Руководство района провело встречу с населением в Дубровке

Зваротная сувязь

Дагледжаны ўнутры і звонку сельскі Дом культуры, які на мінулым тыдні стаў месцам правядзення сустрэчы старшыні раённага Савета дэпутатаў Наталлі Мікалаеўны Марковіч з жыхарамі Дубраўкі, на фоне размешчаных побач закінутых дамоў былой гаспадаркі выглядае “аазісам” добраўпарадкавання. І неабыякавыя вяскоўцы, зразумела, перажываюць за лёс гэтых будынкаў. Ды і іншых – апусцелага комплекснага прыёмнага пункта, закрытай школы, якія без гаспадарчай рукі з вялікай доляй верагоднасці будуць расцягнуты. “Шкада, ім бы яшчэ можна было знайсці прымяненне”, – казалі людзі падчас мерапрыемства.

У гэтым населеным пункце на сустрэчах вяскоўцаў з прадстаўнікамі ўлады бываў раней неаднойчы. Таму адзначу, што пытанні грамадскія турбуюць дубраўцаў не менш, чым прыватныя. На гэты раз дыялог праходзіў у незвычайным фармаце – вяскоўцы мелі магчымасць задаць пытанні як Н.М.Марковіч, так і начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Віктару Пятровічу Котаву, які з’яўляецца дэпутатам райсавета якраз ад Дубраўскай выбарчай акругі і трымаў справаздачу аб сваёй дзейнасці. Прадстаўнікі дэпутацкага корпусу патлумачылі, што праблемам маёмасці, якая не выкарыстоўваецца, у раёне надаецца вялікая ўвага – разглядаецца прымяненне будынкаў былых аб’ектаў сацыяльнай і вытворчай сферы пад рэалізацыю інвестыцыйных праектаў, вось толькі складана прыцягнуць інвестараў у наш маланаселены рэгіён. Але работа вядзецца і нельга сказаць, што яна зусім безвыніковая – напрыклад, у той жа Дубраўцы ў хуткім часе з аўкцыёну будзе прададзены былы будынак бібліятэкі, якую гараджане мяркуюць набыць пад дачу. “А чаму нельга і пустыя “прэзідэнцкія” домікі дачнікам прадаць?!” – уздымалі пытанне жыхары. Між іншым, для такога, на думку вяскоўцаў, простага вырашэння праблемы, існуе многа юрыдычных перашкод – дамы будаваў “Райаграсэрвіс” (якога фактычна ўжо не існуе) за сродкі льготных нявыплачаных крэдытаў, маецца і шэраг іншых заканадаўчых нюансаў, якія рашэннем сесіі раённага Савета дэпутатаў не зняць.

Да такіх, напрыклад, адносяцца памеры асобных падаткаў і застарэлае пытанне з саманарыхтоўкай дроў, якое агучыў Пётр Сцяпанавіч Літвін. Для вёсак жа азёрнага Вяркудскага сельсавета яно наогул балючае, бо вельмі многія ўчасткі знаходзяцца ў водаахоўнай зоне. Н.М.Марковіч патлумачыла, што трэба чакаць яго разгляду на рэспубліканскім узроўні, калі будзе спрошчаны механізм выдачы дазволу на высечку дзікарослай расліннасці. Зараз жа заяўкі грамадзян разглядаюцца індывідуальна. І, да слова, самі вяскоўцы незаўсёды паводзяць сябе прыстойна. Як паведаміла старшыня сельвыканкама Вера Міхайлаўна Маслак, для задавальнення патрэб людзей быў знойдзены варыянт саманарыхтоўкі дроў у былым саўгасным садзе. У выніку ў 11 выпадках грамадзяне драўніну вывезлі, а ліквідаваць за сабой вецце не палічылі патрэбным…

Непрыбранымі засталіся ў вёсцы рэшткі расліннасці і пасля работы энергетыкаў пад сваімі лініямі – Н.М.Марковіч абяцала разабрацца з гэтым пытаннем сумесна з адміністрацыяй раёна электрычных сетак, тым больш, што раней за прадпрыемствам такіх “грахоў” не назіралася. Узяты на кантроль і рамонт участка вуліцы Набярэжнай, аб неабходнасці якога прыгадала Валянціна Леанідаўна Вальвачова. Для яе асабіста гэта праблема сапраўды жыццёва важная – асноўным спосабам заробку жанчыны з’яўляецца продаж лішкаў малака, а малаказборшчык папярэдзіў, што ў выпадку далейшага пагаршэння стану дарогі даехаць да здатчыка не зможа. Гэта ж датычыцца і “хуткай дапамогі”, газавай, іншых службаў.

З ліквідацыяй мясцовага сельгаспрадпрыемства адшукаць афіцыйны заробак у Дубраўцы праблемна. Па меркаванні жыхароў, калі б КУСГП “Глыбачаны” арганізавалі падвоз, то некаторыя ўладкаваліся б на працу ў гэту гаспадарку, дзе маецца дэфіцыт рабочых рук, бо не ўсе дубраўцы маюць транспарт, каб дабірацца да Глыбачкі, асабліва зімой. Таму цалкам зразумелымі і прадказальнымі былі пытанні аб стварэнні ці хутчэй адраджэнні працоўных месцаў намнога бліжэй – аб лёсе жывёлагадоўчых аб’ектаў у Вяркудах і суседнім Хадакова. Прадстаўнікі дэпутацкага корпусу агучылі, што раённыя ўлады займаюцца вырашэннем праблемы. У прыватнасці, разглядаецца магчымасць размяшчэння на ферме ў Хадакова жывёлы Полацкага КХП, але, як падкрэсліў В.П.Котаў, стапрацэнтна гарантаваць гэтага зараз ніхто не можа.

Падымаліся на сустрэчы і пытанні вулічнага асвятлення, без якіх у вялікім населеным пункце амаль ніколі не абыходзіцца. Зноў прыйшлі на прыём людзі з суседніх Ягадак, дзе не працуе водаправод – помпа, ужо не першы раз набытая вяскоўцамі за ўласныя сродкі, зноў выйшла са строю. Разглядаюцца варыянты як яе рамонту, так і водазабеспячэння насельніцтва з дапамогай філіяла “Наваполацкводаканал”, але тут існуюць пэўныя праблемы – няма дакументаў на сеткі, пабудаваныя калісьці гаспадарчым спосабам.

Аб савецкіх часах калгасаў і саўгасаў-мільянераў, за сродкі і з дапамогай якіх вырашаліся злабадзённыя пытанні вяскоўцаў, успамінаюць многія людзі старэйшага пакалення. Асабліва ў такіх вёсках, якія, як і Дубраўка, былі цэнтрамі гаспадарак, – Жарах, Касарах, Мосары, Старым Сяле і іншых. На жаль, змяншэнне колькасці сельскіх жыхароў вядзе і да скарачэння вытворчых, сацыяльных аб’ектаў. І трэба разумець, што на закрыццё ўмоўна ашчадкасы мясцовыя ўлады паўплываць не могуць – яе ліквідуе банк, галаўное прадпрыемства, абгрунтоўваючы непапулярныя меры эканамічнай нежыццяздольнасцю. Але Дубраўка яшчэ жывая, што і пацвердзілася актыўнасцю яе жыхароў, якія хваляваліся за лёс мясцовай бальніцы сястрынскага догляду і аддзялення паштовай сувязі, дзе ўзніклі праблемы з кадрамі. В.М.Маслак і Н.М.Марковіч запэўнілі вяскоўцаў, што гэтыя аб’екты ліквідаваць ніхто не збіраецца, вядзецца пошук спецыялістаў і запатрабаваныя сацыяльныя ўстановы прадоўжаць аказанне паслуг у звыклым рэжыме.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *