В рамках акции «Мы — граждане Беларуси!» самые активные и талантливые учащиеся школ района получили паспорта в День Конституции

Общество

15 сакавіка краіна адзначыла Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Да гэтай даты ва ўсіх куточках нашай дзяржавы праведзена патрыятычная акцыя “Мы – грамадзяне Беларусі!”. Далучыліся да яе і на Ушаччыне – самыя актыўныя, таленавітыя юнакі і дзяўчаты прынялі ўдзел у шэрагу цікавых мерапрыемстваў.

Атрымаць пашпарт у адно з галоўных святаў краіны – надзвычай ганарова. Сёлета такога права ў нашым раёне ўдастоена восем юнакоў і дзяўчат. Сярод іх, дарэчы, адразу тры прадстаўнікі сельскіх устаноў адукацыі. У скарбонцы дасягненняў Вікторыі Праннік з Арэхаўскай школы, напрыклад, “золата” раённага этапу рэспубліканскага конкурсу даследчых работ, “срэбра” на канферэнцыі міжнароднага навуковага таварыства “Альтаір”. Амаль ніводнае спартыўнае мерапрыемства ва Ушацкай школе і раёне не абыходзіцца без удзелу Мікіты Жалейкі, якога многія называюць самым карысным іграком футбольнай каманды ФСК. У “актыве” Антона Шараева з гэтай жа альма-матэр – другое месца на абласным турніры па плаванні, першае – на кубку Беларусі па вейкбордзінгу.

З Днём Канстытуцыі ўдзельнікаў урачыстасці, што ладзілася ў цэнтры культуры і народнай творчасці, павіншавала старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч. “Мы жывём у маладой суверэннай дзяржаве, дзе Канстытуцыя вызначае правы і абавязкі кожнага з нас, – зазначыла яна. – Жадаю вам моцнага здароўя і трывалых ведаў, якія закладуць падмурак паспяховай будучыні. Хай атрымаецца ажыццявіць усё, што вы задумалі!”.

Пад гучныя апладысменты прысутных Наталля Мікалаеўна і начальнік штаба Ушацкага райаддзела ўнутраных спраў Святлана Іванаўна Ціханёнак уручылі юнакам і дзяўчатам (акрамя прыгаданых вышэй – Вікторыя Андрэева з Арэхаўскай школы, Ангеліна Гулевіч з Ільюшынскай, Ганна Ключонак, Дар’я Белавусава і Данііл Дрозд з Ушацкай) пашпарты, падарункавае выданне “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, ну і, канечне, Канстытуцыю нашай краіны.

“Калі я атрымліваў свой галоўны дакумент, падобных урачыстасцяў не было – усе проста ішлі ў “пашпартны стол”, – прыгадаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культры і па справах моладзі райвыканкама Пётр Аляксандравіч Алексяёнак. – Таму шчыра рады за вас, 14-гадовых юнакоў і дзяўчат – сённяшні дзень, упэўнены, запомніцца на ўсё жыццё”.

Апошняе ад імя педагагічнага саставу, што суправаджаў школьнікаў, пацвердзіла Яўгенія Сяргееўна Вітко. Па словах жанчыны, у далёкім 1975 годзе яна гэтак жа ўрачыста атрымлівала пашпарт у Кубліцкай школе, куды быў запрошаны з райцэнтра ансамбль “Надзея”, – цёплыя ўспаміны і эмоцыі жывуць у душы дагэтуль.

У гэты ж дзень 13 школьнікаў нашага раёна папоўнілі рады самай масавай грамадскай арганізацыі краіны – Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Першы сакратар райкама БРСМ Рыта Уладзіміраўна Хрыпель уручыла юнакам і дзяўчатам членскія білеты, пажадала актыўнага грамадскага жыцця, добрых спраў на карысць Радзімы.

Святочнага настрою мерапрыемству дадала невялікая канцэртная праграма, падрыхтаваная работнікамі цэнтра культуры.

Дыялогавая пляцоўка з удзелам нашых 14-гадовых землякоў, членаў маладзёжнай палаты Ушацкага раёна і савета працуючай моладзі прайшла ў раённай бібліятэцы. Арганізатары сустрэчы даступна, з гульнявымі элементамі нагадалі аб правах і абавязках грамадзян, прадугледжаных галоўным дакументам нашай краіны, аб асаблівасцях беларускай сімволікі. Цікава было пагартаць адзін са Статутаў Вялікага княства Літоўскага, бо менавіта з такіх дакументаў 1529, 1566 і 1588 гадоў бярэ пачатак сучасная беларуская дзяржаўнасць. Больш даведаліся прысутныя і пра абноўленую Канстытуцыю.

Старшыня маладзёжнай палаты Ушацкага раёна Лізавета Больц расказала пра запланаваныя ў рамках Года міру і стварэння мерапрыемствы, заклікала ўсіх далучацца, уносіць свае прапановы.

Адметным стала чарговае пасяджэнне маладзёжнага клуба “Прававы навігатар” – яго кіраўнік Г.П.Талстая, старшакласнікі Ушацкай школы наведалі аддзел загса райвыканкама. Яго начальнік А.Я.Стукалава расказала пра ўнесеныя на рэспубліканскім рэферэндуме 2022-га змены ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія закранулі палажэнні аб шлюбе і сям’і. Калі ў некаторых краінах – Даніі, Нідэрландах, Швецыі – аднаполыя саюзы ў той ці іншай ступені ўзаконены, то пераважная большасць беларусаў супраць падобнага, таму паняцце шлюбу было замацавана менавіта як саюз жанчыны і мужчыны, што знайшло адлюстраванне ў арт.32.

Карыстаючыся выпадкам, школьнікі пацікавіліся ў Аляксандры Яўгенаўны, ці можна рэгістраваць адносіны з замежнымі грамадзянамі, якія імёны часцей даюць нованароджаным ушачане. Размова атрымалася цікавай, ажыўленай. Годна праявілі сябе школьнікі і ў віктарыне, якую правяла Галіна Пятроўна.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *