Тернистый путь к простому счастью семьи Форсман

Всё начинается с семьи Общество

“Казала ёй, пажыві для сябе, паездзі па курортах, не завадзі дзіця. А зараз не ўяўляю, як бы я жыла без яго”, – Галіна Іванаўна Стрыжонак моцна прыціскае да сябе ўнука. Як заўсёды, прыйшла апоўдні, каб дапамагчы сабраць яго на вуліцу. А Насця з замілаваннем глядзіць на самых блізкіх ёй людзей і не хавае, што шчаслівая. Трывалы бацькоўскі тыл, выдатны муж, здаровы сынок, любімая работа. Сярэднестатыстычная сям’я – так ацэньвае сябе Анастасія Васільеўна Форсман. Калі паглядзець мелькам, то так. І зусім не, калі зазірнуць глыбей. Яна мацней кахае і больш за іншых цэніць сваё жаночае шчасце. Бо памятае часы дэпрэсіі, калі не верыла ні ў спатканне блізкага чалавека, ні ў з’яўленне дзіцяці, тым больш што не раілі рызыкаваць і ўрачы.

Захварэла яна ў 10 год. Бяда навалілася страшным дыягназам, невядома адкуль прынесла каварны вірус. Паўгода па інфекцыйных бальніцах. Каб хвароба не зрабіла з дзяўчынкі глыбокага інваліда, патрабавалася вельмі дарагое лякарства. “Ты ўвесь бюджэт Віцебскай вобласці зрасходавала, павінна паправіцца”, – жартавалі ўрачы. Аднак акрамя бясплатных прэпаратаў давялося набываць самастойна і вельмі дарагія сродкі, на якія ў канцы дзевяностых збіралі ўсім Ушацкім раёнам.

“Мне заўсёды вельмі шчасціла на добрых людзей, – гаворыць Галіна Іванаўна. – Я працавала ў першым дзіцячым садзе Ушач, Селішчанскай і Плінскай школах. Ва ўсіх калег вучылася. Быў перыяд, калі хацела кінуць педагогіку, моцна пакрыўдзілі бацькі. Галіна Серафімаўна Мірановіч захавала маю настаўніцкую кар’еру, тонка растлумачыла, што гэта не апошні “сіняк” па жыцці. Сапраўды. Галоўнае, каб усе здаровыя былі. Як яны мяне падтрымлівалі, калі захварэла Насценька! І ўсім людзям я вельмі ўдзячна за тую дапамогу. І зараз, калі яе з каляскай бачаць, спыняюць, распытваюць”.

Шчасціць на добрых людзей Галіне Іванаўне невыпадкова, пра яе саму чула эпітэт: апошнім падзеліцца. Такімі ж выраслі і дзеці. “Ніхто імі не займаўся, не выхоўваў, хіба што калі моцна правіняцца. Лічу, што дзецям трэба дазваляць рабіць усё”, – сцвярджае маці-педагог.

Пры гэтым сярэдні ўнук Міхаіл іграў з Раманам у схованкі, праверыўшы ўсе магчымыя месцы. Малы знаходзіў стрыечнага брата і пад сваім ложачкам, і ў шафе, і нават у куце за канапай. Больш і няма дзе. Уся мэбля з аднапакаёўкі, якую здымалі, якраз умясцілася ў большы пакой дома. Іх усяго два, другі пачалі рамантаваць – там будзе дзіцячая, а калі пераробяць уваход, з’явіцца спальня і санвузел з душам. Такія планы ў маладой пары. Прама скажам, вялікія, паколькі і дом набыты ў крэдыт, і рамонт, тым больш з падвядзеннем газу, многа пацягне. Выратоўвае тое, што Рыгор нягледзячы на малады ўзрост (галаве сям’і толькі 23 гады) вядзе сябе па-мужчынску, узяўшы клопат па ўладкаванні быту. Вяртаецца з Наваполацка з камандзіроўкі – там зараз працуе брыгада муляраў ПМК-66, перакусіць – і за рамонт. Улетку пасля работы дапамагаў людзям дачу ўзводзіць. Многае, скончыўшы будаўнічы каледж, умее, а што пакуль не па плячы – таму вучыцца.

– Прывык спадзявацца толькі на сябе, – кажа Насця. – Бацька яго даўно памёр. І Рыгор не толькі вучыўся і пракормліваў сябе, але падзарабляў і сястры дапамагаў. Зараз яго родныя (іх у сям’і таксама трое) любяць да нас прыязджаць. Грыша менавіта дом хацеў, хоць і стаялі на чарзе на кватэру.

Ён і прыняў рашэнне скарыстацца пазыкай банка, каб ужо жыць у сваім доме: не здымаць, не плаціць за “чужую” камуналку, а ўкладаць у сваё. У маладога бацькі і дрэнных звычак няма, акрамя, хіба, уцёкаў кожную нядзелю на азёры. Рыбу не есць ні ў якім відзе, затое ў цешчы, у якой рыбакі таксама сын і другі зяць, маразілка запоўнена.

“Бог даў! – гавораць пра мужа Насці калегі з дзіцячай бібліятэкі. – Яна заслужыла. Разумная дзяўчына, ва ўсё ўнікае, усім цікавіцца, яе вельмі любяць дзеці, да дэкрэтнага яна яшчэ лялечны гурток вяла”. Насця ж дадае, што гэта ёй вельмі пашчасціла з калектывам, а яшчэ і тое, што яна душы не чуе ў дзецях. Яе ўменне знаходзіць кантакт нават з немаўлятамі пацвярджаў сынуля, для якога кніжкі з карцінкамі – самы цікавы занятак.

Абмежаваныя магчымасці Насці перашкаджаюць толькі ёй: пасля перанесенай хваробы ўсё ж непаўнацэнна працуюць правыя канечнасці, здараюцца вельмі моцныя галаўныя болі. Ёй давялося стаць ляўшой. Левай рукой піша, трымае вілку, тарку, бульбу на дранікі з мясам – выключна ўручную. А яшчэ пячэ пірагі, бліны, запякае мяса. “Два мужыкі ў доме”, – з гонарам кажа Насця. – Ромка таксама любіць паесці, нават у час і чатыры ночы бутэлечку сумесі выпівае. Да камандзіровак муж карміў, бо я потым складана засыпаю, ну а зараз я яго шкадую, рана ж падымацца”. Увогуле яна – цудоўная гаспадыня: хоць і напрасілася я ў дом без папярэдняй дамовы, усё было ў парадку, нават цацкі не раскіданы.

Яе адзіная мара – каб усё заставалася, як ёсць. Пяшчота і давер з Рыгорам. Дружныя зборы ў бацькоўскім доме па Піянерскай – маленькім, але з вялікім утульным дваром. Там 14 жніўня адзначалі першы юбілей Ромкі: з яркім шатром, расцяжкамі, цацкамі, сюрпрызамі. “Займалася ўпрыгожаннем вяселляў, вось і застаўся атрыбут, – растлумачыла Насця, калі я шчыра здзівілася такой грунтоўнай падрыхтоўцы. – Мяркую завесці і маленькі агародзік. Хацелася б і другое дзіця, каб эгаістам не вырас, але напэўна не для маёй нервовай сістэмы”.

Яна не тлумачыць. І так разумею: панічна нервуецца за здароўе і развіццё сынулі: цікаўнага карапуза, які так па-бацькоўску хмурыць лобік. “Я кожны дзень малюся, дзякую Богу за здароўе маіх дзяцей”, – гаворыць Галіна Іванаўна. А Насця дадае: “І чужых таксама. Я назаўсёды запомніла кафлю на бальнічных сценах і вучняў з кветкамі ў акне, што 1 верасня беглі на лінейку. Дзеці павінны быць здаровымі, і добра, калі атрымліваецца некаму дапамагчы, як у свой час мне. Нямнога ў нас грошай, але на лячэнне Антона Качынскага, канечне, давала. Няхай шчаслівы расце хлопчык”.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *