Творчасць Ганны Бабянок

Мир увлечений

Ганна Бабянок вельмі адметная асоба свайго пакалення. І яе зайздроснае адрозненне ад іншых у тым, што гэтая маладая жанчына бясконца творчы і цікавы чалавек, які кожны год узнімаецца на новыя вышыні і не збіраецца спыняцца на дасягнутым. Апошні раз пра яе здольнасці ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, рукадзеллі мы расказвалі на старонках газеты чатыры гады таму. Сёння перада мной ужо больш сталы і ўпэўнены творца, акрылены новымі ідэямі і планамі, поўны энергіі спасцігаць новае, нязведанае. IMG_1536

 

Ганна родам з Сенненшчыны. Пэўна, і не магла яна нарадзіцца іншай, бо бацька – майстар на ўсе рукі, выкладае ў школе працоўнае навучанне, вядзе гурткі. Маці – тонкі і пранікнёны чалавек, які прысвяціў сваю прафесійную дзейнасць яе вялікасці музыцы. Дзядулі па абедзвюх лініях былі “з залатымі рукамі”, умелі ўсё, а кошыкі з лазы рабілі такія, нібы выйшлі з-пад станка. Так што дзяўчына яшчэ са школьных гадоў пацвердзіла ўсім, што яна пераняла пакрышачку ад усіх: маляваць, плесці, вязаць, майстраваць…

Падчас мінулага знаёмства з Г.Бабянок мы гаварылі аб прыгожых работах з саломкі і бісеру, разглядалі яе вышыўку і фларыстыку. Усё гэта ўжо ўчарашні дзень, як канстатуе Ганна. Сёння ў полі яе зроку новы накірунак у фларыстыцы – тэхніка “тэрра”, якая ўключае работу са шпаклёўкай і фларыстычным матэрыялам ад пялёсткаў да карэньчыкаў раслін. Карціны атрымліваюцца настолькі незвычайнымі, што дух захоплівае. Прыглядзішся, здаецца, з “нічога” выраблена, а вачэй не адвесці. Гэтую навізну мая гераіня адкрыла падчас наведання экалагічнага цэнтра ў Віцебску. Там выстаўлялася нешта падобнае. Яна больш дакладна даведалася пра тэхніку выканання такіх карцін і дала волю фантазіі пры стварэнні сваіх работ. Зацікавіла гэтым і дзяцей, выхаванцаў свайго гуртка “Волшебство рукоделия”.

Не закінула і бісерапляценне. І гэты занятак выйшаў на новы творчы ўзровень, дзякуючы інтэрнэту, дзе яна заўсёды шукае нешта новае па цікавячых тэмах. Цяпер з-пад яе ўмелых рук выходзяць дзіўныя звяркі, вырабленыя з пацерак па тэхніцы “кіксайскага пляцення”, незвычайна прыгожымі атрымліваюцца карціны з матылькамі па новай, асвоенай ёю тэхніцы бісерапляцення “кирпичный шов”. Гэта сваё майстэрства яна перадае дзецям на гуртку “Чарадзейка”.

Вельмі арыгінальнымі карцінамі выглядаюць яе аплікацыі з бяросты. У гэтым накірунку Ганна бясконца імправізуе, а таму нават дзвюх аднолькавых работ пры ўсім жаданні ў яе не атрымліваецца. Не закінула і саломапляценне. Толькі цяпер работы сталі больш дасканалымі. Вельмі прыгожым атрымаўся герб г.п.Ушачы, выраблены з саломкі.

Асаблівае пачуццё прыгожага адчуваецца ў ёй, калі глядзіш на кветкавыя кампазіцыі: распісаная фарбамі бутэлька з арыгінальным букетам з прыроднага матэрыялу як подых рамантычнасці і палёту фантазіі.

Да Новага 2010 года, які праходзіць пад знакам Тыгра, Ганна Бабянок напісала карціну з выкарыстаннем тэхнікі “батык” (роспіс па тканіне), дзе ў цэнтры ўвагі прыгожы тыгр з пераможным відам.

Нядаўна яе выхаванцы прывезлі шэсць Ганаровых грамат за ўдзел у абласной выставе-конкурсе фітадызайну і столькі ж узнагарод яны заваявалі падчас правядзення раённай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А Ганна Аляксандраўна Бабянок атрымала Падзяку ад намесніка генеральнага дырэктара абласнога аб’яднання па арганізацыі пазашкольнай работы Н.Г.Янцэвіч за падрыхтоўку і правядзенне прэзентацыі панарамы творчых ідэй “Майстэрня Дзеда Мароза” ў рамках абласнога семінара-практыкума для кіраўнікоў гурткоў устаноў пазашкольнага выхавання і навучання “Культурная спадчына, як духоўная каштоўнасць выхавання і развіцця дзяцей і падлеткаў”.

Трохгадовая дачушка Ганны, Даша, вельмі цікавіцца ўсім, што вырабляе маці. Імкнецца прысуседзіцца каля яе і нешта таксама рабіць. Вельмі любіць маляваць, выразаць з паперы розныя формы і нават нанізвае пацеркі на нітку з асаблівым стараннем і ўседлівасцю. Верыцца, што некалі і пра яе творчасць напішуць нашы паслядоўнікі-журналісты. А.ПАШКОВІЧ.

На здымку: Ганна Бабянок.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *