В детском саду №1 воспитывают настоящих патриотов

Наши дети

У яслях-садзе №1 г.п.Ушачы ўсё – атмасфера, узаемаадносіны і справы – вызначаюцца словамі: “Быць заўтра лепш, чым сёння”. На працягу апошніх сямі гадоў асноўным накірункам дзейнасці тут з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне дашкольнікаў. Сёлетні год стаў для педагогаў асабліва плённым, “рабочым”: на гэты час якраз прыпала самаатэстацыя ўстановы.
Мерапрыемства, на якое нядаўна сабраліся прадстаўнікі аддзела адукацыі райвыканкама, а таксама загадчыкі, метадысты, выхавацелі дашкольных устаноў, – гэта своеасаблівая творчая справаздача работнікаў ясляў-сада, падвядзенне вынікаў зробленага, напрацаванага. Знайсці цікавыя падыходы ў рабоце з дзецьмі па выхаванні патрыятызму, пераняць вопыт калег імкнуліся ўдзельнікі свята. А павучыцца ў іх, сапраўды, ёсць чаму!
Яшчэ да пачатку мерапрыемства кожны з тых, хто прыйшоў у яслі-сад №1, быў прыемна здзіўлены надзвычай цёплым прыёмам. На парозе ўстановы гасцей сустракалі хлопчык і дзяўчынка, апранутыя ў беларускія нацыянальныя касцюмы. Яны па-беларуску віталі дарослых, дарылі ім сувеніры і шчыра запрашалі на свята.  
Напачатку мерапрыемства перад прысутнымі выступіла загадчык ясляў-сада Л.Я.Федарэнка, якая прэзентавала навучальную ўстанову, расказала пра асноўныя дасягненні выхаванцаў. Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Н.П.Мялешка пазнаёміла прысутных з асаблівасцямі работы педагогаў сада па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дашкольнікаў. А ўдзячныя маленькія гаспадары прадэманстравалі свае веды па гісторыі і культуры Беларусі, Ушаччыны падчас гульні “Брэйн-рынг”, заняткаў “Дзень нараджэння Лялькі Надзейкі”. Уразіла тое, што дашкольнікі на вельмі высокім узроўні валодаюць беларускай мовай, спакойна карыстаюцца ёй.
На “ўра” ўспрынялі госці і экскурсію па навучальнай установе, якую праводзілі самі дзеці. Нехта расказваў пра сябе, нехта знаёміў з распарадкам дня ў групе.
Заключны канцэрт “Радзіма ў нас лагодная” атрымаўся цікавым і змястоўным. У ім былі прадстаўлены амаль усе фальклорныя жанры, было шмат нацыянальных танцаў, песень, карагодаў, музыкі. А напрыканцы канцэрта, таксама па даўняй добрай традыцыі, “артысты” запрасілі гледачоў на “Польку”, і некалькі хвілін скакалі ўсе, а эмоцыі, якія перапаўнялі дзяцей і дарослых, былі самыя ўзнёслыя.
Усе былі ў захапленні ад убачанага і пачутага. А гэта і ёсць лепшае пацвярджэнне таго, што ва ўстанове працуюць таленавітыя, ініцыятыўныя людзі, якія, дзякуючы сваім ведам, вопыту імкнуцца развіваць патрыятызм, творчыя здольнасці давераных ім дзетак, выхоўваць іх людзьмі інтэлігентнымі і культурнымі ва ўсіх адносінах.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *