Готовятся к новой посевной

Общество

Пераворванне глебы – гэта тое, без чаго нельга закласці будучы ўраджай. Добры гаспадар толькі тады будзе адчуваць сябе спакойна зімой, калі яго зямля ўзарана.

Работы па ўздыме зябліва ў раёне пачаліся сёлета намнога раней, чым у мінулым годзе. У прынцыпе, як і ўсе работы, бо раней звычайных тэрмінаў скончылі жніво, убралі кукурузу… У “Вялікадолецкім” араць пачалі яшчэ ў пачатку месяца і сёння гэтая работа ідзе поўным ходам. Расслабляцца працаўнікам названай гаспадаркі, канечне, не прыходзіцца. Яны ў ліку тых, у каго вялікія пасяўныя плошчы, а значыць, і ўзворваць восенню трэба нямала. Паколькі план сяўбы павялічаны, то і зябліва ўзняць неабходна больш, чым у папярэднія гады – амаль 1900 гектараў. Нягледзячы на такі аб’ём, тут добра спраўляюцца з гэтай работай, з упэўненасцю і доляй аптымізму гавораць, што ўсё паспеюць зрабіць. Ужо ўзарана больш паловы ад запланаванага.

– З самага пачатку нарошчвалі тэмпы і сёння на палях працуе сем адзінак тэхнікі. Канечне, кожны з працаўнікоў, у залежнасці ад магутнасці трактара і плугоў, выконвае абсалютна розны аб’ём работы, але ў выніку атрымліваецца, што за дзень узворваецца 55-65 гектараў, – характарызуе абстаноўку на палях галоўны аграном гаспадаркі І.У.Іванюта.

Як заўсёды, на палях застаеш вядомых працаўнікоў, работа якіх паўтараецца з году ў год. Так, у “Вялікадолецкім” на палетках былога “Новага Жыцця” на магутных трактарах МТЗ-2822 і МТЗ-3022 з абаротнымі васьмікорпуснымі плугамі працавалі ў канцы тыдня Сяргей Аркадзьевіч Філімонаў і Мікалай Уладзіміравіч Хамёнак. На такой тэхніцы яны кожны дзень узворваюць прыкладна 30-32 гектары. На суседнім полі таксама ўдваіх працавалі Васіль Рыгоравіч Алексяёнак і Мікалай Віктаравіч Падворны на трактарах МТЗ-1221. Канечне, не зраўняцца з магутнай тэхнікай, але і іх уклад адчувальны. Па два працаваць прасцей, здараецца, што трэба выцягнуць адзін аднаго.

У гэтым годзе ўздым зябліва праходзіць лягчэй, чым у мінулым. Тады нават не паспелі ўсё ўзараць, бо на многія палі проста немагчыма было заехаць.

Паралельна вядуцца работы па ўнясенні мінеральных угнаенняў.

Усяго ў раёне ўзнята 7542 гектары зябліва, што складае 54 працэнты да плана. Хутка завершыць гэту работу “Райаграсервіс”. Больш паловы плошчаў таксама ўзнята ў “Кублічах”, “Ільюшынскім”, “Дземенцы”. Пакуль дазваляе надвор’е, а значыць, ёсць час поўнасцю падрыхтавацца да зімы.

В.ПОЛАЗАВА.

На здымках:

М.В.Падворны і В.Р.Алексяёнак; С.А.Філімонаў і М.У.Хамёнак.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *