На усадьбе и в доме семьи Тарасевич из Сорочино всегда царит порядок

Благоустройство

Лясная, 16. Гэты дагледжаны дом у Сарочыне здалёк указвае не проста на гаспадара, а ўзорнага: у сям’і Мікалая Антонавіча і Галіны Арсенаўны Тарасевічаў бездакорны парадак паўсюдна.

Дарэчы, пра тое, што людзі тут жывуць гаспадарлівыя, сведчыць вялізная колькасць пабудоў ля дома. З тыповага, выдзеленага даўно маладому спецыялісту – інжынеру гаспадаркі, ён ператварыўся ў сядзібу. Тут гараж для машыны і трактара – памерам з дом, майстэрні Мікалая Антонавіча і хлявы для жывёлы. І, канечне, лазня. Немалая тэрыторыя абнесена агароджай, на двары – усё ў радок і па лінейцы.

У доме ў Галіны Арсенаўны таксама ўсё па палічках, нават цацкі расстаўлены і складзены, хоць тут вельмі часта бываюць унукі. Пагоднікі, дваюрадныя браты, сябруюць паміж сабой і любяць наведваць дзядулю з бабуляй. Старэйшы наогул тут гадаваўся – маці раней выйшла на працу, і паўтарагадовы “Мікола ІІ” штодня праводзіў у Сарочыне. Так жартоўна клічуць хлопца не толькі родныя, але і аднавяскоўцы. Ён і сапраўды другі Мікола ў сям’і, названы так у гонар дзеда, на якога, кажуць, і падобны. Яшчэ крыху, і будуць разам хадзіць на рыбалку і па грыбы – гэта два захапленні Мікалая Антонавіча, калі не лічыць любові да тэхнікі.

Напрыклад, трактар ён сабраў сваімі рукамі. Паколькі сям’я заўсёды трымала падсобную гаспадарку, а ўчастак ля дома невялікі, гэта добрая падтрымка для апрацоўкі другога, за межамі дома – там садзілі буракі, бульбу. Нават зараз, калі колькасць жывёлы значна скарацілі, усё роўна засталася птушка і быкі.

Ялавічыну на каўбасы потым разбаўляюць свінінай, на жаль, купленай, паколькі сарочынцам і зараз нельга трымаць парсюкоў з-за блізкасці комплексу. Аднак на стале, як і раней да Новага года і Каляд – усё тое, што спрадвеку было ў кожнай працавітай сям’і: каўбасы і печанёўкі, саланіна і кіндзюкі. Ну а яшчэ вітаміны круглы год. Галіна Арсенаўна кажа, што ўжо не ходзіць у лес, аднак мае і варэнне, і натуральны аспірын. Гэта яна пра маліну, якую дастала з маразільніка. Вялікая ягада цудоўна захавала таварны выгляд, як і іншы ласунак – суніцы.

Усё гэта з уласных градак. Аб чым марыць гаспадыня, дык гэта развесці садовыя журавіны, каб ужо поўны камплект садавіны і агародніны мець з уласнага ўчастка. Тым больш што месца падыходзячае – балаціна. Па гэтай прычыне і трымаюць дадатковы ўчастак не ля дома, бо тут, у нізіне, добра качак разводзіць (невыпадкова з’явілася і саджалка), а не агарод пашыраць.

Таму ля сядзібы ўся зямля занята вельмі рацыянальна. І ёсць усё, што трэба. Вось і сад уласны развялі з рознымі сартамі яблыкаў, якія прышчэпліваў сам гаспадар. І іншая садавіна маецца, як і памяшканне для захоўвання – яблычкі там, быццам з саду, хоць і даводзіцца яго тапіць у маразы.

Мікалай Антонавіч і Галіна Арсенаўна – з Ушацкага раёна, хоць і зусім розных яго частак. Складана расказаць, хто каго пераманіў да сябе пасля знаёмства ў Новым Жыцці – на радзіме Мікалая і першым месцы працы Галіны. Ён жа наадварот, пасля інстытута трапіў інжынерам-механікам у “Арэхаўна”. І хоць засталіся на месцы працы Мікалая Антонавіча, гаспадыня гаворыць, што гэта яна прывезла мужа на сваю радзіму (родам з Косаўшчыны). Мікалай Антонавіч у апошнія гады працаваў на свінагадоўчым комплексе, а Галіна Арсенаўна ўвесь час бухгалтарам у Сарочынскім сельвыканкаме.

Іх сем’я – тое ўдалае спалучэнне ладу, паразумення і падтрымкі, якому можна толькі пазайздросціць. Прыклад таго, калі дом – поўная чаша. І любая справа – на дваіх. Такімі ж дружнымі вырасцілі і дачок. Нягледзячы на тое, што паміж імі ажно дзесяць гадоў розніцы. На Новы год яны любяць збірацца ўсе ў прасторным доме старэйшай дачкі. Дзень абаронцаў Айчыны – таксама сямейнае свята, паколькі ў гэты дзень нарадзіўся Мікалай Антонавіч.

Такая вось звычайная сям’я, сціплая і адначасова ўзорная сваёй згодай і разуменнем.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *