В любое время, в любую погоду спешат на вызов. 25 июля работники МЧС отметили профессиональный праздник — День пожарной службы

Общество

Заўсёды ў форме

Гэты дзень пажарнай службы для Сяргея Іванавіча Лісоўскага 12-ы ў працоўнай кар’еры. Але, бадай, самы асаблівы – напярэдадні ён атрымаў медаль “За бездакорную службу” 3-й ступені, які яму ўручыў у Віцебску намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях А.Худалееў. Адметна і тое, што ён стаў адным з самых маладых уладальнікаў гэтай дзяржаўнай узнагароды ва Ушацкім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях.

“Худаваты! – сказаў мне намеснік начальніка Дзмітрый Канстанцінавіч Лёля, калі я ўпершыню пераступіў парог пажарнай часці, – адмотваючы жыццёвую стужку, з усмешкай прыгадвае С.Лісоўскі. – А я запэўніў, што не падвяду”.

І не падвёў, сапраўды, бездакорна працаваў з першых дзён. Да службы ў МНС хлопец паспеў атрымаць медыцынскую адукацыю і паступіць на сацыяльна-педагагічную спецыяльнасць Віцебскага дзяржуніверсітэта, які скончыў завочна. Чаму ўсё ж аддаў перавагу прафесіі выратавальніка? Сціпла адказвае: “Напэўна, прызванне”.

Усе гэтыя гады Сяргей Іванавіч з’яўляецца камандзірам аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста ў Вялікіх Дольцах, толькі на некаторы час пераводзіўся ў пажарную часць ва Ушачах.

“Як і ўсе, добра запомніў свой першы баявы выезд. Сімвалічна, але гэта быў першы дзень 2009-га года. Толькі прыселі з напарнікам перакусіць, як раздаўся званок – у Замошшы гарыць дом. Кінуўшы некранутым навагодні “селядзец пад шубай”, імчалі ў суседнюю вёску. Да прыбыцця калег паспелі практычна ўсё патушыць. Памятаю, тады нават гаспадары сядзібы праз “Патрыёт” дзякавалі нам за работу”, – прыгадвае С.Лісоўскі.

На жаль, не ўсе выезды былі з добрым фіналам і не раз даводзілася бачыць гібель людзей. Самы цяжкі і запамінальны момант, калі яшчэ ў пачатку прафесійнага шляху Сяргей разам з іншымі выязджаў на тушэнне пажару ў Рагуцкія – як балюча было пераканацца, што 9-­гадовага хлопчыка ўжо не выратаваць. Яго бацькі пакінулі аднаго дома, цела падчас тушэння знайшлі каля самых дзвярэй. Сумна скончыўся выезд і на Матырынскае возера, дзе падчас зімовай рыбалкі патанула сямейная пара. Тут усё рашае адно імгненне, і калі прыбылі на возера, на лёдзе былі толькі рыбацкія скрыні.

Расказваючы пра працоўныя будні, Сяргей прыгадвае сваіх старэйшых калег-настаўнікаў – Уладзіміра Лісічонка, Ігара Елісеева, Сяргея Сыса, Алега Крыскевіча, а сёння ўжо і сам абучае маладое пакаленне. Нярэдкія госці на пасце вялікадолецкія школьнікі. Дастаткова зірнуць на фота з урокаў бяспекі і зразумець, як займальна і цікава з дзецьмі праводзіць іх С.Лісоўскі.

Ну а на змену ўжо не адзін год заступае разам з вадзіцелем Сяргеем Бугаём. “Моцны мароз ці невыносная спякота, позняя ноч ці разгар дня – у любы час, у любое надвор’е спяшаемся на выклікі. Канечне, у нас не такія тэхнічныя магчымасці для выратавання, як у нашых ушацкіх калег – меншы запас вады і не надта сучаснае абсталяванне, але робім усё магчымае, каб дапамагчы людзям у бядзе. Зрэшты, у справе выратавання няма межаў і часта даводзіцца выязджаць на падмогу суседзям, часцей за ўсё ў бліжэйшы Докшыцкі раён. Прыходзілася чуць прэтэнзіі кшталту прыехалі без вады, не так прыпаркаваліся і няправільна тушылі, але спісваю ўсё на стрэсавую сітуацыю: калі ў агні гарыць нажытае гадамі, складана кантраляваць эмоцыі. Не крыўдую і на анекдоты пра пажарных, насамрэч, без справы сядзець не прыходзіцца”, – расказвае выратавальнік.

Так, за апошнія тры гады проста да непазнавальнасці змяніўся пост, тут праведзена мадэрнізацыя. Рамантавалі ўсё выключна сваімі сіламі – стараліся для сябе, і большую частку работ выканаў менавіта С.Лісоўскі, які добра арыентуецца ў будаўнічых нюансах. А яшчэ разам з калегамі штогод ён выконвае вялікі аб’ём работ па аказанні платных паслуг (уборка аварыйных дрэў, праверка газавентканалаў).

Былі ў яго кар’еры і нестандартныя сітуацыі, напрыклад, не адзін раз даводзілася ратаваць карову ў Старынцы, якая правальвалася ў калодзеж.

Ён не пройдзе міма, калі камусьці патрэбна дапамога, нават калі і не на змене. Бо заўсёды “ў форме” і любіць сваю прафесію.

Адзначаны за службу

Да прафесійнага свята ўшацкія выратавальнікі адзначаны не толькі на раённым узроўні. Так, Ганаровай граматай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь узнагароджана старшына групы матэрыяльнага забеспячэння Алена Анатольеўна Рагавешка, граматай – вадзіцель Сяргей Генадзьевіч Сыс. Нагрудны знак “165 гадоў пажарнай службе Беларусі” атрымаюць камандзір аддзялення Алег Пятровіч Крыскевіч, вадзіцелі Канстанцін Фёдаравіч Пацэйка і Сяргей Яўгенавіч Целепень. Ганаровай граматай Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС адзначаны намеснік начальніка аддзела Мікалай Паўлавіч Шустроў, а Лістамі падзякі – вадзіцель Сяргей Сяргеевіч Бугай і камандзір аддзялення Дзмітрый Сяргеевіч Кучаронак.

Самы малады каравул

Першаму каравулу пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 сёлета давялося пяць разоў выязджаць на ліквідацыю складаных пажараў, акрамя гэтага былі і “дробязі”: тушэнне смецця, ежы на пліце… З усімі баявымі заданнямі гэтая каманда спраўляецца паспяхова, нягледзячы на тое, што самая маладая з трох каравулаў.

А.Аўдошка, А.Ярмош, А.Бугай, А.Васілеўскі, А.Пашкевіч, Д.Карчэўскі.

Узначаліў яго летась Андрэй Раманоўскі, ужо добра арыентуецца ў дыспетчарскіх нюансах Аляксандр Васілеўскі, у ідэальным стане і поўнай гатоўнасці трымаюць тэхніку вадзіцелі Аляксандр Бугай і Аляксей Ярмош. З іх і бярэ прыклад, вучыцца маладое пакаленне. Нядаўна ўліліся ў калектыў Іван Аноп і Антон Аўдошка, апошні, дарэчы, атрымаў профільную вышэйшую адукацыю. А Дзяніс Карчэўскі і Аляксандр Пашкевіч папоўнілі каравул толькі сёлета. Разам з яшчэ двума навічкамі аддзела – Уладзіславам Гайко і Яўгенам Сухастаўскім яны ўчора ва ўрачыстай абстаноўцы прынялі прысягу – правялі яе для маладога папаўнення МНС вобласці на гэты раз у старажытным Полацку.

Лепшы вадзіцель вобласці

На гэтым тыдні ў Наваполацку 25 прадстаўнікоў падраздзяленняў МНС вобласці дэманстравалі прафесійнае майстэрства і змагаліся за званне “Лепшы вадзіцель”. Паказвалі сябе як у тэарэтычнай, так практычнай частках. У першай за 15 хвілін трэба было адказаць на 10 пытанняў па правілах дарожнага руху, а ў другой за рулём пажарнай машыны выканаць 10 разнастайных заданняў, сярод якіх, напрыклад, праезд змейкай заднім і пярэднім ходам, заезд у бокс, на стаянку, у танэльныя вароты і іншыя. Улічваючы тое, што кожны аддзел выстаўляў на спаборніцтвы лепшых сваіх работнікаў, тых, хто не раз прымаў удзел у конкурсе, барацьба разгарнулася напружаная.

– Сёлета мы вырашылі змяніць тактыку і далі шанс праявіць сябе самаму маладому нашаму вадзіцелю Уладзіславу Гайко, і ён апраўдаў давер, вярнуўшыся з конкурсу з другім месцам! – з радасцю паведамляе намеснік начальніка Ушацкага РАНС па аператыўна-тактычнай рабоце Мікалай Паўлавіч Шустроў.

Хлопец уліўся ў рады ўшацкіх выратавальнікаў зусім нядаўна – у лютым гэтага года. Працуе на пажарным аварыйна-выратавальным пасце ў аграгарадку Глыбачка.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *