Ушачскому телеретронслятору — 43

Общество

Тэлебачанне як новы від інфармацыі прыйшло ў Віцебск у 1959 годзе, калі была пабудавана радыётэлевізійная станцыя. З яе дапамогай перадаваўся адзін канал цэнтральнага тэлебачання Савецкага Саюза. Але адной Віцебскай станцыі было недастаткова, і да святкавання 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі была адкрыта Ушацкая радыётэлевізійная перадаючая станцыя. Менавіта геаграфічны фактар стаў вырашальным пры выбары месца для новага цэнтра, бо размяшчэнне станцыі ў самым цэнтры Віцебскай вобласці дазваляла весці трансляцыю з найбольшай эфектыўнасцю.

Новая станцыя пачала сваю работу адначасова з тэлевізійнай Астанкінскай вежай у Маскве. Абедзве станцыі былі аснашчаны аднолькавым абсталяваннем і перадавалі ў эфір адны і тыя ж каналы.

Магутнае абсталяванне і мачта вышынёй 350 метраў забяспечвалі ўпэўнены прыём тэлерадыёперадач у радыусе 80 кіламетраў. Ушацкая станцыя ўступала толькі Астанкінскай, калектывы якіх супрацоўнічалі. Не раз маскоўскія калегі наведваліся ва Ушачы для абмену інфармацыяй і настройкі абсталявання.

З гадамі магчымасці станцыі раслі, уводзіліся новыя перадатчыкі, павялічвалася колькасць каналаў, да 375-ці метраў “вырасла” мачта. У 2000-х гадах пачалася замена парка тэхнічнага абсталявання. Замест маральна ўстарэлых энергаёмкіх лямпавых перадатчыкаў з’явіліся новыя цвёрдацельныя. Адбыліся зрухі і ў аснашчанасці радыётэхнікі – з’віліся перадатчыкі новага пакалення літоўскай вытворчасці, радыус прыёму павялічыўся да 90 кіламетраў.

Сёння калектыў Ушацкай тэлевізійнай станцыі складаецца з 19 чалавек. Калі станцыя ў 1967 годзе пачынала сваю работу, іх было 40. Каб сачыць за абсталяваннем і забяспечваць бесперабойнае тэлерадыёвяшчанне, пераважна мужчынскі калектыў працуе ў чатыры змены. За якасцю і бесперапыннасцю вяшчання ўсіх адразу каналаў радыё і тэлебачання сочаць старшы змены і электрамеханікі.

Нічога не стаіць на месцы, развіваецца і тэлевізійная станцыя. Яна па-ранейшаму з’яўляецца адной з самых магутных у рэспубліцы і ахоплівае даволі вялікую аўдыторыю. З меншымі энергазатратамі ўдалося дасягнуць больш высокай якасці вяшчання. Цяпер рыхтуецца абсталяванне для лічбавага тэлебачання і ў самы бліжэйшы час яно ўжо будзе запушчана. У новым рэжыме з’явіцца магчымасць прагляду васьмі каналаў замест шасці. Акрамя гэтага яшчэ больш павысіцца якасць вяшчання. Для пераходу на лічбавае тэлебачанне гледачам неабходна будзе набыць спецыяльную прыстаўку для тэлевізара.

Акрамя абсталявання трэба сачыць за перадатчыкамі і антэнамі на вышцы. Каб узняцца на самую вышыню па прыступках, у сярэднім неабходна затраціць 40 хвілін, калі па трасах з дапамогай спецыяльнага прыстасавання — дзесьці паўгадзіны. Па словах работнікаў, на самым версе як на далоні бачны ўвесь Ушацкі раён, віднеецца Полацк, Наваполацк, Лепель.

За апошні час зроблена рэканструкцыя будынка, які абаграваецца цяплом, што зыходзіць ад абсталявання – летам яно выходзіць на вуліцу, а ў ацяпляльны сезон разганяецца ўнутры памяшкання, гэта дазваляе эканоміць немалыя сродкі.

Дырэктар тэлерэтранслятара В.У. Губанкоў адзначае, што ў апошні час калектыў памаладзеў. На змену ветэранам вытворчасці прыходзяць маладыя, актыўныя работнікі, якія не баяцца цяжкасцей. Па слядах бацькі пайшоў Д.Губанкоў, з дзяцінства ўнікаў у справу, зараз працуе электрамеханікам. Дарэчы, яго бацька таксама пачынаў электрамеханікам больш трыццаці гадоў таму. Не адзін год працуюць у гэтай складанай сістэме А.Л.Ляонаў, В.М.Рабіза, А.С.Хадан, В.С.Шарамет і Н.К.Шарамет, для якіх станцыя стала не толькі першым месцам працы, але і знаёмства, стварэння сям’і. Усе работнікі пастаянна павышаюць свой прафесійны ўзровень, удасканальваюць навыкі, каб працаваць са складаным і дарагім імпартным абсталяваннем.

Не забываюць у калектыве і пра сваіх заслужаных працаўнікоў М.Я.Кляшторнага, І.П.Сісковіча, Ж.Г.Чарняўскага, В.В.Жарнасека і іншых.

Дзякуючы Ушацкаму тэлерэтранслятару каля мільёна чалавек маюць магчымасць глядзець тэлебачанне і слухаць радыё, а людзі, якія працуюць там, займаюцца складанай, адказнай і ў той жа час цікавай справай. Са святам вас, ушацкія работнікі тэлерадыёвяшчання, поспехаў і плённай працы на карысць людзей.

В.ПОЛАЗАВА. На здымках:

калектыў тэлерэтранслятара.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *