Мастер дружной бригады. 18 лет в Ушачском районе электросетей трудится Дмитрий Зеленко

Общество

Хоць і працуе год на гэтай пасадзе, аднак ведае пра энергетыку раёна ўсё і годна прадаўжае справу бацькі”, “Сапраўдны прафесіянал, добры чалавек і сусед!”. Шмат падобных станоўчых водгукаў давялося пачуць у раёне электрычных сетак пра майстра Дзмітрыя Міхайлавіча Зелянко. Упэўніцца ў яго кампетэнтнасці і павазе калег давялося напярэдадні прафесійнага свята, выехаўшы ўслед за брыгадай гэтага спецыяліста на раён.

На бягучым тыдні Д.М.Зелянко разам са сваімі падначаленымі займаўся капрамонтам падстанцыі ў Мажуйках. “Электралініі – як і любы іншы механізм, патрабуюць тэхнічнага абслугоўвання і рамонту. Вось гэтая падстанцыя, можна сказаць, маральна ўстарэла. Замянілі ўнутраную “начынку”, абнавілі знешні выгляд, зараз апошнія штрыхі і зноў загарыцца святло! Хоць і пражывае ў гэтым населеным пункце ўсяго некалькі чалавек, аднак прыемна, што яны аднесліся з разуменнем да часовых нязручнасцей і нават дзякавалі за работу”, – расказвае Дзмітрый Міхайлавіч.

З дзяцінства яго цікавіла электратэхніка, а таму ўзяць у рукі паяльнік і што-небудзь адрамантаваць для хлопца было за радасць. А сваю працоўную кар’еру ён пачынаў у 2002 годзе электраманцёрам. Скончыўшы Гарадоцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, з задавальненнем прыйшоў ва Ушацкі раён электрычных сетак. У арганізацыю, якую ўжо выдатна ведаў, бо надзейным дарадчыкам і прыкладам для яго быў бацька Міхаіл Васільевіч – нязменны і надзвычай вопытны дыспетчар, які толькі летась адправіўся на заслужаны адпачынак.

Папрацаваўшы на розных участках, Дзмітрый набраўся вопыту, а таму яго без ваганняў назначылі майстрам. “Складаней за ўсё было ў аператыўна-выязной брыгадзе. Там не ідзе ўсё па плане і адладжаным графіку: трэба быць гатовым да аварый і “сюрпрызаў”, якія рыхтуе надвор’е, шукаць абрыў, разбіраць завалы на электралініі, нават калі на вуліцы цемра, пад нагамі гурбы снегу ці лье дождж, – кажа Д.М.Зелянко. – Адным словам, выконваць самыя вялікія аб’ёмы работы падчас аранжавага ці чырвонага ўзроўню небяспекі, калі людзей папярэджваюць без патрэбы не выходзіць на вуліцу. Выдатна ведаю і “місію” дыспетчара, але па душы мне больш вось такія планавыя работы на раёне. Нягледзячы на тое, што ў прамым і пераносным сэнсе слова мы пад пастаянным напружаннем. Без перабольшвання магу назваць усіх сваіх падначаленых сапраўднымі прафесіяналамі. Так, тры дзясяткі гадоў працуе электраманцёрам Сяргей Мікалаевіч Варанько, які, дарэчы, якраз днямі адзначыў свой 50-гадовы юбілей. Хоць і мае менш вопыту, але ўзорна працуе другі электраманцёр Раман Юр’евіч Севярын, з паўслова разумеюць мяне вытворца работ Віктар Валер’евіч Шарамет і вадзіцель Анатоль Іванавіч Аўдошка. Не для чырвонага слоўца дадам, што працуем дружнай камандай, падтрымліваем адзін аднаго ў цяжкія і святочныя хвіліны”.

Кожны крок людзей гэтай няпростай прафесіі павінен быць максімальна вывераным, ніколі не прыступае Д.М.Зелянко да работ на аб’ектах без інструктажу па тэхніцы бяспекі, хоць і ведаюць усе члены брыгады іх назубок. Як сам майстар, так і яго каманда ніколі не спяшаюцца дадому, калі штосьці недароблена ці не пераправерана, з разуменнем адносяцца да затрымак на рабоце. Спецыфіка дзейнасці лінейных брыгад такая, што людзі часта не бачаць той вялікай работы, якую праводзяць гэтыя спецыялісты. Яны ж і ў спёку, і ў халады спяшаюцца ва ўсе куткі раёна, працуюць у небяспечных умовах, каб мы з вамі мелі магчымасць карыстацца ўсімі здабыткамі цывілізацыі, каб год ад году паляпшалася якасць нашага жыцця.

Ну а вярнуўшыся з выезду, майстар гэтай дружнай каманды бярэцца і за папяровую работу, з якой спраўляецца гэтак жа ўзорна. Вольныя ж хвіліны прысвячае свайму надзейнаму тылу – жонцы і дачушцы, шматлікім справам ва ўласным доме, дзе таксама, як і на рабоце, усё ладзіцца.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *