Озеленитель Ушачского УП ЖКХ Оксана Бородич — настоящая королева цветочного царства

Общество

“А што гэта за загадкавае ружовае святло на трэцім паверсе КБА гарыць?” – такое пытанне неаднаразова чула ад ушачан, што гуляюць прыцемкам па цэнтральнай плошчы. Разгадаць гэту невялікую таямніцу дапамагло знаёмства з азеляніцелем Ушацкага УП ЖКГ Аксанай Бародзіч: размова наша пачалася якраз у тым самым памяшканні, вокны якога штоноч свецяцца “неонам”.

Аказалася, тут абсталявана аранжарэя, дзе ў промнях новых святлодыёдных лямпаў песцяцца парасткі кветак, якія ў хуткім часе ўпрыгожаць ушацкія клумбы. У дзвюх тысячах пластыкавых слоікаў набіраюцца моцы самыя розныя адналетнікі. А маладая гаспадыня кветкавага царства гатова бясконца распавядаць пра сваіх зялёных гадаванцаў. Зрэшты, не толькі зялёных: у афарбоўцы яе любімых колеусаў пераважае бардовы колер. “Паглядзіце, якія прыгажуны! Тут каля дзясятка гатункаў: гэты, напрыклад, называецца “Аватар”, – дэманструе Аксана самы пышны кусцік. Колеус, які хутка расце і лёгка чаранкуецца, на ўшацкіх клумбах з’явіцца ўпершыню, як, зрэшты, і элегантная бругманcія. На гарадскіх кветніках іх сустрэнеш рэдка, на зіму такія расліны варта “перасяляць” у гаршкі, а гэта досыць карпатлівая справа. Дэбютуюць у нас сёлета таксама фіялетавая лабулярыя, астэаспермум. Закуплены калы і вяргіні, у тым ліку нізкарослыя. Дапоўняць палітру і лілеі, што пераехалі з уласнага палісаду азеляніцеля.

Дарэчы, дом Аксаны непадалёк ад адміністрацыйнага будынка камунгаса, і калі, прачытаўшы ў “Патрыёце” перад леташнім сезонам аб’яву аб вакансіі азеляніцеля, дзяўчына прыйшла ў ЖКГ, дырэктар Андрэй Сідзюк без ваганняў даў згоду на ўладкаванне: “Я бачыў Ваш квітнеючы падворак – Вы дакладна справіцеся!”

“Безумоўна, я хвалявалася: да мяне на гэтым месцы працавала вельмі вопытная і захопленая справай Святлана Васільеўна Ісаева, да якой я першым часам пастаянна звярталася за парадамі. У мяне няма спецыяльнай адукацыі (па прафесіі я – юрыст), але з дзяцінства расла сярод кветак на бацькоўскай сядзібе ў Чарсцвядах. Адабрае маё захапленне муж Андрэй, які, дарэчы, працуе ў ЖКГ трактарыстам. Дапамагае па доме і радуе добрай вучобай сын Паша, а маленькая дачушка Маша мінулым летам ужо нават палівала са мной ушацкія клумбы!” – дзеліцца з намі Аксана.

А яшчэ расказвае пра моцную падтрымку з боку адміністрацыі. Работніца разумее, што не так шмат у арганізацыі вольных сродкаў, і звяртаецца да намесніка дырэктара Вольгі Шчэрбік толькі з самымі надзённымі просьбамі. Як ужо прыгадвалася, было вырашана пытанне з новым асвятленнем, забяспечылі расаду і якасным грунтам, які, дарэчы, набылі ў нашых газавікоў, закупілі неабходнае насенне.

Вельмі хочацца, каб ушачане шанавалі нялёгкую працу камунальнікаў і не псавалі насаджэнні. Зрэшты, беспакарана “вандальнічаць” ужо і не атрымаецца: лічы што ўсе клумбы праглядаюцца на камерах.

А галоўнае, зараз у распараджэнні азеляніцеля аж тры цяпліцы, тады як пару год таму ў камунгасе была толькі адна. Аксана, канечне, захацела нам паказаць і гэтую частку сваёй гаспадаркі, дзе падрастаюць яшчэ пару тысяч кветак – віолы, цэнерарыі, гацаніі, петуніі, аксаміткі хутка адправяцца на клумбы. Адзін з парнікоў ацяпляецца трубамі, што ідуць ад цэнтральнай кацельні, ля якой стаяць цяпліцы, так што тут расліны добра сябе адчуваюць, нават калі звонку – мінус 5-7.

Магчыма, нехта думае, што азеляніцель – прафесія сезонная, але адпачыць яны могуць хіба што ў снежні, калі звычайна і ідуць у водпуск. Зрэшты, нават тады Аксане даводзілася па некалькі разоў на тыдні адпраўляцца ў аранжарэю, каб паліць кветкі, што зімуюць у гаршках. У студзені распачынаюцца пасадкі, пікіроўкі, а варта ж яшчэ сачыць, каб не развяліся кляшчы, белакрылка ды тля. І ўсё ж самы гарачы месяц – май, калі трэба аформіць гарадскія кветнікі. Яны сёлета захаваюцца на ўсіх звыклых месцах, разглядаецца таксама магчымасць стварыць новую альпійскую горку на Віцебскай. Канечне, у гэты час на дапамогу азеляніцелю прыйдуць іншыя работнікі камунгаса. Вельмі шмат клопатаў летам, калі трэба паліваць і палоць, а восенню неабходна падрыхтаваць усё да зімоўкі, выбраць насенне, каб максімальна зэканоміць сродкі на наступны год. Апроч кветак догляду патрабуюць дэкаратыўныя дрэвы, якіх у райцэнтры больш за тысячу, незлічоныя ядлоўцы, спірэі, дуброўкі, барбарысы…

Што і казаць, работы ў азеляніцеля і яго памагатых шмат, але відавочна, што гэта справа ў надзейных руках і камунальнікі будуць старацца, каб мы з вамі атрымлівалі эстэтычную асалоду ад выгляду ўшацкіх вуліц і двароў, выслухвалі кампліменты гасцей пра наш прыгожы квітнеючы пасёлак.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *