Великодолецкие школьники советуют «Ханни крисп» и «Сябрыну». В саду учебного заведения всегда хороший урожай яблок

Общество

Сонечны кастрычніцкі дзень. Урокі ў самым разгары, таму на прышкольнай тэрыторыі ў Вялікіх Дольцах чаканая цішыня. Ля самых варот нас “спыняе” пах апошняй восеньскай квецені, якой акружана навучальная ўстанова, і сакавітых яблыкаў. Прыслухоўваешся – і чуеш прыглушаны гоман са школьнага сада. На занятках па грамадска-карыснай працы вучні 9-11 класаў дружна збіраюць ураджай фруктаў.

“Засталося зусім крыху – большую частку ўжо паклалі на захоўванне, – расказвае настаўнік хіміі і біялогіі В.М.Шышоў, праводзячы для нас невялікую экскурсію па ўгоддзях. – І старэйшыя дрэўцы, і атрыманыя школай у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “EU4Youth “Школьны сад” для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва, былі ўсыпаны пладамі. Парадавалі як летнія гатункі, якіх у нас усяго два, так і з працяглым тэрмінам захоўвання – іх больш дзесяці”. Любімы вучнямі – “Хані крысп”. Сама назва (з англійскай мовы – мядовы хруст) падказвае пра асаблівы смак пладоў. Годны ён і ў сабраных з яблынь беларускай селекцыі пад нечаканай назвай “Бананавае” – колер спелай садавіны падобны на жоўтую лупіну прыгаданага экзатычнага фрукта. У тых, хто ведае толк у садаводстве, у фаварытах – “Памяць Сікоры”: за ўстойлівасць дрэў да маразоў, хуткае фарміраванне кроны, ранні пачатак плоданашэння і, канечне, за тое, што да мая яблычкі захоўваюць сакавітасць. Вылучае Віктар Мікалаевіч і беларускую “Сябрыну” – падчас цвіцення дрэўцы скідваюць лішнюю завязь, усе сілы накіроўваючы на фарміраванне буйных пладоў. Захоўваюцца яны таксама да самай вясны, маюць прыемную кіслінку.

…Скрыні вельмі хутка напаўняюцца садавіной. Юнакі і дзяўчаты ўмеюць не толькі правільна сабраць ураджай, але і пачаранкаваць, прышчапіць дрэўцы. Асновам агранаміі ў школе вучаць ужо з малодшых класаў, ну а старэйшыя нават атрымліваюць спецыяльнасць садаводаў. Кантралююць школьнікі і работу сістэмы паліву. Дарэчы, набыта яна, як і некаторыя саджанцы, таксама дзякуючы паспяховаму ўдзелу Вялікадолецкай школы ў прыгаданым вышэй праекце, які на працягу чатырох гадоў рэалізоўваўся пад эгідай Беларускага зялёнага крыжа.

За атрыманы грант куплена і вялізная халадзільная камера, у якой зараз захоўваецца частка ўраджаю. “Навошта так многа?” – убачыўшы горы запоўненых адборнымі яблыкамі скрынь, пацікавіліся ў работнікаў школьнай сталовай. “Лішнім дакладна не будзе! – запэўнілі жанчыны. – Свежыя плады кожны дзень на сталах у вучняў, выхаванцаў дзіцячага сада. Гатуем таксама кампоты, дабаўляем яблыкі ў салаты. Карацей кажучы, максімальна вітамінізуем дзіцячы рацыён. Да таго ж вырашчанае на ўчастку робіць харчаванне больш танным”.

“Заклалі звыш тоны такой садавіны, – удакладняе настаўнік хіміі і біялогіі Алена Мечыславаўна Жук. – “Некандыцыйныя” плады з нядаўняга часу сушым – і для сябе, і на рэалізацыю. Зрабіць такі працэс магчымым у школьных умовах дапамаглі дзве сушылкі, набытыя зноў жа за сродкі Беларускага зялёнага крыжа. Падчас нядаўняга кірмашу, што ладзіўся ў райцэнтры, такая прадукцыя аказалася вельмі запатрабаванай. На “ўра” разляталіся не толькі яблыкі, але і грушы (іх у нас тры гатункі), слівы (чатыры)”.

Тое, што яшчэ будзе сабрана, таксама не прападзе. Лепшым вялікадальчане мяркуюць падзяліцца з дзіцячымі садамі райцэнтра, ну а “неліквід” – здаць, атрымаўшы для школы дадатковы прыбытак.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *