Для социального работника Елены Лавринович делать добро и чувствовать благодарность людей — лучший стимул для профессиональной деятельности и жизни

Экономика и малый бизнес

Марознымі зімнімі днямі і тым больш вечарамі на вуліцах Кубліч і Бычкоў немнагалюдна. Але ёсць чалавек, які ў любое надвор’е амаль штодзень ходзіць па маршруце паміж магазінам, ФАПам і дамамі мясцовых пажылых грамадзян – гэта сацыяльны работнік ТЦСАН Ушацкага раёна А.П.Лаўрыновіч.

Зараз на яе абслугоўванні знаходзіцца сямёра чалавек, якія любяць і цэняць сваю памочніцу. Яна і ў хаце прыбярэ, і неабходныя прадукты прынясе, і снег у двары расчысціць. Між тым, у гэтую прафесію Алена Паўлаўна трапіла выпадкова.

Сваю будучыню ўраджэнка вёскі Ліпавец мусіла звязаць з юрыспрудэнцыяй, таму пасля заканчэння Ушацкай школы падала дакументы ў Гарадоцкі тэхнікум на спецыяльнасць правазнаўства. Набраных балаў для паступлення дзяўчыне не хапіла, аднак гэта толькі падштурхнула яе да больш актыўнага пошуку свайго месца ў жыцці. Маючы нядрэнныя кулінарныя здольнасці, уладкавалася кандытарам ва ўшацкае райспажыўтаварыства. Ну а каб удасканальваць майстэрства прыгатавання смачных страў, прайшла спецыяльныя курсы.

На светапогляд нашай гераіні ў многім аказаў уздзеянне і прыклад старэйшай сястры Галіны, якая ўжо працавала ў сельскай гаспадарцы раёна. Паспрабаваць сябе на гэтай ніве вырашыла і Алена Паўлаўна – скончыла Лужаснянскі саўгас-тэхнікум па спецыяльнасці аграном, працаўладкавалася ў саўгас “Кублічы”. І хоць доўга затрымацца на пасадзе жанчыне не давялося, прыезд у гэтыя мясціны стаў для яе ў многім вызначальным: менавіта тут Алена Паўлаўна сустрэла сваю другую палавінку, выйшла замуж, нарадзіла дзіця. Пра пераезд гаворкі тады не ішло, таму давялося шукаць работу на Кубліччыне. Некаторы час працавала на прадпрыемстве па вырабе прыпраў “Лясны цар”, была кладаўшчыком у мясцовай школе. А 12 гадоў таму воляй лёсу А.П.Лаўрыновіч прыйшла ў ТЦСАН Ушацкага раёна, дзе ёй прапанавалі пасаду сацыяльнага работніка.

– Пры сустрэчы з пажылымі людзьмі адразу адчуваеш іх настрой, перажыванні і частку ўсяго гэтага прымаеш на сябе, – гаворыць Алена Паўлаўна. – Інакш нельга: калі ты не адчуваеш чужы боль, то лепей шукаць іншы занятак. Больш за ўсё ў пажылых ёсць патрэба выгаварыцца, расказаць аб сваіх праблемах.

Да ліку самых блізкіх людзей, якім можна даверыць літаральна ўсё, далучылі сацработніка Аляксандр Ягоравіч і Ганна Канстанцінаўна Кухта. Любыя праблемы, што ўзнікаюць у гэтай пары, усе трое абмяркоўваюць за агульным сталом, на так званым сямейным савеце. Алену Паўлаўну паважаюць, да яе меркаванняў прыслухоўваюцца.

І па сённяшні дзень рэгулярна сазвоньваюцца А.П.Лаўрыновіч і яе былая падапечная Л.Ф.Крыштопенка. У верасні мінулага года Лідзія Фёдараўна пераехала да сына ў Вялікія Дольцы – між тым, губляць сувязяў са сваёй памочніцай і добрым сябрам жанчына не збіраецца – плануе, як бліжэй да лета вернецца на малую радзіму, сустрэнецца з Аленай Паўлаўнай, якая за гады іх знаёмства стала як родная.

Паспявае гераіня нашага аповеду выдатна спраўляцца і са шматлікімі дамашнімі справамі, разам з мужам трымаюць гаспадарку. Заўсёды чысціня і парадак на вялікім агародзе і прыгожым кветніку Лаўрыновічаў. Летам любіць Алена Паўлаўна хадзіць у лес за ягадамі і грыбамі, а ўзімку, каб парадаваць блізкіх цёплымі рэчамі, час ад часу бярэцца за кручок.

Галоўнай узнагародай для сябе – і дома, і на рабоце – жанчына лічыць шчаслівыя вочы людзей, што знаходзяцца побач. Рабіць дабро і адчуваць людскую ўдзячнасць – лепшы стымул для прафесійнай дзейнасці і жыцця.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *