В Клепцы из Киргизии

Наш современник

Гэтая сям’я прыехала ў Кляпцы ў 90-х. Таццяна Мікалаеўна – з Расіі, яе мама – з Кіргізіі.
– Так атрымалася, – гаворыць маладзейшая, усміхаючыся, – ехала на радзіму мужа.
У Беларусі Таццяна Мікалаеўна спадзявалася на асабістае шчасце. Гэтага не адбылося, а вось усё астатняе склалася.
Па спецыяльнасці яна таваразнаўца прадуктовых тавараў. Вучылася ў Фрунзе, скончыла кааператыўны тэхнікум. Працавала ў Расіі. Там ад першага шлюбу нарадзіліся дзве дачкі. Цяпер яны жывуць у Верхнядзвінскім раёне. У адной ёсць дачка Даша, якая часова знаходзіцца цяпер у бабулі ў Кляпцах, у другой – чацвёра дзяцей. Так што сям’я з кіргізскімі каранямі разраслася ў Беларусі.
Старэйшына роду – Рыма Васільеўна Печырэй, якая прыехала ў Кляпцы следам за дачкой, –жанчына мудрая і шчырая, адданая сваім прадаўжальнікам спаўна.
– Усё за ёй, – гаворыць Таццяна Мікалаеўна, якая працуе загадчыцай мясцовай фермы. Яна паказвае доўгія градкі ля хаты, на якіх ідзе ў рост агародніна і дзе няма ні адной травінкі. А ў хаце ў гэты час маці чысціць бульбу. Даша гуляе з катом Пушком (а ў іх ёсць яшчэ адзін, а таксама сабачкі Сцёпа і Званок). Сын Таццяны Мікалаеўны – Саша – толькі што прыйшоў з праполкі школьных градак. Ён народжаны ўжо тут, на Ушаччыне. Астатнія члены сям’і жывуць у гэтыя дні радасцю, што ім паведамлена аб аформленых ужо дакументах на беларускае грамадзянства.
Тое, што лёс закінуў гэтую сям’ю ў Беларусь, стала для яе ўвогуле шчаслівым пераломным момантам. Усім нам вядома, якія падзеі адбываліся і адбываюцца ў Кіргізіі. Калі ў Таццяны Мікалаеўны не пайшло жыццё з мужам, яна з мамай і сынам вярнулася туды. Уладкавалася загадчыцай склада. Адзін месяц працуе, другі, трэці, а зарплаты няма. Давялося кінуць усё і зноў ехаць у Беларусь.
– Тут жа рай, – гаворыць Таццяна Мікалаеўна. – Ні ў якое параўнанне не ідзе. І людзі добрыя. Вось і на маёй ферме такія цудоўныя жанчыны працуюць. Праўда, і ў Кіргізіі ў мяне не было канфліктаў з людзьмі. Клімат там такі, што зямля высыхае, аж трэскаецца. Маюцца штучныя каналы. Трэба заўсёды паліваць. А ў мяне з аднаго боку хаты кум адзін жыў, з другога – другі. Па чарзе палівалі градкі, дык яны і за мяне гэта рабілі часам.
Што так адносяцца людзі да Таццяны Мікалаеўны, азначае — яна сама вельмі добры чалавек. Была, праўда, аднойчы сітуацыя, калі яна з сям’ёй выехала жыць ва Ушачы, уладкавалася працаваць у райспажыўтаварыства. Але па тых жа, сямейных абставінах вырашыла вярнуцца ў Кляпцы. Узялі яе назад не адразу. Але сваёй стараннай працай, шчырымі адносінамі да людзей пазней жанчына заслужыла поўнага даверу, стала па-сапраўднаму сваёй сярод жывёлаводаў, у гаспадарцы наогул.
Спачатку Таццяна Мікалаеўна Верташонак была даяркай. Пазней ёй даверылі калектыў фермы. Прапанаваны дом у Кублічах.
Радуе жанчыну і тое, што сын Аляксандр карыстаецца ўсімі перавагамі, што і іншыя, карэнныя жыхары – дзеці. У межах пэўных праграм хлопец двойчы пабываў у Амерыцы.
Калі пазнаёмілася з гэтай дружнай сям’ёй, ад’язджаць не хацелася, такая ў ёй цёплая атмасфера. Адчуваецца добрая аўра, роднаснасць, пераемнасць. Пад адным дахам – бабуля, маці, сын, унучка. Чатыры пакаленні.
Выязджаючы з вёскі, убачыла ля аднаго з крайніх дамоў Дашу (нават не заўважыла, калі яна выбегла з хаты). Накінуўшы на галаву ад дажджу капюшон, яна настойліва чакала аўтакраму. Дзяўчынка выконвала прабабуліна даручэнне.
На здымку: Т.М.Верташонак з сынам і ўнучкай.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *