Ушачане приняли участие в фестивале «Витебский листопад»

Калейдоскоп

Які віцебскі фестываль мае самую доўгую гісторыю? Напэўна, большасць назаве “Славянскі базар”, які прайшоў сёлета ў 29 раз. Аднак ёсць творчы форум, які збірае сваіх удзельнікаў у культурнай сталіцы ўжо 34 гады – гэта адкрыты фестываль аўтарскай песні, паэзіі і візуальных мастацтваў “Віцебскі лістапад”.

Пачынаўся ён як конкурс бардаў, але апошнім часам пашырыў праграму, прыцягнуў аматараў музыкі і паэзіі з розных краін свету. Вось і сёлета ў творчым форуме, які з-за пандэміі праходзіў у вочна-завочным фармаце, прынялі ўдзел не толькі беларусы, а і канкурсанты з Расіі, ЗША і нават Новай Зеландыі. На папярэднім этапе яны даслалі арганізатарам відэа сваіх нумароў. Вырашылі сёлета паспрабаваць сілы ў прэстыжным конкурсе і пяцёра ўшачан – гэта Галіна Талстая, а таксама члены народнага клуба творчых сустрэч “Муза” Тамара Барадзёнак, Людміла Мядзведзева, Галіна Кашненка і яго кіраўнік Людміла Дунец. Усе яны ўдзельнічалі ў намінацыі “Выканаўчае майстэрства. Паэтычная дэкламацыя” і прайшлі ў фінал, што ўжо з’яўляецца адметным дасягненнем! Ну а дзве апошнія ў мінулыя выхадныя накіраваліся ў Віцебск, каб выступіць на сцэне фестывалю.

Праграма форума, які раней праходзіў чатыры дні, сёлета ўмясцілася ў два, з-за абмежаванняў у падарожжах большасць замежных канкурсантаў і палова членаў журы далучыліся да фіналу анлайн. Але былі і тыя, хто не пабаяўся выпрабаванняў і прыехаў у Беларусь. Так, напрыклад, з вялікімі прыгодамі дабіраўся ў горад на Дзвіне паэт і музыкант з Падмаскоўя Сяргей Чарных. Аўтобус, які павінен быў рухацца да Віцебска, даехаў толькі да мяжы і высадзіў пасажыраў, так што канкурсанту давялося пераадолець яе пешшу, а потым “лавіць” спадарожную машыну. Аднак такія казусы толькі дадалі яму запалу. Номер расіяніна ў намінацыі “Аўтарская песня. Альтэрнатыва”, які ён выконваў пад акампанемент электроннага інструмента, сканструяванага ўласнымі рукамі з укулеле і балалайкі, настолькі ўразіў журы, што яно прысудзіла яму і галоўны прыз фестывалю – узнагароду “Прызнанне”. Адметна, што самымі гучнымі апладысментамі перамогу Сяргея сустрэлі нашы зямлячкі, якія паспелі з ім пасябраваць. Больш за тое, менавіта Л.Дунец ён у многім быў абавязаны сваім трыумфам, бо яна параіла мужчыну прыехаць на “Віцебскі лістапад”. “Раней перасякаліся з Сяргеем на мінскім фестывалі “Славянская ліра”, перапісваліся ў сетках. Даслала яму інфармацыю, ён зацікавіўся, і такім чынам мне ўдалося паспрыяць таму, што фестываль запаліў новую зорку”, – расказвае ўшачанка.

Сама ж Людміла выходзіць у фінал конкурсу ўжо пяты год запар. Дагэтуль у спаборніцтве дэкламатараў прэзентавала вершы ўласнага сачынення, ну а сёлета, у год 75-годдзя Вялікай Перамогі, вырашыла прачытаць твор нашай зямлячкі Еўдакіі Лось “Дома”, перад якім прыгадала слухачам гераічную гісторыю Ушаччыны. Прынамсі, пачынаецца верш с такога эпіграфа: “Да вайны ва Ушацкім раёне было 54 тысячы жыхароў, пасля вайны засталося 20 тысяч”. Змест і выкананне твора кранулі за душу. Л.Дунец увайшла ў лік пераможцаў прэстыжнай намінацыі, дзе ўдзельнічалі два дзясяткі фіналістаў – стала лаўрэатам ІІІ ступені. Вельмі цёпла сустрэлі слухачы і выступленне Галіны Кашненкі, а некаторыя нават пыталіся, дзе знаходзіцца вёска Двор Пліна, у якой жывуць такія элегантныя і таленавітыя жанчыны.

Фестываль дадаў у восеньскую палітру цёплых фарбаў, сагрэў сэрцы творчасцю і еднасцю пачуццяў. Нашы ж удзельніцы кажуць, што будуць чакаць наступнай восені, каб зноў выйсці на віцебскія падмосткі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *