Молодёжь Ушачского, Лепельского, Полоцкого районов и Новополоцка приняла участие в патриотическом форуме «Партизанскими тропами»

Образование и молодежь Общество

“Прачытаць пра гістарычную падзею ў падручніку – гэта адно. Непасрэдна ж пабываць на месцы, дзе ўсё адбывалася, з вуснаў сведак, іх нашчадкаў пачуць успаміны, кранальныя сямейныя гісторыі – зусім другое”, – не хавалі эмоцый удзельнікі патрыятычнага форуму “Партызанскімі сцежкамі”, які 5 мая сабраў на мемарыяльным комплексе “Прарыў” моладзь з Наваполацка, Лепельскага, Полацкага і Ушацкага раёнаў.

Падчас урачыстага адкрыцця форуму старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч нагадала пра падзеі, што адбываліся ў гэтым месцы 79 год таму, выказала спадзяванне, што памяць нашчадкаў будзе жыць вечна. Канкрэтна ж пра гэты візіт на Ушаччыну гасцям будуць нагадваць сімвалічныя сувеніры ў салдацкіх рэчмяшках, якія Наталля Мікалаеўна ўручыла дэлегацыям. Прыемны бонус чакаў і юных гаспадароў сустрэчы – дыпломамі сектара спорту і турызму райвыканкама, салодкімі пачастункамі адзначаны пераможцы, прызёры лёгкаатлетычнай эстафеты, якая праходзіла ў гэты дзень па маршруце Ушачы – “Прарыў”.

Удзельнікі ўрачыстасці ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання, усклалі кветкі да вечнага агню. Узнёслых эмоцый дадалі песні ваенных часоў, а таксама “Пераможны вальс” пад эгідай РГА “Белая Русь” ад культработнікаў і юных самадзейных артыстаў.

Наступны этап праграмы – квест-гульня “Рубяжы Перамогі”. На пляцоўцы ваеннай тэхнікі камандам неабходна было адшукаць схаваны элемент, на “Плошчы памяці” – хутка зарыентавацца ў прозвішчах увекавечаных на плітах воінаў, у зямлянках – вызначыць па фотаздымках гістарычных асоб, а ў лясной школе адказаць на пытанні віктарыны. “Нам пашанцавала: на супрацьтанкавай пушцы ўзору 1937 года не так многа месцаў для “схованкі”, – радаваліся ўшачане, сярод якіх – школьнікі, члены Маладзёжнай палаты і савета працоўнай моладзі. – Ды і з тэорыяй справіліся, частка пытанняў датычылася дзейнасці Героя Савецкага Саюза Ф.Ф.Дуброўскага, прадзеда прадстаўніцы нашай каманды”. Усе ўдзельнікі квесту былі адзначаны дыпломамі і караваямі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Першынствавалі ж тут прадстаўнікі Наваполацка, якія прайшлі маршрут з лепшым часам.

У рамках акцыі “Раскажу пра дзедаву Перамогу” маладыя людзі ярка, з творчымі адступленнямі расказвалі пра былых франтавікоў і партызан, якія жылі ў іх мясцовасці. Выступленне ж Дзіяны Калбасавай запомнілася ўсім асабліва: пра блізкага чалавека – генерал-маёра Фёдара Фаміча – ушачанка гаварыла шчымліва, з цікавымі жыццёвымі падрабязнасцямі. Не ўсе, напрыклад, ведалі, што Ф.Ф.Дуброўскі рана застаўся без бацькі, пісаць і чытаць вучыўся сам, з 11-гадовага ўзросту зарабляў на хлеб у памешчыка. Ацанілі і хітрасць, на якую пайшоў у гады вайны: каб фашысты не здагадаліся, што яго маці, жонка і трое дзяцей, якія жылі ў Старым Сяле, – родныя партызанскага камандзіра, змяніў прозвішча на Дубава. Некаторы час варожая разведка лічыла, што існуе дзве брыгады: Дуброўскага і Дубава.

Не менш змястоўнай аказалася прэзентацыя буклетаў “У вайны не жаночае аблічча” – удзельнікі форуму сабралі партрэты вядомых жанчын Віцебшчыны, якія праявілі гераізм у гады Вялікай Айчыннай. Ад ушачан слова трымала Дар’я Кісель, якая расказала пра Надзею Касцючэнка і яе самаахвярны подзвіг, здзейснены 8 чэрвеня 1943-га, калі ёй было 19 гадоў. Усе матэрыялы перададзены ў фонды музея народнай славы імя У.Е.Лабанка.

Прыемнай аказалася для юнакоў і дзяўчат сустрэча з прадстаўнікамі Мотасадружнасці з Полацкага рэгіёну – байкеры завіталі на “Прарыў” у рамках штогадовага патрыятычнага прабегу. Падмацаваць сілы можна было на палявой кухні – грэчка з тушонкай, гарачы чай разляталіся на ўра! Ну а бліжэй да вечара ўдзельнікі форуму сабраліся ля салдацкага вогнішча, якое ў далёкім 1944-м сагравала іх равеснікаў. Усе шчыра перажывалі за герояў тэатралізаванага дзейства, разам з імі спявалі “Кацюшу”.

Яшчэ больш вакальных нумароў было ў раённым цэнтры культуры, куды пасля наведвання музея запрасілі маладых людзей. У канцэрце “Пераможная песня за намі!” прынялі ўдзел калектывы не толькі нашага раёна, але і землякі гасцей форуму. “Уражанні перапаўняюць! – казалі на развітанне тыя, каму несці эстафету памяці, перадаваць яе новым пакаленням. – Спадзяемся: праз год сустрэнемся на Ушаччыне зноў, ды яшчэ большым саставам”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *