За короткое время Пётр Клачок успел проявить себя с лучшей стороны в прокурорском деле

Общество

Пётр Аляксеевіч Клачок Дзень работнікаў пракуратуры ў якасці прафесійнага свята будзе адзначаць сёлета ўпершыню, аднак за кароткі час працы ва ўстанове ён паспеў праявіць сябе з выдатнага боку і стаць незаменным членам нашага калектыву.

“Напэўна, не трэба тлумачыць, наколькі важна для любой арганізацыі, каб за рулём службовага аўтамабіля знаходзіўся граматны і адказны вадзіцель. Пётр Аляксеевіч менавіта такі! – характарызуе мужчыну пракурор М.М.Падворны. – Даводзіцца пастаянна выязджаць на раён з праверкамі дзейнасці прадпрыемстваў, зваротаў грамадзян, іншы раз калясім і па бездарожжы – нядаўна, напрыклад, правяралі даныя па засеяных лесам плошчах. І наш вадзіцель заўсёды абярэ аптымальны маршрут, даімчыць у любую кропку, калі трэба – сам даставіць карэспандэнцыю, бо ведае ўсе арганізацыі і многіх жыхароў раёна”. А загадчык канцылярыі Т.У.Латышава дапаўняе партрэт яшчэ адной рысай: “Мала таго, што аўтамабіль трымае ва ўзорным стане, дык яшчэ ўсе ручкі ды вінцікі ў шафах падкруціў, мэблю адрамантаваў – хоць і не ўваходзіць гэта ў шафёрскія абавязкі, але такі ўжо гаспадарлівы чалавек!”

Уся кар’ера П.Клачка прысвечана вадзіцельскай справе. Прафесію ўраджэнец вёскі Садкі атрымаў у філіяле вучылішча на базе саўгаса “Ушацкі”. Потым служыў у арміі – іх каманда ішла ў Афганістан, аднак там ужо знаходзіўся яго старэйшы брат Фёдар, а членаў адной сям’і стараліся на вайну не адпраўляць. Пётр трапіў у Германію ў ракетныя войскі. А для брата афганскія выпрабаванні не прайшлі бесслядоўна: Фёдар Клачок вярнуўся з вайны, аднак пайшоў з жыцця зусім маладым, не дачакаўшыся аперацыі на сэрцы…

Пётр жа ўладкаваўся ва ўтвораную ў пачатку 90-х ва Ушачах службу аховы, дзе адпрацаваў вадзіцелем 23 гады. Абавязкі выконваў узорна, пры яго непасрэдным удзеле было папярэджана і выкрыта па гарачых слядах не адно злачынства. Прыгадвае, напрыклад, як літаральна за тры хвіліны даімчаў дзяжурны экіпаж да магазіна ў Ваўчо, дзе спрацавала сігналізацыя: зламыснікі ломам прабілі сцяну, каб пажывіцца спіртным, але не паспелі нават залезці ўнутр. Перашкодзілі ўзбагаціцца і злодзею, што пранік праз разбітыя вокны ў цэнтральнае паштовае аддзяленне…

Аднак рэгламент службы такі, што ў 45 год даводзіцца пакідаць ведамства. Шукаючы новае месца, Пётр Аляксеевіч не выбіраў лёгкай справы: працаваў на МАЗе ў ПМС, на пагрузчыку ва Ушацкім філіяле “Віцебскпаліўзбыту”. “Прапанова пракурора раёна была нечаканай, але спецыфіку новай службы асвоіў хутка, – прызнаецца П.Клачок. – Спадабаўся калектыў, у якім усе паважаюць адзін аднаго, не зважаючы на пасады. Рады, што зноў магу ўносіць пасільны ўклад у захаванне парадку і законнасці ў нашым раёне”.

Дарэчы, гэтай жа важнай справе прысвяціў сябе і яго сын Ілья, які пасля заканчэння вучобы прыйшоў ва Ушацкі райаддзел Следчага камітэта, добра сябе зарэкамендаваў і нядаўна быў пераведзены ва Упраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці. Яго поспехі – плён дастойнага выхавання: Пётр Аляксеевіч і яго жонка Алена Генадзьеўна – сумленныя і вельмі працавітыя людзі, якіх паважаюць калегі і суседзі, а сядзіба Клачкоў, да слова, адна з самых прыгожых і дагледжаных у гарпасёлку.

Н.АВАДНЁВА, намеснік
пракурора Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *