Ушачские газовики никогда не подводят своих абонентов

Общество

Штодня брыгады па дастаўцы звадкаванага газу Ушацкага раёна газазабеспячэння філіяла вытворчага ўпраўлення “Полацкгаз” адпраўляюцца ў розныя куткі раёна, каб прывезці людзям блакітнае паліва. Сёння цяжка ўявіць быт без газавага балона, таму работнікаў гэтай службы вяскоўцы чакаюць заўсёды з нецярпеннем.

Сельскае насельніцтва абслугоўвае дзве брыгады, адну з іх – двух Аляксееў, Малатка і Шэўчанкі – на гэтым тыдні мы засталі за работай у мосарскай зоне. Моцны мароз не паўплываў на графік дастаўкі і не прымусіў спажыўцоў доўга чакаць.

Дзеянні газавікоў адладжаныя і хуткія. Яны ўжо добра ведаюць усіх сваіх абанентаў, пад’езды і сцежкі да дамоў, уваходы. Замена балона займае некалькі хвілін: і поўны ўжо на сваім месцы, а пусты ў машыне. Абавязковай умовай пры кожнай замене з’яўляецца інструктаж абанентаў па бяспечным карыстанні і эксплуатацыі: газ не церпіць памылак, а таму правілы не будзе лішнім паўтарыць і па некалькі разоў.

“Нараканняў на работу газавікоў ніколі не ўзнікае! Балоны дастаўляюць заўсёды аператыўна, робяць усё акуратна, адным словам – прафесіяналы сваёй справы. А якія ветлівыя людзі працуюць у гэтай службе, пачынаючы ад спецыялістаў “аднаго акна”, дзе прымаюць заказы, і заканчваючы вось гэтымі стараннымі хлопцамі! Абавязкова напішыце пра іх толькі добрыя словы”, – такі водгук пачулі аб працаўніках газавай гаспадаркі ад жыхаркі вёскі Белае. Зрэшты, хваляць работнікаў запатрабаванай службы і ў іншых зонах абслугоўвання, і за змену ім даводзіцца выслухаць не адзін дзясятак удзячнасцяў – каля сарака балонаў у гэты дзень развезлі жыхарам раёна А.Шэўчанка і А.Малаток, даставіўшы паліва акрамя Белага ў Арэхаўна, Сарочына, Ліпаўкі, Корсакава, Увалокі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *