В июне 1941-го

Общество

Была сонечная нядзельная раніца, людзі займаліся звычайнымі справамі. Іх спыніла паведамленне, што на нашу краіну вераломна напаў вораг. У гэты ж дзень дзе-нідзе пачуліся першыя выбухі скінутых з самалётаў бомб. Так да нас увачавідкі прыйшла вайна… Відавочцы і зараз з болем прыгадваюць вогненны чэрвень 1941-га. Сваімі ўспамінамі напярэдадні 70-гадовага юбілею гэтай крывавай даты падзяліўся з намі ветэран вайны, жыхар вёскі Бутава Міхаіл Фёдаравіч Аўсіевіч:

– Пачатак вайны я сустрэў пад Полацкам. Там, у пасёлку Малое Сітна, знаходзілася вучылішча, навучэнцам якога з’яўляўся. Было мне тады 17 гадоў. У армію мяне не забралі, хаця да 18-годдзя заставалася зусім крышачку: усяго два з паловай месяцы. І я застаўся…
У першыя ж дні вайны немцы пачалі бамбіць Полацкі раён. Наша вучылішча закрылі, а нам, хто займаўся, сказалі разыходзіцца. Дзявацца не было куды – пагаварылі, пабедавалі і пайшлі па дамах. Пешшу ішоў з-пад Полацка ў роднае Бутава. Прама ў рукі немцаў.
Памятаю, як адступала Чырвоная Армія. Бачыў гэта на свае вочы. Па дарогах ехалі так званыя “эмкі”, або “палутаркі”, – невялікія машыны. Барты ў іх былі абстаўлены беразняком. У “эмках” сядзелі нашы вайскоўцы. З сумам назіраў, як яны ад’язджалі. Аднак верыў, што хутка наша армія разаб’е ворага.
А немцы лютавалі… Яны бязлітасна вешалі і стралялі людзей, палілі вёскі. Я не мог спакойна глядзець на ўсё гэта, вырашыў пайсці да партызанаў. Трапіў у брыгаду Дубава, якая пэўны час дыслацыравалася ў Істопішчах, непадалёк ад Завячэлля. Менавіта там пачынаўся мой баявы шлях. Уліліся ў партызанскі рух і многія мае аднавяскоўцы.
Далей былі доўгія дні няпростай барацьбы з ворагам. Многае перажыта: забойствы, смерць, параненыя блізкія людзі… Аднак менавіта пачатак вайны – чэрвень 41-га – напэўна, найбольш ярка ўрэзаўся ў памяць.
Неяк цяжка ўжо ўявіць, што ўсё гэта адбывалася тут, на ушацкай зямлі, 70 гадоў назад. Шмат часу мінула з той пары, калі вярнуўся салдат да сваіх вытокаў, памяняў меч на арала. І зноў на зямлі лета. Колькі разоў паўтараецца яно ў яго жыцці і кожны раз прыходзіць па-новаму, з новымі надзеямі на заўтрашні дзень. І таму, гледзячы ў чэрвеньскае сіняе неба, шэпча ветэран заклінанне: “Няхай ніколі не паўторыцца вайна!”
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *