Механизаторы ОАО «Ильюшинский» подготовили технику и настроены на жатву-2017

Сельское хозяйство

У чацвер пасля абеду мехдвор ААТ “Ільюшынскі” нагадваў мурашнік. Тут, дарэчы, у перыяды важнейшых сельскагаспадарчых кампаній заўсёды так – гаспадарка вялікая, людзей і тэхнікі шмат. Выстраеныя ў лінейку камбайны чакалі агляду і допуску на выезд у поле. Розных гадоў выпуску, марак і колькасці адпрацаваных мотагадзін, але падобных свежасцю выгляду і спраўнасцю механізмаў перад новым сезонам.

Спачатку здзівіўся шасці выстаўленым машынам, бо ведаў, што ў “Ільюшынскім” рыхтавалі да ўборачнай сем агрэгатаў. Аказалася, што КЗС-1218 У.Лёлі проста не ўмясціўся ў стройную шарэнгу і стаяў паводдаль. І зусім не “заваліў” Валодзя падрыхтоўку, як спачатку пыталіся мне патлумачыць адсутнасць механізатара яго вострыя на язык калегі – адзін з пастаянных раённых перадавікоў да справы заўсёды адносіцца адказна і на агляд яго камбайна начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляда Іван Мікалаевіч Пухальскі затраціў лічаныя хвіліны. Зрэшты, пастараліся на славу і іншыя экіпажы камбайнераў.

Сказаць, што прэтэнзій да ўсёй прадстаўленай тэхнікі не было зусім, будзе перабольшваннем, але крытычных недахопаў члены камісіі на чале з першым намеснікам старшыні райсельгасхарча Сяргеем Аляксандравічам Белагрыўцавым не выявілі: дзесьці не спрацавалі сігнал задняга ходу ці лямпачка павароту – такія дробныя хібы ўхіляліся тут жа. У астатнім жа ўсе механізмы працавалі як мае быць, усё што павінна гудзець – гудзела, свяціць – свяцілася.

“Ну як, Дзмітрыевіч, гатоў да агляду?” – пытаўся перад яго пачаткам у Анатоля Спірыдзёнка (на здымку). “Заўжды гатоў!” – усміхаецца механізатар. Піянерскі адказ у нейкім сэнсе сімвалічны, бо менавіта камбайнеры на КЗС-1218, а гэта А.Спірыдзёнак, У.Лёля і Уладзімір Урбан, у апошнія гады становяцца “піянерамі” – першымі пачынаюць жніво. Жняяркі іх агрэгатаў абсталяваны спецыяльнымі прыстаўкамі, каб зменшыць страты пры ўборцы рапсу. Выехаць на палеткі, якія з ярка-жоўтых па меры паспявання культуры ператварыліся ў карычневыя, у гаспадарцы планавалі адразу пасля атрымання камбайнамі допуску. Праўда, І.М.Пухальскі ўказаў на неабходнасць нанясення на корпусы камбайнаў спецыяльнага знака ціхаходнага сродку, без чаго эксплуатацыя іх забараняецца. “Якія ж яны ціхаходныя! Пачынаць будзем на аэрадроме ля Наваселля – там лётаць патрэбна!” – зноў жартуюць задаволеныя вынікамі агляду механізатары.

Да жніва ў гэты дзень было дапушчана пяць з сямі агрэгатаў. Тэхнічна спраўныя аказаліся і чатыры КЗС-10К Юрыя Букі, Анатоля Усовіка, Мікалая Ступко і Мікалая Казачонка, але два камбайны да работ не дапушчаны, бо “праспалі” ў гаспадарцы тэрміны падаўжэння лізінгу на тэхніку. Галоўны інжынер таварыства Аляксей Бальшакоў, як кажуць, “віну прызнаў” і паабяцаў аператыўна вырашыць праблему. Наогул, улічваючы той факт, што сёлетняя падрыхтоўка тэхнікі да жніва стала першай для маладога спецыяліста, яе можна занесці ў плюсы пачатку прафесійнай дзейнасці, хаця з некаторымі паперамі ён, па словах І.М.Пухальскага, і “напартачыў”. Што ж, вопыт – справа нажыўная.

Дакументы ж камбайнераў – пасведчанні, талоны, страхоўкі і іншае неабходнае – у парадку. Вось каму-каму, а ім дык дакладна вопыту не займаць. Усе на хлебнай ніве не навічкі, многія працавалі яшчэ на савецкай тэхніцы. Мікалай Казачонак, напрыклад, хоць і з’яўляецца зараз работнікам санаторыя “Лясныя азёры”, а на дапамогу гаспадарцы прыходзіць кожны год, замацаваны за ім камбайн, які многае на сваім веку пабачыў, падрыхтаваў як след, хаця і вялікі патрэбны быў аб’ём работ. “Наша “МНС” дапамагае, калі што патрэбна”, – тлумачыць камбайнер, маючы на ўвазе рамонтную брыгаду ў складзе інжынера па працаёмкіх працэсах Вячаслава Пятровіча Аўсіевіча, слесара і зваршчыка Віктара Сальніка і Івана Хілюка, якія таксама рыхтуюцца да жніва – іх мабільная “лятучка” ў выпадку неабходнасці  будзе выяз­джаць на палі для правядзення рамонтных работ.

На ўсіх камбайнах у “Ільюшынскім” будуць працаваць экіпажы. М.Казачонку дапамагае работнік ЖКГ Ігар Кулянок. І гэта адзіны “інтэрнацыянальны” экіпаж, астатнія механізатары свае.

Практычна ўсе яны былі ў чацвер на тэх­аглядзе, з хваляваннем праходзілі яго на замацаванай тэхніцы і праяўлялі спагаду і жаданне дапамагчы, калі члены камісіі падыходзілі да камбайнаў калег. А яшчэ можна адзначыць той настрой і пазітыў, які панаваў на мехдвары – захаваць бы яго на ўвесь час жніва і не сапсаваць вынікамі нялёгкай справы.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *