Выход на лед опасен! На водных объектах Ушачского района прошли рейды

Профилактика и безопасность

На тэрмометры – невялікі мінус. Суботнім ранкам з прадстаўнікамі раённай арганізацыі Беларускага таварыства выратавання на водах, аддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях збіраемся ў рэйд па водных аб’ектах Ушаччыны. На наша пытанне “Ці не ранавата для такіх праверак?” атрымліваем адназначны адказ: “Ніколькі! Ужо сёння на аўтавакзале “засвяціўся” не адзін аматар рыбнай лоўлі з бурам у руках”.

Накіроўваемся да розных па памеры, глыбіні азёраў на тэрыторыі Кубліцкага, Глыбачанскага, Ушацкага сельсаветаў. Вялікія, як правіла, пакрыцца лёдам не паспелі – на беразе ні жывой душы. Дробныя ж і неглыбокія выглядаюць ужо па-зімоваму, вось толькі пра надзейнасць прыгожага белага покрыва гаварыць не прыходзіцца: пад пластом свежага снегу – танюсенькая скарыначка, таўшчыня якой – усяго ад 1 да 4 см.

– Назваць тых, хто выходзіць на такі лёд, інакш як патэнцыяльнымі самагубцамі не магу! – кажа Аляксандр Захараў, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства выратавання на водах. – Нагадаю: каб не праваліцца, трэба дачакацца як мінімум 7 сантыметраў! Надвор’е ж пакуль немарознае. Дарэчы, нават пры мінус дзесяці пры ўмове зацярушанасці снегам (а яго зараз хапае!) лёд таксама не “стане”. Таму расчахляць зімовыя рыбацкія снасці яшчэ дакладна рана.

Пад’язджаем да возера Цвеціна. На абочыне бачым аўтамабіль, да якога спяшаецца мужчына з бурам. Спыняемся, пачынаем размову. Як высветлілася, жыхар іншага раёна – даўні аматар рыбалкі, але пра сваю бяспеку дбае, таму прыехаў на вадаём выключна з мэтай “рэвізіі”.

– Лёд ля берага мяне вытрымаў, аднак каварна хрумсцеў, – зазначыў ён. – Прабуравіў лунку – і зразумеў, што трэба тэрмінова на бераг: надта небяспечная таўшчыня!

Хапіла розуму не выходзіць на такое покрыва і іншым рыбакам. Падчас нашага рэйду па больш чым 15 азёрах дзе-нідзе сустракалі “пробныя” лункі, разбітыя палкамі берагі, саміх жа “правяраючых”, што не можа не радаваць, на лёдзе не было.

Правядзенне падобных рэйдавых мерапрыемстваў працягваецца. Нагадаем, што іх галоўнае мэта – не пакараць, а нагадаць ушачанам, што ніякія шчупакі ды акуні не вартыя таго, каб рызыкаваць дзеля іх уласным жыццём.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *