Ушёл из жизни наш редактор Фёдор Петрович Волох

Общество

Раніцай 28 ліпеня прыйшла да нас, супрацоўнікаў рэдакцыі, страшная вестка. Не стала нашага Фёдара Пятровіча. Сядзелі і ў асноўным маўчалі. А яшчэ ў душы чакалі, што вось зойдзе ў дзверы, размашыстым нетаропкім крокам пройдзе па калідоры, спыніцца ля таго ці іншага кабінета, такі статны, акуратны, павітаецца, усміхнуўшыся, загаворыць пра што-небудзь акрамя работы. Потым ужо тактоўна, на “Вы”, без спешкі – аб справе.
Прыйшоўшы працаваць у рэдакцыю, Фёдар Пятровіч убачыў нашы няпісаныя законы, наш своеасаблівы дэмакратызм, калі менш за ўсё падначалення, субардынацыі, усе ўпэўненыя ў сабе. І ў такім калектыве яму прадстаяла асвоіць усе сакрэты журналісцкай прафесіі, адначасова заняўшы кіруючую ролю. Дапамагала спраўляцца з двуадзінай задачай яго прыроджаная тактоўнасць, тонкае разуменне сітуацыі. Нашым кіраўніком ён стаў з першага дня. Мы прызналі яго. Бо, пачынаючы са знешняга выгляду, манеры трымацца, весці дыялог, вопытнасці – усё ўсяляла павагу. 
28 ліпеня 2010 года раптоўна памёр галоўны рэдактар установы “Рэдакцыя раённай газеты “Патрыёт” Ушацкага раёна”, член раённага выканаўчага камітэта Фёдар Пятровіч Волах. Перастала біцца сэрца чалавека адказнага, добрасумленнага, неабыякавага.

 

 

 

 

 

Фёдар Пятровіч Волах нарадзіўся 17 кастрычніка 1953 года ў вёсцы Царкавішча Ушацкага раёна. У 1971 годзе скончыў Вялікадолецкую сярэднюю школу і быў прыняты на работу настаўнікам Зарэчанскай васьмігадовай школы.

У 1972 годзе паступіў на матэматычны факультэт завочнага аддзялення Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава, які скончыў у 1979 годзе, бо два гады адслужыў у радах Савецкай Арміі.

З 1974 года працаваў настаўнікам Зарэчанскай васьмігодкі, праз тры гады быў зацверджаны інструктарам Ушацкага райкама ВЛКСМ. У хуткім часе пераведзены на работу ў апарат РК КПБ інструктарам аддзела прапаганды і агітацыі. У 1978 годзе абраны другім, праз два гады – першым сакратаром РК ВЛКСМ. З 1984 года тры гады працаваў загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі Ушацкага райкама партыі.

У 1987 годзе Ф.П.Волах стаў слухачом Мінскай вышэйшай партыйнай школы, скончыўшы яе, працаваў сакратаром РК КПБ да 1990 года, загадчыкам агульнага аддзела райвыканкама.

З 1991 года Фёдар Пятровіч зноў працуе ў сістэме адукацыі: настаўнікам матэматыкі, намеснікам дырэктара Ушацкай СШ па выхаваўчай рабоце, на працягу сямі гадоў – дырэктарам. Калектыў самай шматколькаснай у раёне ўстановы адукацыі, вучні і настаўнікі, ацанілі намаганні Фёдара Пятровіча як педагога і дырэктара па паляпшэнні выхаваўчага працэсу, маральнай атмасферы, матэрыяльна-тэхнічных умоў.

 

З 2001 года і да заканчэння свайго жыццёвага шляху Ф.П.Волах працаваў галоўным рэдактарам газеты “Патрыёт”. З усёй адказнасцю ўзяўся Фёдар Пятровіч за новую для сябе справу і асвоіў яе паспяхова. Палепшылася матэрыяльная база ўстановы, газета стала больш змястоўнай і цікавай. Кіраўнік творчага калектыву асвоіў журналісцкае майстэрства.

Фёдар Пятровіч з’яўляўся членам раённага выканаўчага камітэта, меў сваю думку па ўсіх пытаннях, якія адбываюцца ў раёне. Адкрыта выказваў і адстойваў яе. Прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна.

Дзе б ні працаваў Фёдар Пятровіч, яго вызначалі арганізатарскія здольнасці, творчы падыход да справы, дзелавая ініцыятыва і высокая выканаўчая дысцыпліна. Ён здольны быў згуртаваць падначаленыя калектывы, праяўляў клопат аб кожным, быў таленавітым кіраўніком, умелым гаспадарнікам.

Фёдара Пятровіча вызначала камунікабельнасць, чулыя адносіны да калег, шчырасць да сяброў, адданасць сям’і. Ён здольны быў рабіць дабро іншым, быў удзячным за саўдзел у яго справах.

Усё, што адбывалася на рабоце і дома, глыбока хвалявала гэтага прачуленага чалавека, прапускалася праз сэрца, вось яно і спынілася.

Гэта страта – страта як для родных і блізкіх, так і для ўсіх, хто ведаў Фёдара Пятровіча. Адбылося непапраўнае. Але чалавек жывы памяццю. І памяць аб Фёдару Пятровічу Волаху няхай застаецца глыбокай, вечнай і светлай.

Шчыра смуткуем. Шкадуем аб тым, што здарылася. Выказваем спачуванне сям’і, родным, блізкім, сябрам і калегам.

Першае, што адзначалі для сябе, яго ўменне арганізоўваць сваю працу. Ва ўсім акуратнасць, нават педантычнасць. Ці гэта зварот ад чытача (а ён не пакідаў па-за ўвагай ні адзін з іх), ці сухі афіцыйны дакумент, якому трэба даць ход.

Пачаўшы займацца новай для сябе справай, Фёдар Пятровіч зразумеў, што ўся наша работа павінна быць падначалена чытачу. А для гэтага трэба рабіць так, каб былі цікавымі матэрыялы, адчувалася ўвага да людзей. У гэтым ключы і працавалі. На працягу дзесяцігоддзя стабі- льнай заставалася падпіска. А яна сёння адносна насельніцтва раёна – адна з вышэйшых па рэспубліцы. Практычна кожная другая сям’я выпі- свае і чытае “Патрыёт”, а нямала жыхароў і сябруе з супрацоўнікамі, у тым ліку сябравалі і з Фёдарам Пятровічам. Цяпер звоняць, выказваюць спачуванне, хоць і не вераць у тое, што адбылося.

Пры жыцці звярталіся да яго і як да рэдактара, і як да дэпутата раённага Савета. Нават калі не стаў абраннікам, з аддаленых вёсак званілі, прасілі дапамогі ў сваіх жыццёвых пытаннях. І ён дапамагаў. Бо ў душу яго ўлілася дабрыня з малаком маці, якая, як і бацька, была беднай сялянкай, не маючай нічога акрамя ўласнымі рукамі пабудаванай хаты ды пяцёра дзяцей.

Ён хінуўся да людзей, любіў іх, дапамагаў. Памятаем, як аказаўшыся побач з ушацкім нямоглым вяскоўцам, абводзіў яго па ўсіх кабінетах віцебскай паліклінікі, як прыняў сардэчны ўдзел у непапраўным горы нашай былой работніцы, якая пры ім не працавала ўжо. Не быў глухім адміністратарам, разумеў нашы сямейныя клопаты.

А як жа ён умеў працаваць фізічна. У хуткім часе пасля яго прыходу да нас паехалі на лён, на буракі. Ён заўсёды заканчваў работу першы і дапамагаў іншым. Мы заўсёды ішлі за ім. У яго было чаму павучыцца, бо меў багатую практыку: пабудаваў дом, доўгі час займаўся нават уласным падворкам. Усё ўмеў рабіць і быў сапраўдным гаспадаром.

Адданасць сям’і ў Фёдара Пятровіча была незвычайная. Ён вельмі паважаў і любіў жонку, дачку, радаваўся маленькаму ўнуку. Роднымі зрабіліся для яго і сваты.

І вось яго няма. Не будзе ніколі. Аднак чалавек працягвае жыць, пакуль жыве памяць аб ім. Фёдар Пятровіч сумеў пакінуць светлы след у душах не толькі блізкіх і добра знаёмых, а практычна ўсіх, хто хоць аднойчы сустрэўся на яго зямным шляху.

“ПАТРЫЁТАЎЦЫ”.

 

 



2 комментария по теме “Ушёл из жизни наш редактор Фёдор Петрович Волох

  1. Простите… Спасибо! По сей день — не верю!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *