Большое хозяйство Антона Анетьки

Общество

У дзяцінстве Антон Юльянавіч вельмі марыў жыць дзе-небудзь на хутары, трымаць шмат рознай жывёлы, атрымліваць задавальненне ад усяго гэтага. І такое зразумела. Бацька быў пастухом, маці даяркай, людзі ад зямлі, ад сельскай гаспадаркі. Сын звыклы быў да ўсяго з малых гадоў. Маці бегла на ферму, а ён цяпліў печ, варыў есці. Гэта было ў Шаркаўшчынскім раёне.
Але пазней, у маладосці захацелася вострых адчуванняў, нечага незвычайнага. Прыйшла пара, і Антон паступіў у Крэменчугскае верталётнае вучылішча. Але далей справа не пайшла. Бацькі вельмі хацелі, каб хоць адзін з трох дзяцей быў звязаны з вясковай справай, і ўгаварылі пайсці ў Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Ён паступіў туды, скончыў сярэднюю навучальную ўстанову на выдатна, а пазней адвучыўся і ў Вялікалукскім сельскагаспадарчым інстытуце. Жыў спачатку на сваёй малой радзіме, пазней пераехаў на Ушаччыну.
Працаваў Антон Юльянавіч брыгадзірам, аграномам, намеснікам дырэктара і дырэктарам саўгаса. Цяпер ён ляснік Кубліцкага лясніцтва, дэпутат сельскага Савета. Разважае сёння, што работа ў сельскай гаспадарцы аднімае нямала нерваў, здароўя. Гэтаму можна паверыць, бо, сапраўды, сфера няпростая.
Хаця з сельскагаспадарчай справай ён не парваў сувязі і цяпер. Толькі ўжо жывёлагадоўляй і паляводствам займаецца ў межах сваей асабістай гаспадаркі.
Пад’язджаючы да вёскі Кляпцы, што зусім непадалёк ад Кубліч, можна бачыць карову, падцёлка і цялушку, якія пасвяцца на сакавітай траве. Палі ў Анэцькаў усе размеркаваны. Адны ўзворваюцца, другія – пад сенакос, трэція – пад выпас. Гаспадыня Алена Піліпаўна, прыйшоўшы, а дакладней, прыехаўшы на веласіпедзе пасля дзвюх гадзін з работы ў Кубліцкім аддзяленні “Беларусбанка”, доіць карову, займаецца іншымі гаспадарчымі справамі. Раніцай і ўвечары разам з ёю шчыруе Антон Юльянавіч. Ён разважае, што пажадана, каб цана на малако была большая, літр хаця б прыроўніваўся да кошту буханкі хлеба. У мінулым годзе яго сям’я здала больш дзвюх тон лішкаў гэтага прадукту.
А.Анэцька расказвае далей, седзячы ў рэдакцыйнай машыне разам з малым сынам, бо дождж такі, што залівае ўсё наваколле:
– Сёлета мы пасеялі па трыццаць сотак усяго: пшаніцы азімай, ячменю, аўсу, – гаворыць ён. – Ёсць палоска гароху з аўсом. Бульбы сорак сотак, звычайна ж садзім нават пяцьдзесят. Ёсць дзве соткі кармавых буракоў для кароў. Падтрымліваецца севазварот: да зерневых падсейваюцца травы, пасля садзіцца бульба. Закладзена мнагалетняя паша: райграс з белай канюшынай. Усе касагор’і залужаны пад мнагалетнія пашы.
– Каб спраўляцца з зямлёй, нарыхтоўкай кармоў, – працягвае Антон Юльянавіч, – маецца конь. Узаемавыручка ў нас з жыхаром Лісічына Мікалаем Іванавічам Піскуном, вельмі працавітым чалавекам, у яго ёсць трактар. Я маю касілку, грабілку, плугі (адзін – польскі, для апрацоўкі цяжкіх глеб, пасля шматгадовых траў).
На пытанне аб парсюках гаспадар адказаў, што цяпер у хляве іх тры, хаця, часам, даходзіць да шасці. Спрабавалі трымаць свінаматку, але зразумелі, што справа гэта рызыкоўная, бо не ведаеш, колькі парсючкоў яна прывядзе, а яшчэ і догляд вельмі цяжкі. Трымалі авечак, можа і адновяць гэты від.
Каб завесці больш жывёлы, патрабуецца расшырыць пабудовы. Пачата ўжо будаўніцтва канюшні. Узводзіцца і гараж, бо маецца машына.
Добра расце ў Анэцькаў агародніна. Так, зроблена вялікая цяпліца. З экзатычных раслін – белы вінаград. Канечне, многае яшчэ хацелася б зрабіць гаспадарам, але ж суткі не рызінавыя. І так увесь светлавы дзень у справах. Ды ўсё ж збаўляць тэмпаў не плануюць гэтыя працавітыя людзі. Падрастае ж малодшанькі сын – Уладзік, трэба думаць, як яго выхаваць, даць пуцёўку ў жыццё. А выхоўваюць свайго першакласніка толькі на ўласным прыкладзе. І Антон Юльянавіч выношвае надзею, што гэты сын працягне яго гаспадарскую справу, ужо заўважае за ім любоў да вёскі, да зямлі. Хаця чакаць яшчэ яго даросласці трэба нямала, а значыць, яшчэ працаваць і працаваць на ніве асабістай гаспадаркі.
На здымку: А.Ю.Анэцька з сынам Уладам.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *