вадкасці. Не складзіруйце на печы і каля яе адзенне, мэблю і іншае. Попел і вуглі нельга выкідваць гарачымі і бліжэй чым 15 метраў ад пабудоў – на памяці ўшацкіх пажарных ёсць такія выпадкі, калі па такой прычыне таксама адбывалася ўзгаранне. Выконваць усе гэтыя правілы куды лягчэй, чым выпраўляць наступствы пажару…

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *